Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Менску адсудзіла 500 рублёў кампэнсацыі за незаконныя 6 дзён арышту


Ілюстрацыйнае фота

Жанчыне прысудзілі арышт за ўдзел у маршы пратэсту, хоць у яе было непаўналетняе дзіця. Яна адбыла 6 з 9 дзён арышту, патрабавала кампэнсацыі ў 5000 рублёў, атрымала 500.

Тацяну (прозьвішча не называюць) затрымалі ў мінулым верасьні на «жаночым маршы», расказвае «Белсат». Судзьдзя Алена Капцэвіч асудзіла яе на 9 дзён арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Але вырак быў незаконны: у Тацяны ёсьць непаўналетняе дзіця — паводле ч.2 арт. 6.7 КаАП РБ ёй нельга было прысуджаць арышт.

Нягледзячы на гэта, яна адбыла 2 дні ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна і 4 дні ў жодзінскай турме. Тацяна змагла перадаць мужу цыдулку з просьбай зьвярнуцца да адваката, каб той аспрэчыў пастанову. На другім паседжаньні Тацяне зьмянілі пакараньне на папярэджаньне.

Пазьней жанчына зьвярнулася ў суд і патрабавала кампэнсацыі ў 5000 рублёў за маральную шкоду, а таксама кампэнсацыю 118,18 рубля дзяржпошліны і 713,44 рубля за псыхалягічнае тэставаньне, якое выявіла праблемы Тацяны з псыхалягічным станам пасьля зьняволеньня.

Хоць ёй кампэнсавалі толькі 500 рублёў маральнай шкоды, яна лічыць гэта перамогай: кажа, разумела, што «суму зьменшаць у любым выпадку». Цяпер яна плянуе пазмагацца за тое, каб ёй кампэнсавалі паслугі адваката.

Жанчына кажа, што ў няволі перажыла псыхалягічны ціск і пагрозы

Тацяна заяўляе, што на яе аказвалі ціск на Акрэсьціна і ў Жодзіне: з камэры забіралі матрацы, адключалі ваду, хамілі, крычалі, пужалі сабакамі, пагражалі фізычным гвалтам. Яна вяла дзёньнік, у якім фіксавала парушэньні і катаваньні — дзяжурны адабраў яго і накрычаў за кожны пункт.

У Тацяны, кажа яна, былі панічныя атакі, яе трэсла, былі «іншыя псыхасаматычныя праявы». Цяпер яна сутыкаецца з праблемамі ў прафэсійнай дзейнасьці: яна юрыстка, але пры кантакце зь міліцыянтамі ў яе пачынаюцца «псыхасаматычныя праявы страху».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG