Большасьць прэтэндэнтаў на амэрыканскія візы, якім было адмоўлена ва ўезьдзе ў ЗША праз забарону, уведзеную былым прэзыдэнтам Дональдам Трампам, могуць папрасіць перагледзець прынятае рашэньне або падаць новыя заяўкі, паведаміў Дзярждэпартамэнт.
Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Прэзыдэнт Джо Байдэн скасаваў забарону, уведзеную ягоным папярэднікам Трампам, у першы дзень свайго прэзыдэнцтва, 20 студзеня 2021 году, назваўшы гэта ў сваёй заяве «плямай на нашым нацыянальным сумленьні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пачаўся суд над паліцыянтам у справе аб забойстве Джорджа ФлойдаЦяперашняе рашэньне Дзярждэпартамэнту — практычная рэалізацыя адпаведнага ўказу прэзыдэнта Байдэна.
Прадстаўнік Дзярждэпартаменту Нэд Прайс адзначыў, што заяўнікі, якім было адмоўлена ў візе да 20 студзеня 2020 году, мусяць падаць новыя заяўкі і аплаціць новы рэгістрацыйны збор. Паводле Прайса, тыя, каму было адмоўлена 20 студзеня 2020 году або пазьней, могуць запатрабаваць перагляду рашэньня без паўторнай падачы сваіх заявак і бяз выплаты рэгістрацыйнага збору.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША на цырымоніі Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу: Будзем дабівацца вызваленьня Калесьнікавай, іншых палітвязьняў БеларусіПаводле зьвестак Дзярждэпартамэнту, са сьнежня 2017 году каля 40 тысяч чалавек былі пазбаўленыя права ўезду ў Злучаныя Штаты ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта.
Пры папярэдняй адміністрацыі некаторыя краіны былі ўключаныя, а потым выключаныя са сьпісу. У канцы прэзыдэнцтва Трампа ў сьпіс краінаў, уезд зь якіх у ЗША быў забаронены, уваходзілі М’янма, Эрытрэя, Іран, Кіргізстан, Лібія, Нігерыя, Паўночная Карэя, Самалі, Судан, Сырыя, Танзанія, Венэсуэла і Емэн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп падпісаў перагледжаны ўказ пра ўезд у ЗША