Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Глыбокага ў складчыну набылі рарытэтную паштоўку ды падарылі музэю


На паштоўцы — гарадзкі краявід пачатку мінулага стагодзьдзя, якога сёньня ўжо ня ўбачыш.

Але паштоўка рарытэтная ня толькі з гэтае прычыны, апавёў мясцовы журналіст і краязнаўца Кастусь Шыталь:

Кастусь Шыталь
Кастусь Шыталь

«На паштоўцы — каляровы малюнак. Гэта расфарбаваны ўручную фатаздымак, які потым ужо раздрукоўваўся як наклад паштовак. Менавіта такой паштоўкі я раней ня бачыў, хоць тры розныя паштоўкі з падобнай сэрыі вядомыя мясцовым краязнаўцам. Я ўбачыў, што паштоўка прадаецца на аўкцыёне ў інтэрнэце, раіўся зь сябрамі, і мы вырашылі, што яе варта выкупіць — каб не ляжала бяз справы ў нейкай прыватнай калекцыі, а трапіла ў глыбоцкі музэй і яе бачылі людзі».

Паводле Кастуся Шыталя, уладальнік паштоўкі таксама набыў яе на нейкім аўкцыёне, і першапачатковы кошт, за які ён быў гатовы яе прадаць, быў 85 даляраў. Але пазьней кошт быў зьніжаны да 50 даляраў, і на аўкцыёне былі дзьве прапановы — ад гатовых набыць рарытэт за 51 і за 52 даляры. Менавіта апошнюю суму заплацілі глыбачане, а грошы сабралі ў складчыну, кажа спадар Кастусь:

«Частка грошай была ахвяравана сябрамі ды знаёмымі. Значную частку сумы ахвяраваў жыхар Санкт-Пецярбургу Павал Блышко, які нарадзіўся на Глыбоччыне і якраз у гэты час прыехаў на малую радзіму. Грошы ахвяравалі і невядомыя людзі: прыкладам, пасьля аб’яваў у глыбоцкіх суполках „Укантакце“ моладзь нам перадавала пэўныя сумы — не такія вялікія, але было вельмі прыемна, што людзі спрычыніліся да гэтай справы».

Падобных акцыяў па зборы сродкаў на нейкі мастацкі артэфакт у Глыбокім яшчэ не было. Першы досьвед выйшаў удалы. 15 студзеня яшчэ адзін удзельнік дабрачыннай ініцыятывы, краязнаўца Юры Калбасіч, перадаў паштоўку ў Глыбоцкі краязнаўча-этнаграфічны музэй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG