Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месяц на пасадзе. Што пасьпеў зрабіць Байдэн і якія ў яго пляны


Вашынгтон, інаўгурацыя Джо Байдэна

Прэзыдэнт ЗША правёў шэраг зьмен з дапамогай указаў, але прасоўваньне заканадаўчых ініцыятываў будзе вымагаць супрацы ня толькі з рэспубліканцамі, але і аднапартыйцамі-дэмакратамі.

Празь месяц пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн знаходзіцца на парозе прыняцьця пакету эканамічнай дапамогі, больш маштабнага, чым ухвалены падчас фінансавага крызісу 2009 году, піша «Голас Амэрыкі».

Ён ужо адмяніў цэлы шэраг палітычных рашэньняў свайго папярэдніка Дональда Трампа ў самых розных напрамках — ад зьмены клімату да іміграцыі. Адначасова тэмпы разьмеркаваньня вакцын ад COVID-19 вырасьлі на 55 адсоткаў.

Ці ўдасца пазьбегнуць палітычных баталій?

Шырэйшая стратэгія Белага дома, якая складаецца ў тым, каб пазьбягаць беспэрспэктыўных палітычных баёў, засяродзіцца на палітычных рашэньнях, якія падабаюцца многім выбарнікам і ў цэлым ігнараваць атакі рэспубліканцаў, будзе сутыкацца з усё большымі цяжкасьцямі ў наступныя месяцы, лічаць як дэмакраты, так і рэспубліканцы.

«Праблемы чакаюць іх проста за рагом», — заявіў Джым Мэнлі, які калісьці быў галоўным памочнікам былога лідэра дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Гары Рыда.

Байдэн правёў мноства зьмен з дапамогай прэзыдэнцкіх указаў. Праблемы, якія чакаюць яго наперадзе, уключаюць правядзеньне законаў, наконт якіх у Дэмакратычнай партыі няма адзінства, напрыклад аб палёгцы пазыковага цяжару студэнтаў, павышэньні падаткаў і ўвядзеньні абмежаваньняў у энэргетычнай галіне.

Дэмакраты імкнуцца распрацаваць і прыняць пакет эканамічнай дапамогі (з падтрымкай рэспубліканцаў або безь яе) да сярэдзіны сакавіка, калі скончыцца тэрмін дзеяньня дадатковага страхаваньня па беспрацоўі.

Для прыняцьця закону досыць простай большасьці галасоў, але патрабуецца, каб кожны дэмакрат стаў на бок Белага дома. Узмацняюцца сумневы, што ў закон будзе ўключана палажэньне аб павышэньні фэдэральнага мінімуму заработнай платы да 15 даляраў у гадзіну, што вельмі расчаруе лібэральных дэмакратаў.

«Я бачу, як зьяўляюцца расколіны», — сказаў Мэнлі.

Гэтыя расколіны праявіліся, калі некаторыя дэмакраты, уключаючы кангрэсвумэн Александрыю Акасіё-Картэс і сэнатара Элізабэт Уорэн, раскрытыкавалі Байдэна, калі 16 лютага ён заявіў, што нязгодны з аднапартыйцамі, якія хочуць дараваць студэнцкія пазыкі на суму 50 тысяч даляраў на чалавека.

Ці здабудзе Байдэн двупартыйную падтрымку?

Рэспубліканцы перастройваюцца пасьля прэзыдэнцтва Трампа, заявіў рэспубліканскі стратэг Пол Шумэйкер.

Паводле яго, Байдэн можа аб’яднаць іх, калі будзе занадта моцна ўпіраць на пытаньні падаткаў і выдаткаў, а калі ён будзе рабіць у гэтым кірунку занадта мала, то расчаруе частку сваёй дэмакратычнай базы.

«Ён атрымлівае асалоду ад мядовага месяца, але ўсе ведаюць, што мядовы месяц калі-небудзь сканчаецца», — заявіў Шумэйкер.

У Белым доме заяўляюць, што палітычны парадак дня, які там маюць намер прасоўваць у наступныя месяцы, зьвернутая да выбарнікаў ад абедзьвюх партый, і яны лічаць, што рэспубліканцы будуць урэшце вымушаныя падтрымаць яго дзеля свайго электарату.

«Ці мае намер [Байдэн] дамагацца падтрымкі кожнага рэспубліканца? Вядома ж, не, — заявіла дырэктар Белага дома па камунікацыях Кэйт Бэдынгфілд. — Але ён мае намер прапаноўваць пляны, якія адпавядаюць патрэбам людзей з абедзьвюх партый».

Двупартыйныя надзеі Белага дома палягаюць у пляне разьвіцьця інфраструктуры, які ўсё яшчэ знаходзіцца ў зачаткавым стане. Чакаецца, што сваімі маштабам і коштам ён перасягне законапраект аб стымульных захадах коштам 1,9 трыльёна даляраў.

Прыняцьце гэтага закону амаль напэўна прывядзе да павелічэньня дэфіцыту і запатрабуе некаторага павышэньня падаткаў, што, як чакаецца, выкліча супрацьдзеяньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG