Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Класкоўская застанецца ў турме на 7 год

абноўлена

Вольга Класкоўская
Вольга Класкоўская

Апэляцыйны суд зьменшыў пакараньне беларускай грамадзянцы Вользе Класкоўскай на адзін год зьняволеньня.

Такое рашэньне аб 11 гадзіне па швэдзкім часе абвясьціў апэляцыйны суд.
Класкоўскую вінавацяць у замаху на забойства мужа — швэдзкага грамадзяніна турэцкага паходжаньня Гёкая Бэзгіна.

Апэляцыйны суд зьменьшыў папярэдняе пакараньне на адзін год. Аднак ацэнка дзеяньням Вольгі Класкоўскай засталася ранейшай. Пакараньне зьмякчылі, бо было ўсталявана, што Вольга доўгі час жыла ў стане псыхалягічнага стрэса і прэсінга.

«Суд адзначыў, што Вольга Класкоўская доўгі час жыла пад моцным псыхалягічным прэсінгам, у стане псыхалягічнага напружаньня. Суд палічыў гэта зьмякчальнымі абставінамі для Вольгі, — паведаміў Радыё Свабода Максім Лапіцкі, журналіст Радыё Швэцыя, які асьвятляе працэс Класкоўскай ў Стакгольме.— Аднак суд пакінуў у сіле матывацыйнае рашэньне суду папярэдняй інстанцыі. Вольга прызнаная вінаватай у пакушэньні на забойства свайго мужа Гёкая Безгіна.

«Я шакаваная гэтым прысудам. Я нічога не магу камэнтаваць», — паведаміла Людміла Класкоўская, маці Вольгі. — «Яна была такая ўзьнёслая, такая шчасьлівая, калі тэлефанавала. Была ўпэўненая, што ўсё вырашыцца. Няўжо гэты адвакат ня змог нічога зрабіць? Яны напэўна там згнаіць яе хочуць. Напэўна хочуць дзіця ў яе назаўжды адабраць!»

Пасьля працэсу ў судзе першай інстанцыі Вольга зьмяніла адваката, і яе інтарэсы цяпер прадстаўляе Томас Нільсен.

Людміла Класкоўская ня ведае, дзе цяпер знаходзіцца малодшы сын Вольга Адэм, які зьяўляецца швэдзкім грамадзянінам.

«Працэс ня мае ніякага рэзанансу ў Швэцыі. Гэта звычайная крымінальная справа»,— кажа Максім Лапіцкі.

Паводле ягоных словаў, зварот маці Вольгі Людмілы Класкоўскай да каралевы Швэцыі ня будзе мець ніякага значэньня:

«Каралеўская ўлада ў Швэцыі намінальная, лісты і звароты да каралеўскіх асобаў наўрад ці нешта вырашаць у лёсе Вольгі».


Днямі Вольга даслала ліст сваёй маці Людміле Класкоўскай. Класкоўская-малодшая піша: апэляцыйны суд, паседжаньні якога адбыліся пры канцы кастрычніка, — гэта суд апошняй інстанцыі. Менавіта гэты суд вырашае, ці застанецца ў сіле вырак, які вынесьлі Вользе, — 8 гадоў турмы.

«Уся надзея на вэрдыкт апэляцыйнага суду. Вярхоўны суд звычайна такія справы нават не прымае да разгляду. Што сёньня скажуць — тое і будзе, — кажа Людміла Класкоўская. — Я вельмі спадзяюся, што ранейшы прысуд будзе адменены і Вольга вернецца дадому. Вельмі моцна хвалююся. Адзінае, што мяне трошкі супакойвае, — гэта тое, што побач з Вольгай вельмі моцны і сур’ёзны адвакат Томас Нільсан, які вядомы ў Швэцыі тым, што выйграў некалькі падобных справаў».

Грамадзянку Беларусі Вольгу Класкоўскую затрымалі ў Швэцыі 30 сакавіка. Суд, які адбыўся 23 жніўня, прысудзіў Вользе восем гадоў турмы. Таксама яна павінна выплаціць былому мужу кампэнсацыю ў 110 тысяч швэдзкіх крон. Паседжаньні апэляцыйнага суду адбываліся з 23 да 25 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG