Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: люты


Джон Ўільям Ўотэргаўс «Дэкамэрон» (1916)
Джон Ўільям Ўотэргаўс «Дэкамэрон» (1916)

У нашым штомесячным Літаратурным календары — агляд кніжных навінак лютага 2021.

Калі ў папярэднія гады ўрад краіны вызначаў беларускай кнізе месца падчаркі ў родным доме, то сёлета ўладны айчым і ўвогуле абвясьціў яе сваім асабістым ворагам. І робіць усё, каб і падданыя паверылі ў небясьпеку беларускай кнігі. Вобшукі, ператрусы, блякаваньне рахункаў паралізавала дзейнасьць некалькіх пасьпяховых выдавецтваў і кнігараспаўсюднікаў. Пакуль — на шчасьце чытачоў — ня ўсіх.

Паэзія

Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў. «На тонкай нітачцы». Менск, «Галіяфы».

Аўтар кніг «Паміж небам і багнаю» (1997) і «Эстэтыка маўчаньня» (2011) не сьпяшаецца, як бачым, да чытача. За чвэрць стагодзьдзя «На тонкай нітачцы» — толькі трэцяя кніга паэта. Яна спалучае ў сабе непасрэднасьць сьветасузіраньня з глыбінёй філязофскіх абагульненьняў. Што, безумоўна, зьвязана з адукацыяй і заняткамі Алеся Дуброўскага-Сарочанкава. Філялягічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту, тамсама магістратура і асьпірантура, Тэалягічны інстытут Саюзу хрысьціян веры эвангельскай, навуковыя ступені кандыдата філялягічных навук і доктара тэалёгіі, выкладчыцкая праца і прэсьвітэрская служба — такая біяграфія робіць ягоную творчасьць адметнай на тле сучаснай беларускай паэзіі.

Пражываючы дні
паміраючы ўночы
па шляхах сваіх крочым
мы заўсёды адны

За дзьвярыма сьцяна
за акном сьнежань белы
і плянэта зьнямела
бо плянэта адна

Бо глыбокае дно
ў гэтым вусьцішным моры
сярод чорнай прасторы
нават сонца адно

І мільярды гадзін
бы маўклівыя воды
БОГ самотны заўсёды
БОГ заўсёды адзін

Павал Міхалькевіч. «Марла Зінгер». Менск, «Галіяфы».

«Марла Зінгер» — другая кніга Паўла Міхалькевіча пасьля дэбютнай «Чорнай архідэі» . Гэта дзьвюхмоўная кніга-перакрутка, якую можна чытаць з двух бакоў. Цэнтральнае месца ў расейскамоўным разьдзеле зборніка займае цыкль «Дэгенэратыўнае», які нібыта адсылае чытача ў сумныя, дзіўныя часы першай паловы мінулага стагодзьдзя, не асэнсаваныя да канца. Абедзьве часткі зборніка замыкаюць лісты-звароты да загадкавай спадарыні Зінгер… Ну, а Чорная Архідэя — яна дагэтуль зь лірычна-камічна-самаіранічным героем.

Павал Дарохін. «Дэкодэр цішыні». Менск, «Галіяфы».

Прафэсійнаму мастаку-ілюстратару, кандыдату мастацтвазнаўства, рэфэрэнту-перакладчыку цесна ў гэтых іпастасях, і ён спрабуе сябе яшчэ і ў прыгожым пісьменстве. Скончыў Школу маладога літаратара пры СБП і вось выдае дэбютны зборнік. Які, зразумела, сам і аздобіў. У ім вершы 2006–2020 гадоў.

Проза

Ганна Севярынец. «Мая школа». Менск, «Лімарыюс».

Новая кніга вядомай дасьледчыцы беларускай літаратуры эпохі сталінізму і апальнай школьнай выкладчыцы расказвае пра суровыя, сьмешныя, а почасту недарэчныя будні сучаснай беларускай школы. Гэта зборнік апавяданьняў зь сюжэтамі пра тыповыя пазнавальныя сытуацыі, якія цяпер перажываюць і вучні, і настаўнікі.

Фэлікс Акерман. «Аўташкола па-віленску». Пераклад зь нямецкай Алены Талапілы. Менск, «Логвінаў».

Пажыўшы ў Горадні, Варшаве і Вільні ды размаўляючы на мовах гэтых гарадоў, нямецкі гісторык і падарожнік Фэлікс Акерман прапаноўвае ўнікальную пэрспэктыву нашага кутка Эўропы. І паўсюль ён бачыць стракатае шматмоўнае асяродзьдзе, якое трошкі адрозьніваецца ад літоўскіх, беларускіх і польскіх мараў. Чытачы ўбачаць, як Фэлікс здае экзамэн на правы кіроўцы, працуе ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, вучыць літоўскую мову, парыцца ў лазьні ды абмяркоўвае зь мясцовымі жыхарамі, якою яны бачаць будучыню краіны і рэгіёну. У аўтарскія замалёўкі ўплеценыя гісторыі беларусаў, літоўцаў, габрэяў, караімаў, прусаў, немцаў, брытанцаў, сырыйцаў — і з гэтай мяшанкі паўстае неадназначны, але бліскучы вобраз сучаснай Эўропы.

Нон-фікшн

Сяргей Тарасаў. «Еўфрасіньня. Офрасіньня. Афрасіньня. Яе час — яе крыж». Менск, «Цымбераў».

Выбітны дасьледчык гісторыі Полацкага княства Сяргей Тарасаў прызнаецца, што пісаў гэтую кнігу з 1975 году. Фактычна, з часу, калі яшчэ школьнікам пачаў спасьцігаць таямніцы беларускай даўніны. У якой адразу ж вылучыў надзвычайную ролю і значнасьць першай усходнеславянскай асьветніцы.

У назву кнігі аўтар заклаў усе вядомыя яму на сёньня варыянты імя славутай полацкай князёўны-манашкі — Еўфрасіньня, Офрасіньня, Афрасіньня.

Кніга — ня спроба нешта «абрынуць». Кніга — дадаць, быць разам з нашай Сьвятой Афрасіньняй (Офрасіньняй). Паспрабаваць жыць так, як Яна жыла са сваім часам і з намі, — зазначае спадар Тарасаў і дадае: — «І, безумоўна, жыве. Куды ж мы безь ЯЕ?!»

Дзякуючы грунтоўным ведам навукоўца шмат якія зьвесткі выкладзеныя ўпершыню, а вядомыя пададзеныя ў нечаканай трактоўцы. Гэта, у спалучэньні з бліскучым талентам літаратара, гарантуе кнізе несумненны посьпех.

Карлас Шэрман. «Блуканец». Менск, «Медысонт».

Дарада зь Ля Пляты — нішто ў параўнаньні зь лінём, злоўленым у Прыпяці. Гэты рыбны вобраз далёкай краіны, пра якую расказваў бацька, будзіў ва ўяўленьні народжанага ва Ўругваі хлопчыка казачныя відзежы пра невядомую Беларусь. І ўрэшце ён пакінуў радзіму і прыехаў на Бацькаўшчыну. Праз шмат гадоў, пішучы свае ўспаміны, Карлас Шэрман прызнаецца, што несупадзеньне сэнсаў радзімы і бацькаўшчыны назаўсёды разаб’е яму душу. «На паўжыцьця так і застаўся я з разьбітаю душою, не зусім чужым і не зусім сваім».

Гэта пачуцьці чалавека, стан якога найбольш дакладна і выяўляе слова «блуканец». Што для многіх, хто добра ведаў паэта, перакладчыка, грамадзкага дзеяча, аднаго са стваральнікаў і шматгадовага віцэ-прэзыдэнта Беларускага ПЭН-цэнтру, сталася пэўнай нечаканкай. Бо ў ягоных паводзінах, прамовах, вершах, эсэ і перакладах заўсёды адчувалася трывога, клопат і дбаньне пра Беларусь. Дый шмат іншых адкрыцьцяў чакаюць чытача на старонках перадсьмяротных мэмуараў неардынарнае асобы — Карласа Шэрмана.

Зьміцер Саўка. «Іншамоўныя найменьні ў беларускім тэксьце». Менск, «Тэхналёгія».

Даведнік, распрацаваны Зьмітром Саўкам, зьмяшчае інструкцыі для перадачы па-беларуску іншамоўных найменьняў: імёнаў, тапонімаў ды іншых уласных назваў — тых адзінак, напісаньне якіх практычна не рэгулюецца падручнікамі і слоўнікамі. Сярод трох дзясяткаў табліцаў — правілы практычнай транскрыпцыі для трыццаці адной мовы: ангельскай, нямецкай, гішпанскай, кітайскай, нідэрляндзкай, вугорскай, віетнамскай ды іншых. Адрасуецца перадусім журналістам, рэдактарам мэдыя, перакладчыкам, выдавецкім работнікам. Будзе карысная выкладчыкам, асьпірантам, студэнтам ВНУ, а таксама куратарам замежных выставаў і шырокаму колу працаўнікоў культуры і навукі.

Іван Насовіч. «Словарь белорусского наречия». Электроннае перавыданьне. Менск, «Тэхналёгія».

Электроннае перавыданьне галоўнага слоўніка беларускай мовы ХІХ ст. — клясычнай працы Івана Насовіча «Словарь белорусского наречия» (СПБ., 1870) — утрымлівае арыгінальны і асучасьнены рэестар, арыгінальны тэкст і дадаткі; дапоўнена матэрыяламі крытычнага, біяграфічнага і бібліяграфічнага характару. Выданьне забясьпечана магчымасьцю пошуку па тэксьце і па ключавых словах, падабраных да аўтарскіх расейскамоўных дэфініцый. Адрасавана мовазнаўцам, гісторыкам, этнографам, фальклярыстам і ўсім, хто цікавіцца беларускім словам.

Дзіцячыя кнігі

Элізабет Брамі і Эстэль Біён-Спаньнёль. «Дэклярацыя правоў дзяўчынак». Пераклад з францускай Алёны Трацьцяковай. Менск, «Koska».

Элізабет Брамі і Эстэль Біён-Спаньнёль. «Дэклярацыя правоў хлопчыкаў». Пераклад з францускай Алёны Трацьцяковай. Менск, «Koska».

Што мусяць ці зусім ня мусяць умець рабіць дзяўчынкі, а што — хлопчыкі? Чым займацца? Як апранацца? Зь якімі цацкамі гуляць? Якую прафэсію выбраць?

Хлопчыкі маюць права ня ўмець забіваць цьвікі і мяняць аліву ў машыне, плакаць і ныць, а таксама быць паслухмянымі, сарамлівымі і баязьлівымі, мець добрыя адзнакі па мове і літаратуры і ня вельмі цяміць у матэматыцы, займацца балетам, граць на флейце ці арфе, плакаць у кіно, насіць доўгія валасы, косы і коскі, і ня быць супэргероямі кожны дзень.

Дзяўчынкі могуць быць раскудлачанымі ды падрапанымі, лазіць па дрэвах, будаваць дамкі і забірацца на агароджы, абіраць сабе любую прафэсію, займацца дзюдо, стральбой з лука, боксам, футболам ды фэхтаваньнем, ня ўмець шыць, вязаць, прыбіраць і ня быць прынцэсамі кожны дзень.

Элізабет Брамі і Эстэль Біён-Спаньнёль. «Дэклярацыя правоў мам і татаў». Пераклад з францускай Алёны Трацьцяковай. Менск, «Koska».

Якімі павінны быць мамы, а якімі — таты? Як паводзіць сябе зь дзецьмі? Як бавіць свой час?

Мамы маюць права быць неідэальнымі, памыляцца ды рабіць глупствы, права плакаць, раскісаць ды маркоціцца, права спакойна пачытаць, паразмаўляць па тэлефоне ды схадзіць на шпацыр, права бунтаваць, злавацца ды абурацца, права быць стомленымі і адпачываць пасьля працы.

Таты, таксама як і мамы, маюць права ня быць ідэальнымі і ня ведаць адказаў на пытаньні пра ўсё на сьвеце, права быць не ў гуморы, бурчаць і быць строгімі, права плакаць і быць расчуленымі, а таксама купацца ў пяшчоце, права пайсьці ў дэкрэт ці кароткі адпачынак, каб даглядаць сваіх дзяцей, права ня быць ні спартовымі, ні дужымі, ня мець ні залатых рук, ні аўтамабіля, ні матацыкла, ня быць супэргероямі кожны дзень, права прышываць гузікі, гатаваць ежу ды загружаць пральную машыну.

Мы ўсе маем права быць тымі, хто мы ёсьць!

Падзеі

12–13 лютага — Міжнародны паэтычны фэст «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова. З прычыны каранавіруснай пандэміі ўсе імпрэзы пройдуць толькі ў онлайн-фармаце.

18–21 лютага — XXVIII Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш (пр. Пераможцаў, 14). Недзяржаўныя выдавецтвы «Кнігазбор» і «Янушкевіч» ня могуць удзельнічаць у ёй праз заблякаваныя рахункі. Яшчэ блізу дзясятка выдавецтваў адмовіліся ад удзелу на знак салідарнасьці з рэпрэсаванымі калегамі.

21 лютага — Дзень роднай мовы. Традыцыйныя ў гэты дзень сустрэчы беларускіх літаратараў з чытачамі сёлета пройдуць пераважна ў онлайн-фармаце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG