Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быў загад ад першай асобы». Заснавальнік BYPOL — пра расьсьледаваньне арышту Сяргея Ціханоўскага


Андрэй Астаповіч

Ініцыятыва BYPOL, створаная былымі беларускімі сілавікамі, заявіла, што раскрыла шэраг супрацоўнікаў сілавых органаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў арышце блогера Сяргея Ціханоўскага і ціску на яго.

У расьсьледаваньні BYPOL пералічаныя прозьвішчы людзей, якія маюць дачыненьне да ягонай справы, і апублікавана аўдыё з голасам, падобным да голасу былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Караева.

У матэрыялах гаворыцца, што беларускія сілавікі пачалі «распрацоўваць» Ціханоўскага задоўга да яго затрыманьня, але падставы распачаць крымінальну справу ў дачыненьні да блогера не знайшлося. І тады дзейны на той момант міністар унутраных спраў Юрый Караеў асабіста аддаў загад арганізаваць правакацыю.

Пра тое, як зьявіліся гэтыя матэрыялы і як ішло расьсьледаваньне, тэлеканал «Настоящее время» паразмаўляў з заснавальнікам ініцыятывы BYPOL Андрэем Астаповічам.

— Раскажыце, як зьявіўся запіс гэтага голасу, падобнага да Юрыя Караева? Я так разумею, гэта не тэлефонная размова, а дзесьці ў кабінэце ў Караева стаяла праслухоўка?

— Гэта яго выступ перад сваім калектывам. Яго супрацоўнікі запісалі яго на дыктафон.

— Як даўно зьявіўся гэты запіс, чаму яго апублікавалі толькі празь сем месяцаў пасьля арышту Ціханоўскага?

— Ён зроблены ня так даўно — у канцы кастрычніка. Таму пакуль трапіў, пакуль апрацавалі... Гэта яшчэ ня ўсё, потым будзе больш падрабязна. Мы ўжо да гэтай даты хацелі скончыць расьсьледаваньне і ў пацьверджаньне фальсыфікацыі ўжо даць гэты аўдыёзапіс.

— Як вам удалося правесьці гэтае расьсьледаваньне? Як вы вызначылі сьпіс магчымых выканаўцаў, якія маюць дачыненьне да затрыманьня і арышту Ціханоўскага?

— Груба кажучы, каманда ў нас складаецца з тых асоб, якія праводзілі такое ж расьсьледаваньне, толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Так, там рэсурс быў большы, было міністэрства, былі свае базы дадзеных, доступы і гэтак далей. Але досьвед і ўсе працэдуры нікуды ня [дзеліся]. Дзе б ты ні знаходзіўся, гэта можна праводзіць, аналізаваць. І вельмі шмат інфармацыі ў адкрытых крыніцах, якая паддаецца аналізу, і ты можаш ужо па частках злучаць, атрымліваць агульную карціну. І ў нас ёсьць свае крыніцы, свае магчымасьці.

— Мне з расьсьледаваньня не зусім зразумела, што ў Менск крымінальная справа дастаўлялася ўзброеным картэжам у складзе трох аўтамабіляў. Чаму было менавіта так?

— Відаць, баяліся, што справа можа не даехаць. Калі мы даведаліся пра ўсю гэту інфармацыю, мы, шчыра, сваёй камандай у гэтай сытуацыі нават трохі засьмяяліся, таму што настолькі [вялікая] сур’ёзнасьць перавозкі справы. Баяліся, [магчыма], правакацыі, што ў іх гэтую справу адбяруць, ці што. Сытуацыя была незразумелая.

— Такі небясьпечны быў сам Сяргей Ціханоўскі?

— Тое, што ён быў небясьпечны, — сапраўды для іх ён быў небясьпечны вельмі, таму яны ўсё зрабілі для таго, каб [рызыкі былі мінімальныя]. Асабліва калі да цябе паступае каманда з самага верху, то выкананьне ў нас [у гэтым выпадку] на вышэйшым узроўні.

Я думаю, што быў загад ад першай асобы пра яго затрыманьне, таму што нават па частцы гэтага аўдыёзапісу чуваць, што ГУБАЗ, які займаўся яго затрыманьнем, распрацоўкай, яны неаднаразова самога Караева папярэджвалі, што трэба захопліваць і гэтак далей. Але ён пакуль не рэагаваў. І, відаць, пакуль яму не далі каманду зьверху: «Хто гэта такі, чым ён там займаецца? Трэба затрымаць», — тады ён ужо ўзгадаў пра гэтыя рапарты ГУБАЗу і пабег да яго, каб максымальна хутка яго затрымаць.

Таму там правакацыя, як вы памятаеце, калі вы адсочвалі гэтую сытуацыю, атрымалася ня вельмі якасная. Гэта значыць, адразу было [зразумела], што гэтая жанчына — правакатарка. Але тут больш падрабязна мы змаглі выкласьці.

— Ці вядуцца яшчэ нейкія расьсьледаваньні — як, напрыклад, затрымлівалі Марыю Калесьнікаву, Бабарыку? Чаго можна чакаць у будучыні?

— Не, напэўна, толькі пра затрыманьне Калесьнікавай у нас ёсьць дадатковая інфармацыя, але і пра Бабарыку сапраўды гэтак жа ёсьць яна. Але мы зараз пераходзім больш на цялесныя пашкоджаньні, на зьніклых бязь вестак і на забойствы. Свае намаганьні мы [прыкладаем] больш у гэтым кірунку. А тая інфармацыя маецца, але неабходна правесьці расьсьледаваньне, апрацоўку зьвестак і гэтак далей. Гэта ня так проста — узяць, падрыхтаваць і выкласьці, і ўсё.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG