Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя дэпартуе Вольгу Класкоўскую


Вольга Класкоўская
Вольга Класкоўская

Улады Швэцыі адмовілі беларускай журналістцы Вользе Класкоўскай у відзе на жыхарства. Класкоўскую вырашылі дэпартаваць.

Яна павінна пакінуць тэрыторыю Швэцыі разам з 11-гадовай дачкой.

«Сытуацыя ўскладняецца тым, што шасьцімесячны сын Вольгі — грамадзянін Швэцыі — павінен застацца ў Стакгольме», — паведаміла прадстаўніца Беларускага дому ў Празе Натальля Маковік.

Класкоўская ня мае права на палітычны прытулак: раней яна ўжо атрымлівала статус палітуцекача. Аднак у 2011 годзе, калі судзілі яе брата Аляксандра — былога міліцыянта, фігуранта крымінальнай справы пра падзеі на Плошчы 19 сьнежня 2010 — Класоўская адмовілася ад міжнароднай абароны і вярнулася ў Менск падтрымаць Аляксандра і яго сям’ю, нагадвае БелаПАН.

5 траўня 2011 году Вольгу затрымалі ў яе кватэры, даставілі ў міліцыю Ленінскага раёну Менску, дзе зьбілі.

Празь некаторы час Класкоўская вярнулася ў Эўропу. Там яна пазнаёмілася са швэдам — сваім будучым мужам — і нарадзіла сына Адама.

Вольга Класкоўская змагаецца за ўзьяднаньне сям’і


Вольга Класкоўская сваю гісторыю распавяла Радыё Свабода.

Цяпер Вольга Класкоўская жыве ў Стакгольме ў арандаванай кватэры, зь ёю двое дзяцей: Міраслава, 11 гадоў, і Адам, якому 6 месяцаў. Вольга замужам за швэдзкім грамадзянінам.

Вольга раней, да 2011 году, легальна жыла ў Швэцыі, маючы польскія дакумэнты аб прытулку. Але ў красавіку 2011 году, пасьля арышту яе брата Аляксандра Класкоўскага за ўдзел у Плошчы, Вольга разам з дачкой вярнулася ў Менск, каб падтрымаць гэтым самым брата-палітвязьня. Вольга прыходзіла на паседжаньні суду над братам, выступала з пратэстамі супраць яго перасьледу.

У Менску ў сувязі маёй актыўнасьцю ў мяне пачаліся свае непрыемнасьці, арышты, зьбіцьцё
Вольга Класкоўская

«Я тады добраахвотна адмовілася ад міжнароднай абароны і афіцыйна паведаміла пра гэта ў міграцыйныя службы Польшчы і Швэцыі. Пазбавілася тады гэтага дакумэнту і статусу, — распавяла Свабодзе Вольга Класкоўская. — Але ў Менску ў сувязі маёй актыўнасьцю ў мяне пачаліся свае непрыемнасьці, арышты, зьбіцьцё... І я вырашыла, што патрэбная спакайнейшая абстаноўка. У жніўні 2011 году я вярнулася ў Швэцыю».

У Швэцыі Вольга Класкоўская жыла легальна, маючы шэнгенскую візу. У верасьні яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам — швэдзкім грамадзянінам, а ў студзені 2012 году ўзяла зь ім шлюб.

«У лютым разам з мужам мы падалі заяву з просьбай на ўзьяднаньне сям’і, і міграцыйная служба дазволіла мне чакаць рашэньня ў Швэцыі. Першая адмова прыйшла ў красавіку. Мы ня мелі права абскарджваньня, а проста падавалі новыя і новыя заявы на перагляд справы кожны месяц».

Калі нарадзіўся сын Адам, Вольга з мужам падалі новую заяву аб узьяднаньні сям’і ў сувязі з дадатковымі акалічнасьцямі. Але вынік быў такі самы:

Наконт сына нічога не напісана, бо ён грамадзянін Швэцыі і ня можа быць дэпартаваны з краіны. Выходзіць, што нас хочуць разлучыць
Вольга Класкоўская

«Адмову я атрымала літаральна празь месяц, у жніўні. Там было напісана, што я мушу пакінуць краіну і што копія рашэньня пайшла ў паліцыю. Гэта значыць, што я буду прымусова дэпартаваная. Паводле гэтага рашэньня мая старэйшая дачка таксама падлягае высылцы, а наконт сына нічога не напісана, бо ён грамадзянін Швэцыі і ня можа быць дэпартаваны з краіны. Выходзіць, што нас хочуць разлучыць».

Вольга далей вяла перамовы зь міграцыйнай службай. Апошняя размова была ў мінулую пятніцу. Тады пацьвердзілі ўсе ранейшыя рашэньні і абяцалі бліжэйшым часам прыслаць новы дакумэнт.

Вольга тлумачыць такое рашэньне ўладаў суровымі міграцыйнымі парадкамі ў Швэцыі. Яна не зьбіраецца здавацца:

«Буду новыя заявы пісаць і буду зьвяртацца да кіраўніцтва Швэцыі. Бо такія правілы, якія парушаюць нацыянальнае і міжнароднае заканадаўства, не павінны быць. Я ня першая, на жаль, падпала пад такія жорсткія рашэньні».

Пакуль у Вольгі Класкоўскай ёсьць шэнгенская віза, дзейная да канца лютага. Што будзе пазьней, сказаць цяжка:

«Давядзецца пераходзіць на нелегальнае становішча, хавацца... Дачакалася, што даводзілася хавацца ў Беларусі і даводзіцца хавацца ў Швэцыі».


Копія дакумэнту пра дэпартацыю

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG