СК адмовіўся распачынаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, якія білі журналіста Трафімовіча

Антон Трафімовіч падчас асьвятленьня «чаргі да ЦВК» 15 ліпеня 2020 году

Бо ў выніку праверкі ня знойдзены склад злачынства, гаворыцца ў лісьце СК, які атрымаў Антон Трафімовіч.

Ліст са Сьледчага камітэту прыйшоў праз чатыры месяцы пасьля таго, як журналіста Радыё Свабода Антона Трафімовіча затрымалі і пабілі ў цэнтры Менску. 15 ліпеня ён асьвятляў падачу скаргаў у Цэнтральную выбарчую камісію. У той дзень некалькі соцень чалавек выстраіліся ў чаргу да ЦВК, каб падаць скаргу аб нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі як кандыдата ў прэзыдэнты.

Паўтузіна людзей, якія не назваліся, скруцілі журналіста, ударылі па твары, пасадзілі ў мікрааўтобус і адвезьлі ў Заводзкае РУУС. Сярод тых, хто яго затрымліваў, былі некалькі чалавек у форме АМАПу. Без складаньня пратаколу і без тлумачэньняў журналіста адпусьцілі праз гадзіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падлога пада мной была ў крыві». Карэспандэнту Свабоды зламалі нос пры затрыманьні

На наступны дзень Трафімовіч напісаў заяву ў СК з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу супраць сілавікоў, якія парушылі ягоныя правы як журналіста — гэта артыкул 198 Крымінальнага кодэксу.

Праз два месяцы прыйшоў першы адказ: праверку паводле заявы журналіста спынілі, бо СК Маскоўскага раёну не атрымаў вынікаў судова-мэдычнай экспэртызы.

«Цяжка ўявіць, што ліст ішоў два месяцы з вуліцы Кіжаватава, дзе месьціцца экспэртыза, да вуліцы Алібегава, дзе месьціцца СК», — сказаў Трафімовіч.

Цяпер жа, паводле інфармацыі СК, праверка праведзена, склад злачынства ня знойдзены. Таму ў завядзеньні крымінальнай справы журналісту адмовілі.

«Было б наіўна разьлічваць на нешта іншае. Асабліва пасьля таго, як сотням людзей зь цяжэйшымі траўмамі адмовілі ў крымінальных справах супраць сілавікоў», — сказаў Трафімовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сачылі за журналістамі Свабоды пасьля стрыму ад Цэнтравыбаркаму. Аўдыёзапіс радыёперамоваў

Да канца верасьня Антон Трафімовіч працаваў як акрэдытаваны журналіст беларускай службы Радыё Свабода. Пасьля падаў новыя дакумэнты на пераакрэдытацыю, адказу з МЗС ужо больш як два месяцы няма.

Пра перасьлед журналістаў Радыё Свабода ў Беларусі ўжо выказвалася кіраўніца РСЭ/РС Дэйзі Сындэлар.

«Спачатку беларускія ўлады паставілі працу журналістаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода па-за законам, пазбавіўшы іх акрэдытацыі. Калі адданыя сваёй справе журналісты знайшлі спосаб так ці інакш працаваць, улады абралі яшчэ больш жорсткую тактыку — перасьледы, пагрозы, арышты, — заявіла Дэйзі Сындэлар. — Гэта відавочнае пакараньне за іх працу, якая асьвятляе надзвычайныя пасьлявыбарныя падзеі ў Беларусі, і гэта непрымальна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца RFE/RL: Радыё Свабода будзе надалей выкарыстоўваць усе даступныя шляхі, каб забясьпечваць аўдыторыю навінамі без цэнзуры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта непрымальна». Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода асуджае перасьлед Грузьдзіловіча і яго калег