Ініцыятыўнай групе правядзеньня рэфэрэндуму пра лёс акумулятарнага заводу адмовілі ў рэгістрацыі, нягледзячы на абяцаньні Лукашэнкі

Пратэст супраць вытворчасьці акумулятараў каля Берасьця, архіўнае фота.

Тэльмінскі сельскі выканкам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы дзеля правядзеньня рэферэндуму пра лёс акумулятарнага заводу пад Берасьцем.

Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк.

Паводле яго словаў, чыноўнікі аргумэнтавалі адмову тым, што ў іх кампэтэнцыю не ўваходзіць пытаньне разьмяшчэньня і эксплюатацыі заводу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паспрабуем правесьці рэфэрэндум». Што стала з «акумулятарным» пратэстам у Берасьці

Летась 22 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з грамадзкасьцю Берасьця, на якой прысутнічалі і праціўнікі прадпрыемства, паабяцаў правесьці рэфэрэндум адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

У кастрычніку пра надзённасьць і актуальнасьць пытаньня казала і кіраўніцтва Берасьцейскага аблвыканкаму.

Аднак напярэдадні стала вядома, што адмысловая міжведамасная камісія прызнала вытворчасьць «бясьпечнай і надзейнай». Іншымі словамі, перашкодаў для аднаўленьня дзейнасьці няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акумулятарны завод пад Берасьцем прызналі «бясьпечным і надзейным» 

Адзін з уладальнікаў «Акумулятарнага Альянсу», які займаецца ўзьвядзеньнем і эксплюатацыяй аб’екта, — хакейны функцыянэр Дзьмітры Баскаў, падазраваны ў датычнасьці да выкраданьня актывіста і мастака Рамана Бандарэнкі.