Былую журналістку «Народнай волі» Вольгу Класкоўскую пакаралі 2 гадамі пазбаўленьня волі за інцыдэнт падчас акцыі пратэсту

Вольга Класкоўская, архіўнае фота

Суд Ленінскага раёну Менска абвясьціў прысуды ў справе аб блякаваньні дарогі 13 кастрычніка ў менскім мікрараёне Серабранка. Тады адбылася сутычка аднаго з кіроўцаў з пратэстоўцамі.  

Судзьдзя Марына Запасьнік асудзіла Вольгу Класкоўскую да 2 гадоў пазбаўленьня волі, Артура Булаўскага і непаўналетняга Максіма Бабіча — да 2,5 і 3 гадоў «хатняй хіміі» адпаведна.

Такія ж тэрміны для абвінавачаных раней запатрабаваў пракурор Сьвятаслаў Вялікі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека заклікала вызваліць з ізалятараў у Беларусі жанчын і непаўналетніх

Былую журналістку газэты «Народная Воля» Вольгу Класкоўскую зьвінавацілі ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (частка 1 артыкулу 342 КК). Артуру Булаўскаму і Максіму Бабічу акрамя гэтага яшчэ прыпісваюць злоснае хуліганства (частка 2 артыкулу 339).

Класкоўская і Бабіч лічаць абвінавачваньні надуманымі, яны прызнаныя палітвязьнямі. Булаўскі прызнаў віну часткова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя адмовілася праводзіць праверку па заяве аб катаваньнях у жодзінскай турме і ўмовах, якія спрыяюць распаўсюду COVID-19

У апошнім слове Вольга Класкоўская сказала, што пры затрыманьні яе моцна зьбiлi, а потым невядомыя выкралі яе зь лякарні. Гэта суд ніяк не прыняў пад увагу.

«Мне стала кепска ў мiлiцыi, адвезьлі ў 5-ы шпiталь, дыягнаставалi ЧМТ і страсеньне мозгу. Гэта ўсё ў справе, але чамусьцi такія дробязi нiкому не цiкавыя. Пасьля таго, як было прызначанае лячэньне, мяне скралi невядомыя ў балаклавах лiтаральна з-пад кропельнiцы, з катэтарам. У міліцыі я адмовiлася даваць паказаньні, тады пагражалi расстрэлам, калі не пачну сьведчыць супраць сябе і iншых. Яны мяне не зламалi і не зламаюць. Маё жыцьцё пражытае недарэмна, я са сваiм народам. Жыве Беларусь!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На непаўналетняга менчука завялі крымінальную справу за блякаваньне дарогі

Вольга Класкоўская доўгі час жыла ў Швэцыі, была дэпартаваная.

У справе аб перакрыцьці дарогі пяцёра пацярпелых, ніводзін зь іх ня меў прэтэнзій да абвінавачаных.