Сьцісла:
- Сілавікі атрымліваюць інструкцыі аб разгоне пратэстоўцаў непасрэдна ад Лукашэнкі.
- Небясьпечную зброю супраць пратэстоўцаў пастаўляе Расея.
- Выступоўца загадвае грамадзян, якія пратэстуюць, не шкадаваць.
- Сілавікам даецца поўны карт-блянш на расправу, бо «кіраўніком дзяржавы мы прыкрытыя з усіх бакоў у пляне прымяненьня зброі».
- Не павінна быць ніякіх аглядак на міжнародную рэакцыю, на рэпутацыю краіны ў сьвеце.
- На нарадзе ў Лукашэнкі напрыканцы кастрычніка гаворка ішла пра стварэньне канцлягера.
- Ніякіх ілюзій, што ўлада трымаецца на падтрымцы народу, у генэралаў і палкоўнікаў няма.
Выступоўца распавядае пра зьмест нарады ў Лукашэнкі. Можна меркаваць, што ён сваімі словамі перадае сэнс ягоных указаньняў. То бок сілавікі атрымліваюць інструкцыі па разгону пратэстоўцаў непасрэдна ад Лукашэнкі. Выглядае, што жорсткасьць, катаваньні, якія прымяняюць амапаўцы, — гэта ня іх уласная ініцыятыва, а выкананьне згаданых інструкцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
BYPOL апублікаваў запіс чалавека, голас якога нагадвае Карпянкова: «Мы створым лягеры для пратэстоўцаў»Дзеля нанясеньня большай шкоды жывой сіле праціўніка, то бок пратэстуючым беларусам, закупілі ў Расеі 100 пісталетаў Ярыгіна. Як можна зразумець з словаў выступоўцы, гэтая зброя траўматычная, але мала адрозьніваецца ад баявой. Нагадаю, што расейскія афіцыйныя асобы нямала крытыкавалі беларускія ўлады за «празьмернае ўжываньне сілы». І вось цяпер высьвятляецца, што адначасова Расея паставіла беларускім сілавікам такую небясьпечную зброю. Таму ўсе падобныя заявы расейскіх чыноўнікаў выглядаюць трохі крывадушнымі.
Выступоўца дае загады пратэстуючых грамадзян не шкадаваць: «Альбо пакалечыць, альбо зьнявечыць, альбо забіць. Ужываць зброю яму проста ў лоб, проста ў твар, проста туды, пасьля чаго ён ужо ніколі, атрымліваецца, ня вернецца ў той стан, у якім ён знаходзіўся. Ну, адкачаюць дык адкачаюць. Ня будзе ў яго паловы галаўнога мозгу, ну, туды яму і дарога».
Яшчэ адна вельмі паказальная рэпліка, якая пераказвае зьмест нарады ў Лукашэнкі: «Таму што ў асноўным усе тыя, хто выходзіць на вуліцы на гэты момант паўдзельнічаць у „рэйкавай вайне“, атрымліваецца, тыя, якія блякуюць дарогі, нападаюць на міліцыянтаў, кідаюць кактэйлі Молатава, — тыя ж тэрарысты. Гэта лішнія людзі ў нашай краіне. І гэтаму сёньня было прысьвечана вельмі-вельмі шмат, на той невялікай нарадзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Ледзь ня лягеры будуць створаныя для асобных людзей», — былы сьледчы АстаповічГлядзіце, як хітра ў адну кучу аб’яднаныя мірныя дэманстранты і грамадзяне, якія аказваюць сілавы супраціў: «усе тыя, хто выходзіць на вуліцы на гэты момант паўдзельнічаць у „рэйкавай вайне“». То бок паміж тымі, хто выходзіць на вуліцу пратэставаць, і тымі, хто псуе чыгунку, пастаўлены знак роўнасьці, іх аб’ядналі адной фразай і абвясьцілі тэрарыстамі.
Сілавікам даецца поўны карт-блянш на расправу, бо «кіраўніком дзяржавы мы прыкрытыя з усіх бакоў у пляне прымяненьня зброі».
Не павінна быць ніякіх аглядак на міжнародную рэакцыю, на рэпутацыю краіны ў сьвеце. Цяпер усё гэта адкінута. Выступоўца кажа: «Прыйшоў іншы час. Час, атрымліваецца, жорсткіх дзеяньняў з аглядкай на, скажам так, палітычныя моманты, бо мы, атрымліваецца, краіна, якая інтэграваная ў сусьветную супольнасьць і абавязаная выконваць шэраг пэўных дзеяньняў для таго, каб мы не выглядалі як ізгоі — вось гэты час, ён скончыўся. Настаў іншы час, і гэта час, атрымліваецца, патрабуе больш маладых, больш рашучых людзей, якія пераступілі церазь сябе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Калі пратэсты затухнуць, Лукашэнка зробіць з краіны канцлягер». Ціханоўскі даслаў ліст з турмыМожна меркаваць, што голас на гуказапісе пераказвае думку Лукашэнкі, бо палкоўнік міліцыі наўрад ці павінен думаць пра такія палітычныя рэчы. Але паказальна, што стаўка рэжыму робіцца на людзей у сілавых структурах, «якія пераступілі церазь сябе». Што гэта азначае, лёгка здагадацца, зважаючы на колькасьць зьбітых і катаваных.
У сваім блогу ад 3 лістапада 2020 году я выказаў думку, што Беларусь можа ператварыцца ў адзін вялікі канцлягер. Цяпер высьвятляецца, што на нарадзе ў Лукашэнкі напрыканцы кастрычніка гаворка сапраўды ішла пра стварэньне канцлягера. Вось як гэты сюжэт выглядае ў пераказе чалавека, голас якога падобны да голасу Мікалая Карпянкова:
«Ствараецца база дадзеных. У гэтай базе дадзеных, хто трапіў другі раз, той павінен там і застацца. Сказана: распрацаваць, зрабіць лягер, зрабіць лягер, ну, не для ваеннапалонных і не для інтэрнаваных нават, а лягер для асабліва востракапытных такі... для адсяленьня. І паставіць калючы дрот па пэрымэтры. Два памяшканьні зрабіць: топка — паверх, кормім — паверх, каб працавалі. Але там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца».
Гэты лягер плянуецца стварыць на базе папраўчай калёніі № 22 у г. Івацэвічы. Прычым трымаць там будуць бестэрмінова. Параўнаньне з ваеннапалоннымі прыводзіцца невыпадкова. Бо фактычна ўлады разглядаюць барацьбу супраць народнага пратэсту як вайну. А на вайне іншыя правілы, чым падчас грамадзка-палітычнага канфлікту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці могуць у іншых краінах завесьці справы на беларускіх сілавікоў. Тлумачыць адвакатІ апошні тэзіс. Выступоўца кажа: «Нездарма міністар казаў: усё трымаецца на органах унутраных і шэрагу падразьдзяленьняў — унутраныя войскі, ГУУС, АМАП, наша падразьдзяленьне і вышук з намі».
То бок ніякіх ілюзій, што ўлада трымаецца на падтрымцы народу, у генэралаў і палкоўнікаў няма. Яны добра разумеюць сытуацыю, ня вераць БТ, усьведамляюць, што рэжым трымаецца на грубай сіле. Пра што і кажуць адкрыта ў сваім коле.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.