Тэрмін утрыманьня пад вартай журналіста Андрэя Аляксандрава падоўжылі да 12 траўня

Андрэй Аляксандраў

Тэрмін утрыманьня пад вартай журналіста і мэдыямэнэджэра Андрэя Аляксандрава падоўжаны на два месяцы — да 12 траўня, паведаміў БелаПАН яго адвакат Антон Гашынскі

Паводле Гашынскага, Аляксандраў трымаецца добра, сьледчыя дзеяньні зь яго ўдзелам цяпер не праводзяцца. Журналіст шмат чытае, займаецца спортам, ходзіць на прагулкі. Лісты яму даходзяць з затрымкай у два тыдні.

Аляксандраў і ягоная дзяўчына Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня. Іх падазраюць у фінансаваньні пратэстнай дзейнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная арганізацыя Front Line Defenders патрабуе вызваленьня беларускага журналіста Аляксандрава

«Устаноўлена, што 42-гадовы Андрэй Аляксандраў і яго 31-гадовая сужыцелька Ірына Злобіна са жніўня 2020 гады займаліся фінансаваньнем асобаў, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках і іншых пратэставых акцыях на тэрыторыі гораду Менску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампэнсацыяў утрыманьня ў ЦІП і ІЧУ і гэтак далей», — заявіў намесьнік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч.

Паводле яго, з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў на розныя прозьвішчы. Грошы на гэта даваў фонд By_Help.

«У дадзеным выпадку Аляксандраў займаўся праваабарончай дабрачыннай дзейнасьцю, таму што грошы былі сабраныя людзьмі, для таго каб некаму дапамагаць. Гэта законная дзейнасьць. У дадзеным выпадку нават з боку падатковых органаў не магло быць ніякіх пытаньняў», — цытуе БелаПАН праваабаронцу Валянціна Стэфановіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты