Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акумулятарны завод пад Берасьцем прызналі «бясьпечным і надзейным» 


Пікет праціўнікаў акумулятарнага заводу, архіўнае фота

Камісія па ўводу ў эксплюатацыю акумулятарнага заводу пад Берасьцем завяршыла працу. Прадпрыемства атрымала поўны пакет дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць адпаведнасьць патрабаваньням экалягічнай бясьпекі і надзейнасьці. Пра гэта паведаміў «Акумулятарны Альянс».

Пуска-наладачныя працы на заводзе стартавалі ў пачатку кастрычніка мінулага году, нагадвае Tut.by. Спэцыялісты правялі індывідуальныя і комплексныя выпрабаваньні тэхналягічнага абсталяваньня і інжынэрных сетак.

«Вынікі вымярэньняў паказалі адпаведнасьць фактычных канцэнтрацый выкідаў, са шматразовым запасам, вызначаных нарматывам дапушчальных выкідаў — асабліва па сьвінцу і яго злучэньнях, а таксама сернай кіслаце», — паведамілі на прадпрыемстве.

Акрамя таго, работнікі абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі правялі лябараторныя выпрабаваньні хімічных фактараў вытворчага асяродзьдзя на працоўных месцах. Пацьверджана поўная адпаведнасьць умоваў для пэрсаналу.

Летась Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з праціўнікамі акумулятарнага заводу паабяцаў, што лёс вытворчасьці вырашыць мясцовы рэфэрэндум. Апошні раз берасьцейцы кантактавалі з намесьнікам старшыні аблвыканкаму Генадзем Барысюком летась у кастрычніку. Ён пацьвердзіў, што ўлада «не адмаўляецца ад сваіх абавязаньняў».

Праваабаронца Раман Кісьляк паведаміў парталу, што ў гэтым напрамку ідзе адпаведная праца.

«Маем намер сабраць як мага больш чальцоў у ініцыятыўную групу і падаць дакумэнты на рэгістрацыю ў гарвыканкам. Наша прапанова — правесьці мясцовы рэфэрэндум на тэрыторыі Берасьця і Тэльмінскага сельсавету, дзе разьмяшчаецца прадпрыемства. Пытаньне прапануем такое: „Ці згодныя вы на эксплюатацыю ў непасрэднай блізкасьці да гораду заводу сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй?“. На днях павінны атрымаць адказ ад сельвыканкаму аб рэгістрацыі групы».

Будаўніцтва акумулятарнага заводу выклікала хвалю незадаволенасьці ў жыхароў Берасьця і навакольных вёсак. Людзі лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю.

14 чэрвеня 2019 году старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс распарадзіўся прыпыніць будаўніцтва заводу «да ліквідацыі выяўленых парушэньняў».

Налета ТАА «АйПаўэр» было выведзена з-пад кантролю Групы кампаній 1AK-GROUP — прадалі 100% доляў у статутным фондзе. У выніку завод атрымаў назву «Акумулятарны Альянс». 85% кампаніі належаць бізнэсоўцу Сяргею Кагановічу, 15% — хакейнаму функцыянэру Дзьмітрыю Баскаву.

Летась у канцы верасьня распараджэньне кіраўніка аблвыканкаму аб прыпыненьні будаўніцтва акумулятарнага заводу страціла сілу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG