За раскіданыя самарэзы жыхарак Менску асудзілі на пазбаўленьне волі і «хатнюю хімію»

Ілюстрацыйнае фота

Самарэзы раскідалі каля пракуратуры. Аўтамабіль напароўся на іх, прабіў два колы, шкоду ацанілі ў 36 рублёў 18 капеек.

Судзьдзя Юлія Блізьнюк у судзе Фрунзэнскага раёну Менску 3 сакавіка агучыла прысуд у справе аб 45 самарэзах, раскіданых каля менскай пракуратуры 13 сьнежня мінулага году, перадае Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Анастасіі Нікіцінай прысудзілі 1 год і 1 месяц пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, а Сьвятлане Лабунскай — паўтара года абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Іх прызналі вінаватымі ў «злосным хуліганстве» (ч.2 арт.339 КК РБ) і «спробе злачынства» (ч.1 арт.14 КК РБ).

Жанчынам па 40 гадоў. Нікіціна — грамадзянка Расейскай Фэдэрацыі, мае двух непаўналетніх дзяцей і брала яшчэ аднаго на патранажнае выхаваньне ў Бараўлянах. У яе дыябэт, праблемы са шчытавіцай, ёй патрэбна апэрацыя на вачах. Пра Лабунскую паведамлялася, што яна начальніца аддзелу «Белгазпрамбанку». Лабунская з 30 сьнежня была пад хатнім арыштам, Нікіціна — у няволі.

Паводле Сьледчага камітэту, жанчыны раскідалі самарэзы «з мэтай пашкоджаньня аўтамабіляў, якія выяжджаюць». Быў прынамсі адзін пацярпелы Клінцэвіч, аўтамабіль якога прабіў два колы, шкоду ацанілі ў 36 рублёў 18 капеек. СК сьцьвярджае, што жанчыны мелі намер паўтарыць раскідваньне самарэзаў 27 сьнежня, але «не давялі намер да канца», бо іх затрымалі на месцы здарэньня.