Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі пратэсты затухнуць, Лукашэнка зробіць з краіны канцлягер». Ціханоўскі даслаў ліст з турмы


Сяргей Ціханоўскі ў дзень затрыманьня, 29 траўня 2020

Блогер Сяргей Ціханоўскі, якога восьмы месяц утрымліваюць за кратамі, даслаў ліст журналісту Tut.by, у якім падсумаваў 2020 год, расказаў пра свае ўмовы ўтрыманьня і ўражаньні ад сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ.

У лісьце, выкладзеным на партале Tut.by, Сяргей Ціханоўскі падзякаваў усім неабыякавым людзям у краіне і за мяжой за падтрымку і салідарнасьць.

«Што тычыцца ўмоваў утрыманьня, яны ў цэлым нармальныя. У Жодзіне ня зьдзекуюцца так, як на Валадарцы, і пакуль яшчэ не саджалі ў карцар. Амаль 5 месяцаў я сяджу ў камэры адзін, гляджу БТ, АНТ, СТБ, але да 18:00, пазьней забараняе рэжым. Астатняе — як у іншых зьняволеных», — напісаў блогер.

2020 год, піша Сяргей Ціханоўскі, быў «проста неймаверным». «Нарэшце стаў ганарыцца тым, што беларус», — прызнаўся ён.

«Тысячы беларусаў з усяго сьвету, якія напісалі мне лісты ў турму, таксама сталі ганарыцца і перазнаёміліся паміж сабой. Яшчэ я зразумеў, што недаацэньваў нашых жанчын. Яны здольныя на многае і павінны ў будучыні займаць кіроўныя пасады ў краіне, ня менш за 50%. Я не чакаў ад Сьвятланы, маёй жонкі, такой адвагі, такой сілы і барацьбы. Яна прыклад ня толькі для многіх жанчын, а і мужчын», — піша Сяргей.

Таксама блогер падзяліўся ўражаньнямі ад сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ летась у кастрычніку. «Нават ня можаце сабе ўявіць, на што ён здольны», — піша вязень.

«Ён асабіста камандуе па выходных затрыманьнямі на пратэстах (выбары не выключэньне). Нават праслухоўвае мае размовы з адвакатам у СІЗА, парушаючы адвакацкую таямніцу. Ён тройчы на сустрэчы назваў мяне будучым прэзыдэнтам і пры гэтым глядзеў на Віктара Бабарыку, каб унесьці раскол. Адкрыта сказаў: „Ідучы ў палітыку, вы павінны быць гатовыя, што вам могуць падкінуць грошы, зладзіць правакацыю ці пасадзіць у турму“. Сказаў, што ў ягонай уладзе — сядзець нам ці не. Хто будзе „супрацоўнічаць“, выйдзе заўтра».

Назаўтра з ізалятару сапраўды выйшлі палітоляг Юры Васкрасенскі і дырэктар PandaDoc Дзьмітры Рабцэвіч. Але зь нязгоднымі ніякіх перамоваў Лукашэнка весьці ня будзе: улада — гарантыя яго бясьпекі, — канстатуе Сяргей Ціханоўскі.

«Ён казаў, што хацеў выпусьціць мяне пасьля выбараў і выкінуць са Сьветай за мяжу, але, праслухаўшы маю гутарку з адвакатам у СІЗА, дзе я казаў, што трэба прыцягнуць да адказу сям’ю дыктатара, „дэпутатаў“ і прыкарытнікаў, пасадзіў у карцар... Закону ў краіне няма, ёсьць толькі ягоная воля. І, як Лукашэнка прызнаўся, ён будзе абараняць яе ўсімі даступнымі сродкамі. І самае сьмешнае, што так было заўсёды. Толькі без такіх масавых пратэстаў. Ён ня спыніцца ні перад чым, нават не сумнявайцеся», — лічыць Ціханоўскі.

Ён перакананы, што працяглыя мірныя пратэсты ў доўгатэрміновай пэрспэктыве больш выйгрышныя для Беларусі.

«Гэта Рэвалюцыя Чалавечнасьці, Грамадзянскай Сьвядомасьці, Справядлівасьці. Так фармуецца нацыя, грамадзянская супольнасьць. Хуткая перамога пазбавіла б Беларусь усяго гэтага. Вядома, седзячы ў турме, хочацца перамагчы хутчэй. Калі пратэсты затухнуць, ён зробіць з краіны канцэнтрацыйны лягер. ГУЛАГ. Жыцьцё зьняволеных ператворыцца ў сапраўднае пекла. Ніхто, акрамя саміх беларусаў, не прынясе Беларусі свабоду! У нас ёсьць усе шанцы стаць свабоднай краінай, прыкладам для многіх», — падсумаваў Сяргей Ціханоўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG