Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкордны тэрмін зьняволеньня запрасіў пракурор для затрыманага падчас пратэстаў


Аляксандар Троцкі.

Пракурор Антон Цюменцаў запрасіў 11 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму для бізнэсоўца Аляксандра Троцкага, якога судзяць за наезд на супрацоўніка ДАІ. Прысуд абвесьцяць 5 сакавіка а 10-й гадзіне.

Менскі гарадзкі суд разглядае справу за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэксу) супраць 45-гадовага бізнэсоўцы Аляксандра Троцкага.

Пракурор Антон Цюменцаў запрасіў у суда 11 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму для Троцкага.

У апошнім слове Аляксандр Троцкі паўтарыў, што спалохаўся нападу невядомых у чорным, бо як раз зьявіліся відэа зьбіцьця мірных людзей, ён гэтыя відэа бачыў і стараўся гэтага пазьбегнуць. Троцкі папрасіў прабачэньня ў сваякоў і знаёмых, у тым ліку ў 40 працаўнікоў сваёй фірмы. Пра пацярпелага ў апошнім слове Троцкі нічога не сказаў.

Прысуд Аляксандру Троцкаму агалосяць 5 сакавіка а 10-й гадзіне.

Што вядома пра інцыдэнт і абвінавачваньне

Інцыдэнт адбыўся 12 жніўня на праспэкце Пераможцаў, дзе праваахоўнікі ў балаклавах і са зброяй спынялі для праверкі аўтамабілі. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, у судзе даказалі злачынныя дзеяньні падсуднага Троцкага і ягоны намер менавіта забіць супрацоўніка ДАІ.

Аляксандра Троцкага судзяць у Менскім гарадзкім судзе з 25 лютага. Былы топ-мэнэджар банку «МТБ» Аляксандар Троцкі сьцьвярджае, што зьехаў зь месца, дзе яго спынілі людзі са зброяй, бо яны не назваліся, не сказалі прычыну спыненьня аўтамабіля і наставілі на яго зброю, а ён спалохаўся за сваё жыцьцё. Паводле падсуднага, ён наехаў на маёра ДАІ выпадкова і гатовы кампэнсаваць нанесеную шкоду.

Пацярпелы Ўладзімер Юраў падчас інцыдэнту атрымаў траўмы нагі, якія экспэртыза прызнала няцяжкімі. Пацярпелы запрасіў 20 тысяч рублёў кампэнсацыі ад Троцкага. Пракурор пазоў падтрымаў і прасіў задаволіць яго « з улікам разумнасьці».

Пазыцыя адваката

Абаронца Аляксандра Троцкага адвакат Яўген Маслаў у спрэчках даказваў, што ягоны падабаронны ня меў намеру замахвацца на жыцьцё супрацоўніка ДАІ і не нападаў на яго, а зьехаў таму, што моцна спалохаўся за свае жыцьцё, калі на яго наставілі зброю і былі гатовыя страляць. Паводле абаронцы Маслава, у выстаўленым Троцкаму цяжкім абвінавачаньні ў замаху на жыцьцё міліцыянта ён не вінаваты.​

Гэта самы суворы тэрмін, якога дамагаеццца пракуратура ў сувязі з пратэстамі супраць рэжыму Лукашэнкі, якія пачаліся 9 жніўня 2020 году. Дасюль самым суворым пакараньнем адзначыўся Берасьцейскі абласны суд у дачыненьні Аляксандра Кардзюкова, якому далі 10 гадоў за нібыта замах на забойства сілавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG