Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць у іншых краінах завесьці справы на беларускіх сілавікоў. Тлумачыць адвакат


Сілавікі выкарыстоўвалі гумовыя кулі для разгону пратэстоўцаў у Менску

Прадстаўнік штабу былой кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай адвакат Гедрус Данелюс расказаў пра пэрспэктывы справы Максіма Харошына

Генэральная пракуратура Літвы пачала дасудовае расьсьледаваньне паводле заявы грамадзяніна Беларусі, які паскардзіўся на пабіцьцё яго супрацоўнікамі праваахоўных органаў у Менску.

Суўладальнік менскай кветкавай крамы Максім Харошын 13 кастрычніка быў затрыманы сілавікамі і неўзабаве пасьля затрыманьня дастаўлены ў шпіталь на хуткай дапамозе з шматлікімі траўмамі. Пазьней ён паехаў лячыцца ў Літву.

Гэта першы вядомы выпадак, калі дзеяньні беларускіх сілавікоў па выніках мітынгаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году будуць расьсьледаваць праваахоўныя органы іншай краіны.

Генэральная пракуратура Літвы зазначыла, што можа быць ужытая унівэрсальная юрысдыкцыя — гэта значыць крымінальная адказнасьць наступае незалежна ад грамадзянства пацярпелых і падазраваных, месца злачынства і наяўнасьці пакараньня ў законах той краіны, дзе ўчыненае злачынства.

Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусі назвала расьсьледаваньне ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы краіны з боку Літвы.

Пра тое, якія пэрспэктывы ў гэтага расьсьледаваньня і калі можна чакаць вынікаў, журналіст каналу «Настоящее время» размаўляў з прадстаўніком штабу былой кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай, адвакатам Гедрусам Данелюсам.

— Растлумачце, што значыць унівэрсальная юрысдыкцыя? Як правапарушэньні, учыненыя ў Беларусі, расьсьледуюцца ў Літве?

— Унівэрсальная крымінальная юрысдыкцыя дазваляе перасьледаваць найцяжэйшыя злачынствы, учыненыя не ў краіне, у якой ідзе расьсьледаваньне, а ў іншай краіне. Ёсьць сьпіс злачынстваў, якія прызнаюцца унівэрсальнай крымінальнай юрысдыкцыяй, — гэта генацыд, катаваньні, злоўжываньне абавязкамі службовай асобай і гэтак далей. Сьпіс такіх злачынстваў, якія прызнаюцца ва ўсім сьвеце ўнівэрсальнай крымінальнай юрысдыкцыяй, і літоўскі Крымінальны кодэкс прадугледжвае, што катаваньні таксама ўваходзяць у гэты сьпіс злачынстваў.

— Генэральны пракурор Літвы Эвалдас Пашыліс адзначыў, што дасудовае расьсьледаваньне будзе надзвычай складаным. У чым складанасьць і як у цэлым будзе праходзіць расьсьледаваньне?

— Я б не сказаў, што гэта вельмі складана, бо калі мы падалі заяву, мы маглі сказаць, які чалавек мог бы выкарыстаць сілу супраць Максіма Харошына, бо ён быў бяз маскі, і мы думаем, што гэта спадар Карпянкоў. Зь іншага боку, мы дамо дакумэнты мэдыцынскага агляду, якія выяўляюць даволі цяжкія цялесныя пашкоджаньні.

Ёсьць спэцыфіка тых расьсьледаваньняў, дзе няма самога абвінавачанага, але такія справы маюць свае практыку. Я як адвакат практыкі бачу, што кажа судовая пэрспэктыва, бо і судовае расьсьледаваньне таксама можа прайсьці без удзелу абвінавачанага на працэсе.

— Колькі часу можа заняць расьсьледаваньне? І ці рэальна ў гэтым выпадку пакараць абвінавачанага, які стане вінаватым?

— Не магу выказваць здагадак. Думаю, што расьсьледаваньне можа пашырыцца, бо я таксама маю зьвесткі, што пацярпелы мог быць не адзін, можа, іх будзе два ці яшчэ больш. Што да санкцыяў як такіх — неістотна, ці Рэспубліка Беларусь прызнае або не прызнае гэтую санкцыю, бо злачынствы ўнівэрсальнай юрысдыкцыі дзяржавы павінны прызнаць гэтыя санкцыі як такія. Калі ўсё ж Беларусь не прызнае, то я думаю, што іншыя краіны могуць прызнаць гэтую санкцыю. І калі абвінавачаны чалавек зьявіцца дзесьці не на тэрыторыі Беларусі, ён можа мець наступствы ў іншых краінах.

— Вы кажаце, што справа можа быць пашыраная іншымі справамі. Ці ёсьць нейкія падрабязнасьці, ці можна казаць, што расьсьледаваньне будзе толькі ў Літве? Магчыма, расьсьледаваньне будзе і ў іншых краінах, будзе пададзеная заява там?

— Я думаю, што будзе заява і ў іншых краінах наконт іншых пацярпелых. У Літве ў практычным пляне вельмі станоўчая сытуацыя, бо пацярпелы цяпер знаходзіцца ў Літве, мае працэсуальныя магчымасьці — удакладніць сваю заяву, прысутнічаць на працэсуальных дзеяньнях, дзе ён можа апазнаць людзей, якія катавалі яго. У іншых краінах ёсьць іншыя пацярпелыя, і месцы злачынстваў былі ў іншых гарадах, ня толькі ў Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG