Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска Вольга Класкоўская вярнулася дамоў са швэдзкай турмы


Вольга Класкоўская, архіўнае фота

Яе абвінавачвалі ў спробе забіць былога мужа, затрымалі ў 2013 годзе і асудзілі на сем год пазбаўленьня волі, але адпусьцілі праз умоўна-датэрміновае вызваленьне.

Грамадзянка Беларусі Вольга Класкоўская вызваленая з турмы ў Швэцыі і вярнулася дамоў у Беларусь 29 лістапада, перадае БелаПАН.

Вольгу Класкоўскую затрымалі вясной 2013 году ў швэдзкім горадзе Ханінге. Пазьней суд прызнаў яе вінаватай у спробе забойства былога мужа – швэдзкага грамадзяніна турэцкага паходжаньня Гёкая Бэзгіна. Яна сьцьвярджала, што «муж сам сабе парэзаў». Спачатку ёй прысудзілі 8 год пазбаўленьня волі, але пакараньне зьмякчылі, бо было выяўлена, што Класкоўская доўгі час жыла ў стане псыхалягічнага стрэсу і прэсінгу. Спачатку экспэртыза ня выявіла ў жанчыны псыхічных расстройстваў, але ў 2015 годзе стала вядома, што Класкоўскую прымусова лечаць у нэўралягічнай клініцы.

Паводле Людмілы Класкоўскай, гэтыя здымкі Вольгі Класкоўскай зрабілі адразу пасьля здарэньня, калі Вольга нібыта з нажом накінулася на мужа
Паводле Людмілы Класкоўскай, гэтыя здымкі Вольгі Класкоўскай зрабілі адразу пасьля здарэньня, калі Вольга нібыта з нажом накінулася на мужа

Да здарэньня Вольга некалькі гадоў жыла ў Швэцыі, але ў 2011 годзе вярнулася ў Беларусь з прычыны сямейных праблем. Неўзабаве зноў паехала ў Швэцыю, дзе выйшла замуж за мясцовага жыхара, а ў ліпені 2012 году нарадзіла сына Адама. Яна двойчы падавала дакумэнты на права на жыхарства, але ёй адмаўлялі, а ў канцы студзеня 2013 году ўлады Швэцыі пастанавілі дэпартаваць яе бяз права абскарджаньня. 6 лютага 2013 году прадстаўнікі сацыяльных службаў Швэцыі забралі ў яе сына — на падставе адсутнасьці права на жыхарства і нібыта немагчымасьці забясьпечыць сыну нармальныя ўмовы пражываньня.

Справа аб апецы маці над Адамам знаходзіцца ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека. Паводле словаў Людмілы Класкоўскай, яе дачка плянуе жыць у Беларусі, дамагацца вяртаньня сына і дапісваць кнігу, якую пачала пісаць у турме – пра жыцьцё ў Швэцыі і швэдзкую сыстэму правасудзьдзя. У Беларусі з бабуляй жыве старэйшая дачка Вольгі Міраслава. Паводле словаў Людмілы Класкоўскай, унука швэдзкія ўлады пакінулі бацьку. Хлопчык мае падвойнае грамадзянства і беларускі пашпарт.

Ці варта караць так, як у Швэцыі?

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG