Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная арганізацыя Front Line Defenders патрабуе вызваленьня беларускага журналіста Аляксандрава


Праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders выступіла з заявай, у якой заклікала беларускія ўлады спыніць крымінальны перасьлед мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава.

Журналіста і праваабаронцу затрымалі 12 студзеня праз падазрэньне ў «навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаваньні і матэрыяльным забесьпячэньні такой дзейнасьці».

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, яго вінавацяць у фінансаваньні пратэстаў шляхам выплаты штрафаў і кампэнсацыі выдаткаў за знаходжаньне ў ізалятарах удзельнікаў акцый пратэсту. Таксама затрымалі ягоную партнэрку Ірыну Злобіну.

Front Line Defenders выказвае занепакоенасьць неадэкватнасьцю выстаўленых абвінавачаньняў у адрас Андрэя Аляксандрава.

«Затрыманьне Андрэя Аляксандрава наступіла ўсьлед за выпадкамі рэпрэсій і судовага перасьледу праваабаронцаў і журналістаў прадстаўнікамі праваахоўных органаў Беларусі пасьля абвяшчэньня 9 жніўня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў», — адзначаецца ў заяве.

Арганізацыя Front Line Defenders заклікае ўлады Беларусі:

  • Забясьпечыць неадкладнае і безумоўнае вызваленьне Андрэя Аляксандрава і гарантаваць яго фізычную і псыхалягічную бясьпеку і недатыкальнасьць.
  • Спыніць крымінальны перасьлед Андрэя Аляксандрава, бо ён займаўся выключна законнай і мірнай праваабарончай дзейнасьцю.
  • Адмовіцца ад практыкі судовага перасьледу праваабаронцаў, якія аказваюць дапамогу затрыманым мірным дэманстрантам.
  • Гарантаваць праваабарончую дзейнасьць у любых абставінах без абмежаваньняў і бяз страху помсты, у тым ліку бяз рызыкі судовага перасьледу.

Андрэй Аляксандраў — праваабаронца і мэдыямэнэджар. У 2009-2012 гадах быў намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, з 2014-га да 2018-га — намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Таксама працаваў у міжнародных арганізацыях Index on Censorship і Article 19.

Ён заснавальнік і галоўны рэдактар выданьня «Белорусский журнал». Як кваліфікаваны экспэрт у галіне СМІ Андрэй Аляксандраў праводзіць трэнінгі для журналістаў і рэдактараў у Беларусі і за мяжой, а таксама кансультуе шэраг мэдыяпраектаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG