Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША на цырымоніі Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу: Будзем дабівацца вызваленьня Калесьнікавай, іншых палітвязьняў Беларусі


Марыя Калесьнікава на мітынгу ў Менску 16 жніўня 2020

Адбылася віртуальная цырымонія ўручэньня Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу. Гэтую прэмію з 2007 году штогод уручае Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША. Сярод сёлетніх ляўрэатак — палітзьняволеная Марыя Калесьнікава.

На цырымоніі выступілі дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і першая лэдзі Злучаных Штатаў Джыл Байдэн. Дзяржсакратар Блінкен падкрэсьліў падчас цырымоніі, што ЗША працягнуць дабівацца вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў у Беларусі, у тым ліку Марыі Калесьнікавай.

Джыл Байдэн сказала, што справядлівыя выбары ў Беларусі паспрыяюць узмацненьню дэмакратыі ў ЗША. Яна адзначыла, што ў сучасным сьвеце праблемы не спыняюцца дзяржаўнымі межамі. «Вашае змаганьне — гэта нашае змаганьне», — сказала першая лэдзі ЗША, зьвяртаючыся да ляўрэатак прэміі.

«Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году беларускія жанчыны сталі дамінантнай палітычнай сілай і рухальнай сілай грамадзкіх перамен у Беларусі, у немалой ступені дзякуючы Марыі Калесьнікавай, — гаворылася ў ранейшым паведамленьні Дзярждэпартамэнту ЗША.

Пасьля таго як улады пасадзілі ў турму або выслалі трох самых папулярных апазыцыйных кандыдатаў-мужчын, Марыя і яе партнэры кінулі гістарычны выклік 26-гадоваму праўленьню Аляксандра Лукашэнкі. Марыя, працягваючы заставацца асобай апазыцыі ўнутры Беларусі, мужна перажывае турэмнае зьняволеньне пасьля спрэчных выбараў. Нягледзячы на сваё затрыманьне, Марыя працягвае падтрымліваць дэмакратычны рух унутры Беларусі і служыць крыніцай натхненьня для ўсіх тых, хто імкнецца заваяваць свабоду для сябе і сваіх краін».

Акрамя Калесьнікавай, ляўрэатамі прэміі сталі грамадзянскія актывісткі з М’янмы, Камэруна, Кітая, Калюмбіі, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Гватэмалы, Ірана, Нэпалу, Самалі, Гішпаніі, Шры-Ланкі, Турцыі, Венэсуэлы, а таксама пасьмяротна сем актывістак з Аўганістану, забітыя у 2020 годзе.

У чым абвінавачваюць Калесьнікаву

Марыю Калесьнікаву схапілі 7 верасьня 2020 году ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».

У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць Калесьнікавай і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

У лютым Калесьнікаву і аднаго зь яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім» (ч. 1 арт. 361-1), пакінуўшы пад вартай.

Яшчэ адзін адвакат Калесьнікавай — Ільля Салей — знаходзіцца пад хатнім арыштам. А яшчэ дваіх яе адвакатаў, Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак, пазбавілі ліцэнзій.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG