Беларусь атрымала арыгінальнае выданьне кнігі Сімяона Полацкага ХVII стагодзьдзя

Кнігі Сімяона Полацкага ў музэі беларускага кнігадрукаваньня

Расея перадала Беларусі кнігу «Жазло праўленьня» 1667 году выданьня. Адно з такіх выданьняў знаходзіцца ў арыштаванай сілавікамі калекцыі «Белгазпрамбанку».

Урачыстая цырымонія адбылася ў Маскве падчас сустрэчы амбасадара Беларусі Ўладзімера Сямашкі з архімандрытам Алегам, які ўзначальвае дабрачыньне Расейскай праваслаўнай царквы ў Тайляндзе, паведаміла БелТА.

«Жазло праўленьня» выдалі ў 1667 годзе паводле пастановы Вялікага Маскоўскага царкоўнага сабору. Гэтая праца лічыцца літаратурна апрацаваным адказам на заўвагі і прэтэнзіі старавераў, якія выступалі супраць царкоўных рэформаў 1650-х гадоў.

Кніга Сімяона Полацкага знаходзілася ў прыватнай бібліятэцы адной з парафіянак храму ў Растове-на-Доне. Пасьля сьмерці прыхаджанка адпісала свае кніжныя зборы архімандрыту Алегу, які ў той час служыў у горадзе. Рэдкая кніга, як палічыў архімандрыт, павінна належаць Беларусі. Ён толькі пажадаў, каб яна ня трапіла ў прыватную калекцыю, а была скарбам усяго народу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: люты

Уладзімер Сямашка адзначыў, што, хутчэй за ўсё, рарытэт адправяць на захаваньне ў Полацак.

У 2013 годзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала і выпусьціла двухтомнае факсымільнае выданьне кнігі Сімяона Полацкага. Першы том зьмяшчае якаснае ўзнаўленьне арыгіналу, удалося максымальна аднавіць яго зьнешні выгляд і структуру. У другім томе — навуковы нарыс пра значэньне «Жазла праўленьня» і публікацыя яго тэксту, у тым ліку ў перакладзе на сучасныя беларускую і расейскую мовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары Глыбокага ў складчыну набылі рарытэтную паштоўку ды падарылі музэю

Адно з выданьняў «Жазла праўленьня» знаходзілася ў калекцыі «Белгазпрамбанку» разам з «Малой падарожнай кніжкай» Францішка Скарыны 1522 году выданьня. Яны разам выстаўляліся ў галерэі «Арт-Беларусь». Калекцыю вынялі сілавікі, каб далучыць да крымінальнай справы супраць Віктара Бабарыкі і топ-мэнэджараў банку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта рэйдэрскі захоп». Дзе цяпер мастацкая калекцыя «Белгазпрамбанку» з карцінамі Шагала і Суціна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У беларускай кнігі вялікі патэнцыял». Размова з выдаўцом Андрэем Янушкевічам