Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволеных Кацярыну Андрэеву, Кацярыну Барысевіч і Дар’ю Чульцову намінавалі на прэмію «Журналіст года-2020»


Журналісткі Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Кацярына Барысевіч.
Журналісткі Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Кацярына Барысевіч.

Названы шорт-ліст нацыянальнай прэміі праваабарончай супольнасьці. Кандыдаты вылучаныя ў трох катэгорыях: «Праваабаронца году», «Журналіст году», «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва году».

Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў , у кароткі сьпіс намінацыі «Праваабронца году-2020» увайшлі:

Тацяна Агеева

Павал Левінаў

Марфа Рабкова.

Марфа Рабкова зьняволеная паводле крымінальнай справы, заведзенай пасьля выбараў, прызнаная палітвязьнем.

У намінацыі «Журналіст году-2020» значацца супрацоўніцы СМІ, якія цяпер у зьняволеньні:

Кацярына Барысевіч, TUT.BY

Кацярына Андрэева, Белсат

Дар’я Чульцова, Белсат.

За званьне лепшай «Праваабарончай кампаніі/ініцыятывы-2020» будуць змагацца:

Кампанія ByCOVID-19

Валянтэрская служба Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Цырымонія абвяшчэньня ляўрэатаў прэміі праваабарончай супольнасьці адбудзецца 10 сьнежня, у дзень прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.

Пачатак трансьляцыі а 16-й на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў.

За кратамі бо журналісты

З пачаткам выбарчай кампаніі 2020 года ўлады Беларусі пачалі вайну супраць журналістаў і незалежных мэдыя. Іх пазбаўляюць акрэдытацый, б’юць, страляюць у іх гумовымі кулямі, затрымліваюць, саджаюць на «суткі» і заводзяць на іх крымінальныя справы. З таго часу журналістаў затрымлівалі больш за 500 разоў. Беларуская асацыяцыя журналістаў адсочвае ўсе выпадкі перасьледу журналістаў і супрацоўнікаў СМІ. Вось тыя, хто знаходзіцца ў зьняволеньні пад крымінальным перасьледам.

Ігар Лосік

Дар‘я i Ігар Лосікі

Ігар Лосік, журналіст Радыё Свабода, за кратамі з 25 чэрвеня 2020

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня ў ягонай кватэры ў Баранавічах. Там правялі ператрус і адвезьлі Ігара ў Менск. У той жа дзень стала вядома, што адміністратара папулярнага тэлеграм-каналу абвінавачваюць у «падрыхтоўцы да парушэньня грамадзкага парадку».

Цягам 41 дня (з 15 сьнежня 2020 па 25 студзеня 2021) трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачаньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.

14 сьнежня 2021 года Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Камэнтуючы прысуд праз жонку Дар‘ю, Ігар расказаў, што ў яго справе не было ніводнай экспэртызы і ніводнага паста, які б даказваў яго віну па прад’яўленых артыкулах.

Дома яго чакае 4-гадовая дачка Паўліна.

18 кастрычніка 2022 сілавікі затрымалі жонку Ігара Дар‘ю Лосік, якая змагалася за вызваленьне мужа. Яе вінавацяць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя — Мікалай Грыгаровіч.

28 чэрвеня 2022 году КДБ унёс Лосіка ў сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

У сакавіку 2023 году (або раней) Ігара зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу наваполацкай калёніі. Наведваньні адвакатаў і спатканьні са сваякамі Лосіку забароненыя, карэспандэнцыю яму не перадаюць. Паводле інфармацыі BelPol, адміністрацыя калёніі зладзіла ў дачыненьні да Лосіка правакацыю – спрабавала прымусіць яго чысьціць прыбіральню, што аўтаматычна цягне за сабой для зьняволенага набыцьцё «нізкага сацыяльнага статусу». На знак пратэсту Ігар у прыбіральні атраду парэзаў сабе шыю, але цяжкіх пашкоджаньняў не атрымаў.

Праваабаронцы прызналі Ігара і Дар’ю Лосікаў палітзьняволенымі. Рада БНР узнагародзіла Ігара і Дар'ю мэдалямі ордэна «Пагоні».

Прысуд: 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і часткі 2 артыкула 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Судзьдзя: Мікалай Доля.

Пракурор: Дзяніс Мікушаў.

за кратамі ўжо
Папраўчая калёнія № 1, 211440, Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. Лосіку Ігару Аляксандравічу
20 траўня 1992
Кацярына Андрэева

Кацярына Андрэева, журналістка «Белсату», за кратамі з 15 лістапада 2020

Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) затрымалі 15 лістапада 2020 году ў кватэры на «плошчы Пераменаў», адкуль яна вяла стрым для тэлеканалу «Белсат». У кватэры выламалі дзьверы, унутр забеглі дзесяць спэцназаўцаў і загадалі зьбіраць рэчы. На якой падставе яе затрымліваюць, Кацярыне не патлумачылі.

Андрэеву асудзілі на 7 сутак за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне». Яна не прызнала віны і абвінаваціла міліцыянтаў, якія складалі пратакол, у лжэсьведчаньні. Потым яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

18 лютага 2021 году ёй прысудзілі 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

10 лютага 2022 Кацярыну перавялі з папраўчай калёніі № 4 у гомельскі СІЗА ў сувязі з «працэсуальнымі дзеяньнямі». 7 красавіка 2022 года стала вядома, што журналістцы выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве». 13 ліпеня судзьдзя Гомельскага абласнога суду Алег Харошка прысудзіў Кацярыне 8 гадоў і 3 месяцы калёніі ўзмоцненага рэжыму. МУС уключыў журналістку ў «сьпіс экстрэмістаў».

Журналістку прызналі палітзьняволенай. Рада БНР узнагародзіла яе мэдалём ордэна «Пагоні».

Прысуд: 2 гады ў калёніі агульнага рэжыму паводле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і 8 гадоў і 3 месяцы ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкула 356 КК («Здрада дзяржаве»).

Судзьдзі: Натальля Бугук (першы прысуд), Алег Харошка (другі прысуд).

за кратамі ўжо
Папраўчая калёнія № 4, 246035, Гомель, вул. Антошкіна, 3. Кацярыне Андрэеўне Бахвалавай
2 лістапада 1993
Ксенія Луцкіна

Ксенія Луцкіна, журналістка, за кратамі з 22 сьнежня 2020

Да канца жніўня 2020 году Ксенія Луцкіна працавала спэцыяльным карэспандэнтам Белтэлерадыёкампаніі. Потым удзельнічала ў страйку, звольнілася на знак пратэсту і далучылася да Каардынацыйнай рады. Яе затрымалі разам зь іншымі фігурантамі «справы „Прэс-клюбу“» 22 сьнежня 2020. Першапачатковае абвінавачваньне — пасобніцтва ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў.

Луцкіна ня выйшла на волю разам з чатырма сябрамі «Прэс-клюбу» 19 жніўня 2021 года. Стала вядома, што супраць Луцкінай, якая адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, распачалі новую крымінальную справу. У зьняволеньні ў журналісткі абвастрыліся праблемы са здароўем — пачала расьці пухліна ў галаўным мозгу, абвастрылася бранхіяльная астма.

28 верасьня 2022 Менскі гарадзкі суд прысудзіў Ксеніі 8 гадоў калёніі за «змову ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

13 студзеня 2023 году МУС дадаў Луцкіну ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

У лютым 2023 году Ксенія перахварэла на двухбаковую пнэўманію. Часова праз стан здароўя яе вызвалілі ад работ у прамысловай зоне. У яе здараюцца прыступы, калі яна губляе прытомнасьць. Зьняволеная чакае на абсьледаваньне МРТ. Журналістка ў калёніі вяжа вяхоткі.

Праваабаронцы прызналі Ксенію Луцкіну палітзьняволенай. Дома жанчыну чакае непаўналетні сын.

Прысуд: 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму паводле ч.1 артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).

Судзьдзя: Тацьцяна Фалькоўская.

за кратамі ўжо
Папраўчая калёнія № 4, 246035, Гомель, вул. Антошкіна 3. Луцкіной Ксеніі Алегаўне
14 лютага
Андрэй Аляксандраў

Андрэй Аляксандраў, журналіст, за кратамі з 12 студзеня 2021

Андрэй Аляксандраў, 43 гады, перастаў выходзіць на сувязь 12 студзеня. Амаль суткі родныя і калегі ня ведалі пра яго месцазнаходжаньне. Потым стала вядома, што Андрэя і ягоную дзяўчыну Ірыну Злобіну затрымалі як падазраваных паводле крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Намесьнік міністра ўнутраных спраў заявіў, што яны фінансавалі ўдзельнікаў пратэстаў «у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампэнсацыяў утрыманьня ў ЦІП і ІЧУ». Праваабаронцы цьвердзяць, што гэта законная дабрачынная дзейнасьць.

30 чэрвеня журналісту выставілі яшчэ адно абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве», за што пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

За паэзію з-за кратаў Андрэй Аляксандраў стаў адным зь ляўрэатаў прэміі турэмнай літаратуры імя Францішка Аляхновіча.

1 верасьня 2022 Аляксандраў і Злобіна ўзялі шлюб у менскім СІЗА-1.

6 кастрычніка 2022 Менскі абласны суд прысудзіў Аляксандраву 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле шэрагу абвінавачаньняў, у тым ліку за «падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў беспарадках» і за «здараду дзяржаве». Ірына Злобіна атрымала 9 гадоў калёніі агульнага рэжыму.

20 студзеня 2023 году МУС дадала палітвязьня ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

У наваполацкай калёніі Аляксандраў працуе ў цэху дрэваапрацоўкі, зьбівае скрыні і паддоны. У зьняволеньні ён схуднеў на 40 кіляграмаў. Яму дазволілі перапісвацца з палітзьняволенай жонкай Ірынай Злобінай.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Прысуд: 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), арт. 243 КК («Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў»), арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»), арт. 356 КК «Здрада дзяржаве»).)

Судзьдзя: Вячаслаў Тулейка.

за кратамі ўжо
ПК №1, 211446, Наваполацак, вул. Тэхнічная, 8. Аляксандраву Андрэю Валер’евічу
27 студзеня 1978
Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын, журналіст-расьсьледавальнік, за кратамі з 12 сакавіка 2021

Рэдактара-валянтэра міжнароднай расьсьледвальнай супольнасьці InformNapalm і пазаштатнага карэспандэнта газэты «Новы час» Дзяніса Івашына супрацоўнікі КДБ затрымалі 12 сакавіка ў ягонай кватэры ў Горадні. Журналіста абвінавацілі ва «ўмяшаньні ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў» і ў «здарадзе дзяржаве».

Блізкія мяркуюць, што затрыманьне было зьвязана з расьсьледаваньнем Івашына пра службу былых украінскіх беркутаўцаў у МУС Беларусі.

Пасьля месяца закрытага судовага працэсу 14 верасьня 2022 Дзянісу Івашыну прысудзілі 13 год і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 22 800 беларускіх рублёў.

Журналіст адмовіўся ад супрацы са сьледзтвам і не прызнаў сябе вінаватым. На яго ўсяляк ціснулі ў ізалятары падчас сьледзтва. У чэрвені 2023 году Івашына перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Рада БНР узнагародзіла яго мэдалём ордэна «Пагоні».

Прысуд: 13 год і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле арт. 179 КК «Незаконны збор і распаўсюджваньне зьвестак пра прыватнае жыцьцё» і арт. 356 «Здрада дзяржаве».

Судзьдзя: Валеры Раманоўскі.

за кратамі ўжо
Сьледчая турма № 8, 222163, Жодзіна, вул. Савецкая, 22А. Івашыну Дзянісу Яўгенавічу
6 чэрвеня 1979
Анджэй Пачобут

Анджэй Пачобут, журналіст, за кратамі з 25 сакавіка 2021

25 сакавіка, у разгар беларуска-польскага дыпляматычнага канфлікту, у Горадні прайшлі ператрусы ў сяброў непрызнанага афіцыйным Менскам Саюзу палякаў у Беларусі. Генпракуратура распачала крымінальную справу за «распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці». Сярод арыштаваных лідэраў арганізацыі і вядомы журналіст Анджэй Пачобут. СПБ, а таксама ўрад Польшчы заявілі, што перасьлед ёсьць «актам запалохваньня ўсёй польскай меншасьці ў Беларусі».

Увосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Суд над Пачобутам пачаўся 16 студзеня 2023 году ў закрытым рэжыме. 8 лютага агучылі прысуд. Пасьля прысуду Пачобуту Польшча закрыла яшчэ адзін польска-беларускі пункт пропуску «Баброўнікі — Бераставіца».

4 кастрычніка 2022 году КДБ дадаў журналіста ў «сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». 23 чэрвеня 2023 году МУС унесла палітвязьня ў «сьпіс экстрэмістаў». У жніўні 2023 году Пачобута зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу на 6 месяцаў.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Прысуд: 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 3 арт. 130 КК «зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму» і паводле ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы».

Судзьдзя: Дзьмітры Бубенчык.

за кратамі ўжо
Папраўчая калёнія № 1, 211440, Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. Пачобуту Андрэю Станіслававічу
16 красавіка 1973
Людміла Чэкіна

Людміла Чэкіна, генэральны дырэктар Tut.by, за кратамі з 18 траўня 2021

Людміла Чэкіна працавала ў Tut.by зь 2008 году, спачатку юрысконсультам, у 2017 годзе яна ўзначаліла кампанію.

Людмілу Чэкіну затрымалі 18 траўня 2021 году разам зь іншымі фігурантамі «справы Tut.by» за нібыта ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Цягам наступнага году трох фігурантак справы Алены Талкачову, Вольгу Лойка і Кацярыну Ткачэнка выпусьцілі з-пад варты. Яны зьехалі за мяжу. Крымінальную справу ў дачыненьні да іх вылучылі ў асобную судовую вытворчасьць. Абвесьцілі іх вышук.

Суд над Людмілай Чэкінай і галоўнай рэдактаркай Tut.by Марынай Золатавай пачаўся ў Менскім гарадзкім судзе 9 студзеня 2023 году. Прысуд агучылі 17 сакавіка 2023 году. Абедзьвюх асудзілі на 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Чэкінай таксама далі 37 тысяч рублёў штрафу.

У кастрычніку 2022 году КДБ уключыў Чэкіну ў сьпіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». 18 жніўня 2023 году МУС унёс палітзьняволеную ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Праваабаронцы прызналі Чэкіну палітычнай зьняволенай.

Прысуд: 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 2 артыкулу 243 «ухіленьне ад сплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры»; часткі 3 артыкулу 130 «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці»; часткі 3 артыкулу 361 «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

Судзьдзя: Валянціна Зянькевіч.

Пракурор: Тацяна Гракун.

за кратамі ўжо
папраўчая калёнія №4, 246035, Гомель, вул. Антошкіна, 3. Чэкінай Людміле Юр’еўне
13 ліпеня 1973
Марына Золатава

Марына Золатава, галоўная рэдактарка парталу Tut.by, за кратамі з 18 траўня 2021

Нязьменнага галоўнага рэдактара Tut.by (з 2004 году) Марыну Золатаву затрымалі разам з 14 іншымі фігурантамі «справы Tut.by» 18 траўня. 31 траўня стала вядома, што яе абвінавачваюць у саўдзеле ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Усяго затрымалі 15 чалавек, асацыяваных з Tut.by, у тым ліку і супрацоўнікаў рэдакцыі, якія ў сваёй працы не зьвязаныя з эканамічнай дзейнасьцю кампаніі, выплатай падаткаў і юрыдычнымі аспэктамі працы. Сайт Tut.by заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі».

9 студзеня 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся судовы працэс, ад пачатку яго зрабілі закрытым. Прысуд агучылі 17 сакавіка.

У кастрычніку 2022 году КДБ уключыў Золатаву ў сьпіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». 18 жніўня 2023 году МУС унёс яе ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Марына Золатава стала фіналісткай Прэміі праваабарончай супольнасьці Беларусі за 2022 год у намінацыі «Журналіст/журналістка году».

Праваабаронцы прызналі Золатаву палітычнай зьняволенай.

Прысуд: 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 2 артыкулу 243 «ухіленьне ад сплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры»; часткі 3 артыкулу 130 «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці»; часткі 3 артыкулу 361 «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

Судзьдзя: Валянціна Зянькевіч.

Пракурор: Тацяна Гракун.

за кратамі ўжо
папраўчая калёнія №4, 246035, Гомель, вул. Антошкіна, 3. Золатавай Марыне Васільеўне
6 лістапада 1977
Валерыя Касьцюгова

Валерыя Касьцюгова, палітоляг, журналістка, за кратамі з 30 чэрвеня 2021 году

Валерыю Касьцюгову, заснавальніцу і шматгадовую рэдактарку сайта экспэртнай супольнасьці «Наше мнение» і ўкладальніцу выданьня «Белорусский ежегодник», затрымалі 30 чэрвеня 2021 году. На яе завялі крымінальную справу за «Змову або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады», «Саўдзел у злачынстве» і «Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду зьнешняй бясьпецы Беларусі, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці». Дэталі справы не выдавалі, адвакат знаходзіўся пад падпіскай аб невыдаваньні. 6 лютага 2023 году над Касьцюговай пачаўся судовы працэс, 17 сакавіка вынесьлі прысуд.

Падчас зьняволеньня памёр бацька Валерыі Касьцюговай. 31 жніўня 2023 году КДБ унёс палітзьняволеную ў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.

Прысуд: 10 гадоў калёніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 357 «Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады», ч. 6 арт. 16 «Саўдзел у злачынстве» і ч. 3 арт. 361 «Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду зьнешняй бясьпецы Беларусі, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці».

Судзьдзя: Дзіна Кучук.

за кратамі ўжо
папраўчая калёнія №4, 246035, Гомель, вул. Антошкіна, 3. Касьцюговай Валерыі Барысаўне
30 снежня 1967
Дзьмітры Наважылаў

Дзьмітры Наважылаў, былы гендырэктар агенцтва БелаПАН, за кратамі з 18 жніўня 2021

У 1990-х Дзьмітры Наважылаў працаваў разам з Паўлам Шараметам карэспандэнтам ОРТ у Беларусі, пасьля быў кіраўніком карпункту расейскага тэлеканалу «Первый». З 2015 года – у БелаПАН. Пасьля сьмерці заснавальніка агенцтва Алеся Ліпая ў жніўні 2018 г. Наважылаў стаў выканаўцам абавязкаў, а потым і гендырэктарам. У студзені 2021-га Наважылаў звольніўся на ўласнае жаданьне, аднак 18 жніўня да яго прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Падазраваны паводле ч.1 арт. 342 КК, Наважылаў ня выйшаў на волю пасьля трох сутак у ізалятары на Акрэсьціна.

6 кастрычніка 2022 Менскі абласны суд прысудзіў Наважылаву 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньня ў стварэньні і дзейнасьці «экстрэмісцкага фармаваньня» і ў нявыплаце падаткаў.

20 студзеня 2023 году МУС дадала Наважылава ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Дзьмітры працуе ў калёніі ў швейным цэху.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Прысуд: 6 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») і арт. 243 КК (Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў).

Судзьдзя: Вячаслаў Тулейка.

за кратамі ўжо
папраўчая калёнія №3, 211322, Віцебская вобласьць, п. Віцьба. Наважылаву Дзьмітрыю Ўладзімеравічу
12 жніўня 1972
Ірына Леўшына

Ірына Леўшына, гендырэктар і галоўны рэдактар агенцтва БелаПАН, за кратамі з 18 жніўня 2021

Ірына Леўшына прыйшла ў БелаПАН у верасьні 1992 году на запрашэньне свайго аднакурсьніка заснавальніка агенцтва Алеся Ліпая. З 2004 году яна – галоўны рэдактар, з 22 студзеня 2021 году – яшчэ і дырэктар кампаніі. У 2018 годзе Леўшына была адной з фігурантак «справы БелТА», паводле якой журналістаў вінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі дзяржагенцтва.

Нягледзячы на папярэджаньні аб пагрозе, Ірына Леўшына вырашыла працаваць у Беларусі да апошняга. 18 жніўня ў 6 цяперашніх і былых супрацоўнікаў БелаПАН прайшлі ператрусы ў рамках крымінальнай справы за арганізацыю і падрыхтоўку беспарадкаў ці ўдзел у іх. Леўшыну затрымалі на 72 гадзіны, пасьля якіх яна ня выйшла на волю.

6 кастрычніка 2022 Менскі абласны суд прысудзіў Леўшынай 4 гады калёніі агульнага рэжыму паводле абвінавачаньня ў стварэньні і дзейнасьці «экстрэмісцкага фармаваньня». У апошнім слове журналістка назвала абвінавачаньне «поўным трызненьнем».

20 студзеня 2023 году МУС дадала Леўшыну ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.

Прысуд: 4 гады ў калёніі агульнага рэжыму паводле артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).

Судзьдзя: Вячаслаў Тулейка.

за кратамі ўжо
Папраўчая калёнія № 4, 246035, Гомель, вул. Антошкіна, 3. Леўшынай Ірыне Алегаўне
29 лістапада 1965
Іна Можчанка

Іна Можчанка, былая супрацоўніца БелТА, за кратамі з 29 верасьня 2021

Да затрыманьня Іна Можчанка працавала кіраўніцай сэктара працы з электроннай інфармацыяй аддзела падтрымкі і разьвіцьця інтэрнэт-рэсурсаў дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Падставай для затрыманьня жанчыны сталі падзеі 28 верасьня 2021 году. На забойства супрацоўніка КДБ Федасюка і ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара Можчанка адрэагавала допісамі ў сацсетках. Ужо 29 верасьня да яе прыйшлі сілавікі.

7 верасьня 2022 Берасьцейскі абласны суд прысудзіў Іне Можчанка 3 гады ў калёніі агульнага рэжыму за «абразу прадстаўніка ўладаў» і «распальваньне варожасьці ці варажнечы».

Праваабаронцы прызналі журналістку палітзьняволенай. КДБ уключыў яе ў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Прысуд: 3 гады ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 130 («Распальваньне варожасьці ці варажнечы»).

Судзьдзя: Вера Філонік.

Пракурор: Аляксандр Бацюшка.

за кратамі ўжо
Папраўчая калёнія № 4, 246035, Гомель, вул. Антошкіна, 3. Можчанцы Іне Віктараўне
29 траўня 1977
Ірына Слаўнікава

Ірына Слаўнікава, журналістка TVP, за кратамі з 30 кастрычніка 2021

Журналістку польскага TVP і былую супрацоўніцу «Белсату» Ірыну Слаўнікаву разам з мужам затрымалі 30 лістапада 2021 года ў менскім аэрапорце па вяртаньні з адпачынку. Двойчы ёй прысудзілі па 15 сутак арышту нібыта за захоўваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і за «дробнае хуліганства».

Пазьней стала вядома, што Слаўнікава падазраваная паводле крымінальнага артыкула.

3 жніўня 2022 Гомельскі абласны суд прызнаў журналістку вінаватай у «арганізацыі пратэстаў» і «кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем» і пакараў яе 5 гадамі зьняволеньня - на 1 год больш, чым прасіў пракурор.

16 сьнежня 2022 году Слаўнікаву ўключылі ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Журналістка працуе ў швейным цэху гомельскай калёніі, у яе моцна пагоршыўся зрок.

Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.

Прысуд: 5 год у калёніі агульнага рэжыму паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і арт. 361-1 КК (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).

Судзьдзя: Мікалай Доля.

Пракурор: Ірына Падкавырава.

за кратамі ўжо
Папраўчая калёнія № 4, 246035, Гомель, вул. Антошкіна, 3. Слаўнікавай Ірыне Аляксандраўне
12 ліпеня 1970
Андрэй Кузьнечык

Андрэй Кузьнечык, журналіст Радыё Свабода, за кратамі з 25 лістапада 2021

25 лістапада 2021 году Андрэя Кузьнечыка затрымалі каля дому, у кватэры ўчынілі ператрус, забраўшы грошы, тэхніку і іншыя прадметы. Кузьнечыка зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Яму двойчы прысудзілі па 10 сутак арышту нібыта за «дробнае хуліганства».

23 сьнежня 2021 году стала вядома, што супраць журналіста распачалі крымінальную справу. Сям’я і грамадзкасьць даведаліся пра сутнасьць абвінавачваньня толькі праз паўгоду пасьля затрыманьня.

8 чэрвеня 2022 Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя.

Сваёй віны ён не прызнаў. За дзень да затрыманьня Кузьнечык напісаў своеасаблівы маніфэст, у якім патлумачыў сваё рашэньне застацца ў Беларусі, нягледзячы на пагрозы.

У верасьні 2022 МУС уключыла Кузьнечыка ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Праваабаронцы прызналі журналіста палітвязьнем.

Прысуд: 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).

Судзьдзя: Ігар Шведаў.

за кратамі ўжо
Папраўчая калёнія № 1, 211440, Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. Кузьнечыку Андрэю Аляксеевічу
29 сьнежня 1978
Сяргей Сацук

Сяргей Сацук, журналіст, рэдактар «Ежедневника», за кратамі з 8 сьнежня 2021 году

Аднаго з пачынальнікаў журналістыкі расьсьледаваньняў у Беларусі арыштавалі 8 сьнежня 2021 пасьля вобшуку дома і допыту ў Сьледчым камітэце ў справе паводле артыкула 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабару).

25 сакавіка 2020 года Сацука ўжо затрымлівалі ў гэтай жа справе. Праваабарончыя арганізацыі заявілі тады пра «наяўнасьць палітычнага матыву ў перасьледзе журналіста, накіраванага на прымус да спыненьня або зьмяненьня характару яго дзейнасьці па распаўсюджваньні інфармацыі аб карупцыі». 4 красавіка 2020 генпракурор Беларусі адмяніў рашэньне аб узяцьці пад варту Сяргея Сацука.

У чэрвені 2022 стала вядома, што журналіста вінавацяць яшчэ і ў распальваньні варажнечы (арт. 130 КК) і перавышэньні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў (арт. 426 КК). Якіх канкрэтна дзеяньняў рэдактара тычацца абвінавачаньні, невядома.

26 кастрычніка 2022 году Менскі гарадзкі суд прыгаварыў Сяргея Сацука да 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яму прысудзілі сумарны штраф звыш 28 тысяч рублёў. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, прысуд Сацуку — помста за ягоныя рэзанансныя расьсьледаваньні.

Сяргей Сацук мае даўнія праблемы з сэрцам, яму пажыцьцёва прапісалі прымаць пэўныя лекі. У сьледчых ізалятарах Менску, а потым турмы № 4 Магілёва Сацуку не перадавалі рэцэптурныя прэпараты. У магілёўскай калёніі яму дазволілі перадаваць кардыялягічныя прэпараты. Да таго ж яго перавялі на лягчэйшую працу — журналіст перабірае і сартуе сьмецьце.

Праваабаронцы прызналі журналіста палітвязьнем.

Прысуд: 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулаў 430 Крымінальнага кодэкса («Атрыманьне хабару»), 130 («Распальваньне варожасьці ці варажнечы»), 426 («Перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў»).

Судзьдзя: Сьвятлана Бандарэнка.

за кратамі ўжо
ПК №15, 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадзкая шаша, 183. Сацуку Сяргею Віктаравічу
15 красавіка 1968
Дзьмітры Лукша

Дзьмітры Лукша і Паліна Палавінка

Дзьмітры Лукша, карэспандэнт тэлеканала «Хабар24» (Казахстан), за кратамі з 11 сакавіка 2022

Дзьмітрыя Лукшу затрымалі 11 сакавіка пасьля ператрусу ў кватэры ў Менску. Падставай нібыта стаў ягоны сюжэт на казахстанскім тэлеканале «Хабар 24». Раней Лукша шмат гадоў працаваў у Белтэлерадыёкампаніі, быў вядоўцам праграмы «Зона X», удзельнічаў у стварэньні ў тым ліку і прапагандысцкіх перадач.

Спачатку мужчыну абвінавацілі нібыта ў абразе прадстаўніка ўлады. Пасьля стала вядома, што яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.

2 сьнежня 2022 Менскі гарадзкі суд прысудзіў Дзьмітрыю Лукшу 4 гады калёніі і штраф у 16 тысяч рублёў. Ягоная жонка Паліна Палавінка, затрыманая ў чэрвені ў той жа справе, атрымала 2,5 года калёніі і штраф у 3200 рублёў, а апэратар Канстанцін Ніканораў — 3 гады «хатняй хіміі» і штраф 3 200 рублёў. МУС дадала Дзьмітрыя ў «сьпіс экстрэмістаў» 24 сакавіка 2023 году.

МУС дадала Лукшу ў «сьпіс экстрэмістаў» 24 сакавіка 2023 году.

Праваабаронцы прызналі Дзьмітрыя Лукшу і Паліну Палавінку палітвязьнямі.

Прысуд: 4 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і артыкула 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

Судзьдзя: Натальля Бугук.

за кратамі ўжо
ПК № 17, 213004, Шклоў, вуліца 1-я Заводзкая, 8. Лукшы Дзьмітрыю Міхайлавічу
31 ліпеня 1989
Юры Ганцарэвіч

Юры Ганцарэвіч, журналіст Intex-Press, за кратамі з 27 красавіка 2022

29 красавіка 2022 году журналіста баранавіцкага выданьня Intex-Press Юрыя Ганцарэвіча асудзілі на 10 сутак арышту. Празь некалькі дзён прапагандысцкія тэлеграм-каналы паведамілі, што журналіст нібыта дасылаў здымкі расейскай ваеннай тэхнікі ў незалежныя СМІ, прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі».

6 траўня 2022 году Ганцарэвіча абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». У рэдакцыі Intex-Press прайшоў ператрус.

14 ліпеня 2022 году журналісту прысудзілі 2,5 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Праваабаронцы прызналі Юрыя Ганцарэвіча палітвязьнем.

Прысуд: 2 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Судзьдзя: Мікалай Грыгаровіч.

за кратамі ўжо
Папраўчая калёнія №3, 211300, Віцебская вобласьць, Віцебскі раён, п. Віцьба. Ганцарэвічу Юрыю Юр’евічу
Канстанцін Залатых

Канстанцін Залатых, дырэктар «Белорусы и рынок», за кратамі з 18 траўня 2022

Дырэктара штотыднёвай газэты «Белорусы и рынок» затрымалі 18 траўня 2022 года пасьля вобшуку ў рэдакцыі. У чэрвені яму выставілі крымінальнае абвінавачаньне за нібыта распальваньне варажнечы.

Спачатку Канстанцін знаходзіўся ў СІЗА Жодзіна. У пачатку жніўня 2022 году яго перавялі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Ягоную справу пачалі разглядаць 24 сакавіка 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс амаль адразу зрабілі закрытым. Прысуд вынесьлі 6 красавіка 2023 году.

13 ліпеня 2023 году КДБ дадаў Залатых у «тэрарыстычны сьпіс». 21 ліпеня 2023 году МУС унесла яго ў «сьпіс экстрэмістаў».

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Прысуд: 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 2 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне варожасьці»), часткі 1 артыкулу 368 КК («Абраза Лукашэнкі»), артыкулу 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), часткі 2 артыкулу 426 КК («Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў»).

Судзьдзя: Алена Шылько.

за кратамі ўжо
папраўчая калёнія №1, 211440, Наваполацак, вул. Тэхнічная, 8. Залатых Канстанціну Ўладзіміравічу
Аляксандар Любянчук

Аляксандар Любянчук, журналіст, за кратамі з 26 траўня 2022

Аляксандар Любянчук апроч журналістыкі займаўся дабрачыннасьцю, ладзіў турыстычныя паходы, аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну Наваградчыны. Яго затрымалі пасьля ператрусу ў вёсцы Крывічы Івейскага раёну 26 траўня 2022. Якое менавіта абвінавачаньне яму выставілі, было невядома да самага суду. 27 кастрычніка Менскі гарадзкі суд агучыў вырак: 3 гады калёніі за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім».

МУС уключыла Любенчука ў «сьпіс экстрэмістаў» 17 лютага 2023 году.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Прысуд: 3 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).

Судзьдзя: Алена Ананіч.

за кратамі ўжо
ПК № 15, 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадзкая шаша, 183. Любянчуку Аляксандру Мікалаевічу
1 верасьня
Юры Гладчук

Юры Гладчук, журналіст abw.by, за кратамі з 16 чэрвеня 2022

Рэдактара спэцпраектаў аўтамабільнага партала «Аўтабізнэс»/abw.by затрымалі 16 чэрвеня 2022 года пасьля вобшукаў. Пазьней яго перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Праваабаронцы прызналі Юрыя Гладчука палітвязьнем. Ягоную справу разглядзелі ў сьнежні 2022 году ў судзе Фрунзенскага раёну Менску. Судзілі яго ўжо паводле двух артыкулаў: да ранейшага дадалі артыкул 368 («Абраза Лукашэнкі»).

Прысуд: 2,5 гады калёніі паводле артыкулаў 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і 368 («Абраза Лукашэнкі»).

за кратамі ўжо
ПК №1, 211440, Наваполацак, вул. Тэхнічная, 8. Гладчуку Юрыю Аляксандравічу.
Іван Мураўёў

Іван Мураўёў, журналіст, за кратамі з 29 жніўня 2022

Апэратара, фатографа і ўласьніка менскай «Кальяннай № 1» Івана Мураўёва затрымалі супрацоўнікі Сьледчага камітэту 29 жніўня 2022 года.

26 сьнежня 2022 Менскі гарадзкі суд агучыў вырак: 2,5 года калёніі агульнага рэжыму за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні». Такім палічылі відэаздымкі для расьсьледаваньня тэлеканала «Белсат» пра сям’ю Лукашэнкі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў пазьней даведалася, што Мураўёва асудзілі за відэаздымкі для расьследаваньня журналіста Станіслава Івашкевіча, якое выйшла на тэлеканале «Белсат». Сюжэт пад назвай «Сяброўка Ліліі Лукашэнка і алігархі сталі бэнэфіцыярамі справы артапэдаў» зьявіўся ў ліпені 2022 году.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Прысуд: 2 гады і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 3 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).

Судзьдзя: Алена Шылько.

за кратамі ўжо
Папраўчая калёнія №2, 213800, Бабруйск, вул. Сікорскага, 1. Мураўёву Івану Барысавічу
23 лістапада 1978
Павал Мажэйка

Павал Мажэйка, журналіст, за кратамі з 30 жніўня 2022

Кіраўніка горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» журналіста Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 пасьля чарговага вяртаньня ў Беларусь. У кватэры Паўла і ў яго бацькоў правялі ператрусы.

Празь нейкі час яго перавялі ў СІЗА. Паводле «Вясны«, на Паўла завялі крымінальную справу за рэалізацыю ім свабоды выказваньня меркаваньня.

Зь 10 па 26 ліпеня 2023 году над Паўлам Мажэйкам ішоў судовы працэс у Горадзенскім абласным судзе. Яго судзілі разам з адвакаткай Юліяй Юргілевіч. Іх вінавацілі ў тым, што Юргілевіч нібыта двойчы перадала Мажэйку інфармацыю пра сваё звальненьне і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну. Паводле матэрыялаў сьледзтва, журналіст разьмясьціў гэтую інфармацыю на тэлеканале «Белсат», які рэжым Лукашэнкі прызнаў «экстрэмісцкім».

29 чэрвеня 2023 году КДБ дадаў Мажэйку ў «тэрарыстычны сьпіс». 30 чэрвеня 2023 году МУС унесла палітвязьня ў «сьпіс экстрэмістаў».

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Прысуд: 6 гадоў калёніі паводле часткі 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («Іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, зьдзейсьненае паўторна, групай асобаў з папярэдняй змовы»).

Судзьдзя: Максім Філатаў.

за кратамі ўжо
Папраўчая калёнія №2, 213800, Бабруйск, вуліца Сікорскага, 1. Мажэйку Паўлу Іванавічу
Яўген Меркіс

Яўген Меркіс, журналіст, за кратамі з 13 верасьня 2022

Яўген Меркіс – вядомы ў Гомлі журналіст. Асьвятляў акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Яго неаднаразова затрымлівалі, штрафавалі, адпраўлялі на суткі. Пасьля таго, як рэжым Лукашэнкі прызнаў шэраг незалежных мэдыя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», Яўген займаўся краязнаўчай дзейнасьцю. Яго затрымалі пасьля ператрусу дома 13 верасьня 2022 году.

Першапачаткова паведамлялася, што перасьлед зьвязаны з заклікамі да санкцый. Пазьней стала вядома, што яго абвінавацілі ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці. Яўгена ў СІЗА №3 зьмяшчалі на чатыры дні ў карцар за тое, што ён нібыта не пагаліўся. Працэс над Яўгенам пачаўся 11 траўня 2023 году ў Гомельскім абласным судзе у закрытым рэжыме. 30 траўня 2023 году Яўгена асудзілі на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Прысуд: 4 гады калёніі паводле часткі 3 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім») і частак 1 і 2 артыкулу 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Судзьдзя: Аляксей Хлышчанкоў.

за кратамі ўжо
ПК № 17, 213004, Шклоў, вуліца 1-я Заводзкая, 8. Меркісу Яўгену Аляксандравічу
Дзьмітры Семчанка

Дзьмітры Семчанка, экс-прапагандыст АНТ, за кратамі зь 15 верасьня 2022

Кіраўнік «прэзыдэнцкага пулу», Дзьмітры Семчанка сышоў зь дзяржаўнага тэлеканалу АНТ пасьля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту ў жніўні 2020 году. У верасьні таго году ён адбыў 15 дзён арышту за ўдзел у маршы. 15 верасьня 2022 Дзьмітрыя з жонкай Юліяй (пазьней выпусьцілі) затрымалі ў Менску. Дзьмітрыя двойчы арыштоўвалі на 15 сутак за «дробнае хуліганства».

У кастрычніку стала вядома, што Семчанку вінавацяць у «распальваньні нянавісьці». У праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяльнае відэа», дзе Семчанка кажа, што пад яго пастамі ў сацсетках быў «тэкст, які экспэртная камісія палічыла распальваньнем нянавісьці да супрацоўнікаў міліцыі».

Пазьней стала вядома, што Семчанку вінавацяць у трох допісах у сацыльных сетках «ВКонакте» і Instagram (паводле іншых зьвестак, у «розных Telegram-каналах») у 2020 - 2022 гадах, якія нібыта фармавалі «нэгатыўнае стаўленьне да праваахоўным органаў, вайскоўцаў і прадстаўнікоў дзяржаўнай улады агулам».

9 чэрвеня 2023 году МУС унесла Семчанку ў «сьпіс экстрэмістаў». 14 чэрвеня 2023 году КДБ унёс яго ў «сьпіс тэрарыстаў».

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Прысуд: 3 гады калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («распальваньне сацыяльнай варожасьці і звады»).

Судзьдзя: Яўген Пісарэвіч.

за кратамі ўжо
папраўчая калёнія №22, 225295, Берасьцейская вобласьць, Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20. Семчанка Дзьмітрыю Віктаравічу
Ларыса Шчыракова

Ларыса Шчыракова, былая незалежная журналістка, за кратамі з 6 сьнежня 2022

Былую незалежную журналістку з Гомля Ларысу Шчыракову затрымалі 6 сьнежня 2022г. Пазьней стала вядома, што супраць яе распачалі крымінальную справу за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі».

Непаўналетняга сына Шчыраковай забралі са школы ў прытулак для моладзі ў дзень затрыманьня маці. Пазьней бацька, які жыў у Расеі, забраў сына з прытулку.

Яшчэ ў 2021 годзе Шчыракова публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі. Працавала фатографам, дакумэнтуючы беларускія культурныя традыцыі і прапануючы ахвочым этнафотасэсіі.

Паводле матэрыялаў справы, Ларыса Шчыракова нібыта зьмясьціла ў інтэрнэце зьвесткі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь. Яе вінавацілі таксама ў «зборы, стварэньні, апрацоўцы, захоўваньні і перадачы інфармацыі для „Вясны“ і „Белсату“».

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўключыла Ларысу Шчыракову ў «сьпіс экстрэмістаў» 22 верасьня 2023 году.

Праваабаронцы прызналі яе палітвязьнем.

Прысуд: 3,5 гады калёніі агульнага рэжыму паводле часткак першай і другой артыкулу 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і артыкула 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і штраф 3500 рублёў.

Судзьдзя: Мікалай Доля.

за кратамі ўжо
папраўчая калёнія №4, 246035, Гомель, вул. Антошкіна, 3. Шчыраковай Ларысе Фёдараўне
Павал Падабед

Павал Падабед, журналіст, апэратар, за кратамі з 21 студзеня 2023

Паўла Падабеда затрымалі 21 студзеня 2023 году ў Менску, калі ён пайшоў на пошту зрабіць плацяжы за навучаньне сына. Імаверна, што затрымлівалі проста на пошце, бо ён не пасьпеў аформіць усе патрэбныя плацяжы, і перастаў выходзіць на сувязь.

Спачатку яму далі 15 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Яго ўтрымлівалі ў СІЗА Менскага раёну і ў ЦІП на Акрэсьціна. Пасьля на яго завялі крымінальную справу за рэпосты з «экстрэмісцкіх» мэдыя яшчэ 2012 году. Паўла перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. Увосень 2020 году Паўла затрымлівалі за ягоную прафэсійную дзейнасьць на адной з акцый пратэсту.

Суд над Паўлам пачаўся 28 чэрвеня 2023 году. Падчас працэсу выявілася, што яго вінавацяць у супрацоўніцтве зь «Белсатам». Яго падазравалі ў падрыхтоўцы сюжэтаў для расьсьледвальніцкіх праграм — пра зьнікненьне відэаапэратара Дзьмітрыя Завадзкага і забойства журналіста Паўла Шарамета. Таксама стала вядома, што тэлефон Падабеда праслухоўвалі. Прысуд журналісту агучылі 30 чэрвеня 2023 году: 4 гады калёніі агульнага рэжыму.

У кастрычніку 2023 году МУС дадала Паўла Падабеда ў «сьпіс экстрэмістаў».

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Прысуд: 4 гады калёніі агульнага рэжыму паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Судзьдзя: Яўген Пісарэвіч.

за кратамі ўжо
турма № 4, 212011, Магілёў, вул. Крупскай, 99А. Падабеду Паўлу Васільевічу
13 траўня 1979
Вячаслаў Лазараў

Вячаслаў Лазараў, журналіст, апэратар, за кратамі з 9 лютага 2023

Вячаслава затрымалі дома ў Віцебску 9 лютага 2023 году. Правялі ператрусы па месцы ягонай прапіскі і прапіскі ягонай жонкі, забралі лічбавую тэхніку: тэлефоны, ноўтбук, маленькую відэакамэру. Спачатку яго трымалі ў віцебскім ІЧУ, потым перавялі ў віцебскі СІЗА № 2. Пазьней стала вядома, што яму інкрымінуюць «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

У 2018 і ў 2019 гадах Лазарава двойчы каралі штрафамі за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» (ч. 2 арт. 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях). У 2020 годзе суд Кастрычніцкага раёну Віцебска скасаваў справу, пачатую ў дачыненьні да яго паводле таго ж артыкула. Падчас жнівеньскіх падзей 2020 года Лазарава таксама затрымлівалі, тады міліцыянты пратрымалі яго некалькі гадзін у ІЧУ і вызвалілі без пратакола.

6 чэрвеня 2023 году затрымалі жонку Вячаслава Тацяну Пыцько. Малую дачку Тацяны і Вячаслава Еву аддалі ў дзіцячы шпіталь. Спачатку дзіця ўзялі пад апеку дзяржавы, потым апеку аформілі сваякі. На той момант Еве быў 1 год і 1 месяц. Тацяну вінавацілі ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзеле ў ім» (арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі). У сьледчы камітэт трапіў архіў Вячаслава, які захоўваўся на ягоных кампутарах і ў тэлефоне. Там знайшліся відэаздымкі, падчас якіх прысутнічала і Тацяна Пыцько. На думку сьледзтва, такім чынам яна ўзяла ўдзел у дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня. У 2020-м годзе яе штрафавалі за ўдзел у мірных шэсьцях. Праз гэта яна страціла настаўніцкую працу ў школе. Пасьля нараджэньня малодшай дачкі займалася выхаваньнем яе і дваіх старэйшых дзяцей ад першага шлюбу.

Суд над Вячаславам Лазаравым і ягонай жонкай Тацянай Пыцько нібыта за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» пачаўся 5 верасьня 2023году. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме ў Віцебскім абласным судзе. Вячаславу ў верасьні 2023 году далі 5,5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Тацяне – 3 гады калёніі агульнага рэжыму. У лістападзе 2023 году апэляцыйныя скаргі сужэнцаў разгледзелі ў Вярхоўным судзе Беларусі. Ім перакваліфікавалі склад злачынства на «Уваходжаньне асобы ў склад экстрэмісцкага фармаваньня ў мэтах учыненьня злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні)» (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу). Вячаславу паменшылі тэрмін да 5 гадоў калёніі, Тацяну вызвалілі з-пад варты, адтэрмінаваўшы пакараньне.

Праваабаронцы прызналі Вячаслава і Тацяну палітвязьнямі.

Прысуд: 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле часткі 3 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу «Уваходжаньне асобы ў склад экстрэмісцкага фармаваньня ў мэтах учыненьня злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні)».

Судзьдзя: Яўген Буруноў.

за кратамі ўжо
ПК № 15, 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183. Лазараву Вячаславу Дзьмітрыевічу
29 жніўня 1976
Аляксандар Манцэвіч

Аляксандар Манцэвіч, журналіст, галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газэты», за кратамі з 15 сакавіка 2023

Аляксандар Манцэвіч зь Вялейкі стварыў «Рэгіянальную газэту» у красавіку 1995 году і ўзначальваў яе з моманту заснаваньня. Яна стала адным зь першых прыватных выданьняў у Беларусі, да разгрому была вядучым незалежным мэдыя Маладэчна і рэгіёну. Манцэвіч неаднойчы станавіўся пераможцам журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.

Яго затрымалі падчас хвалі ператрусаў у рэгіянальных мэдыя 15 сакавіка 2023 году разам з жонкай Нінай Манцэвіч і калегамі Сяргеем Станкевічам і Алегам Рубчэням, апошнім далі 15 дзён адміністрацыйнага арышту за нібыта «непадпарадкаваньне міліцыі», жонку выпусьцілі. 23 сакавіка 2023 году стала вядома, што на 64-гадовага галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газэты» завялі крымінальную справу і пераводзяць у СІЗА. Аляксандра абвінавацілі ў «распаўсюдзе заведама лжывых зьвестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады». Падставай сталі артыкулы ў «Рэгіянальнай газэце» за пэрыяд зь 1 студзеня 2020 году да 15 сакавіка 2023 году. «Рэгіянальную газэту» унесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» 7 красавіка 2023 году.

27 верасьня 2023 году пачаўся суд над Манцэвічам. Паводле матэрыялаў справы, дырэктар рэдакцыі «Рэгіянальнай газэты» сумесна зь іншымі асобамі зь 1 студзеня 2020 году па 15 сакавіка 2023 году нібыта распаўсюджваў у друкаваным выданьні і ягоных інтэрнэт-рэсурсах зьвесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і ейныя органы ўлады. Рэдактар сказаў моцнае апошняе слова: «Майго дзеда расстралялі за Беларусь, а я пабаюся вашых чатырох гадоў, грамадзянін дзяржаўны абвінаваўца? Паглядзіце мне ў вочы. Ніколі». Прысуд агучылі 3 лістапада 2023 году: 4 гады калёніі агульнага рэжыму і 14 тысяч 800 рублёў штрафу.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Аляксандар Манцэвіч стаў «Журналістам году» — прэміі праваабарончай супольнасьці за абарону і прасоўваньне правоў чалавека ў 2023 годзе.

Прысуд: 4 гады калёніі агульнага рэжыму і 14 тысяч 800 рублёў штрафу.

Судзьдзя: Аляксей Іршын.

за кратамі ўжо
папраўчая калёнія №22, 225295, Берасьцейская вобласьць, Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20. Манцэвічу Аляксандру Барысавічу
5 жніўня 1958
Аляксандар Зянкоў

Аляксандар Зянкоў, фатограф, фрылянсэр, за кратамі з 22 чэрвеня 2023

Аляксандар Зянкоў працаваў фатографам-фрылянсэрам з 1998 году. Зарэгістраваўся як прыватны прадпрымальнік, сам шукаў сабе працу і плаціў падаткі. Супрацоўнічаў зь мясцовымі незалежнымі выданьнямі. Захапіўся відэаздымкамі, рабіў дакумэнтальныя стужкі. У 2015 годзе журы фэстывалю хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат» адзначыла ягоную працу пра адбудову царквы ў вёсцы Зэмбін. Апошнім часам Аляксандар шмат падарожнічаў, фатаграфаваў краявіды, прыроду, птушак, помнікі архітэктуры. У сьнежні 2022 году ладзіў пэрсанальную фотавыставу.

Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 году ў ягоным доме ў Барысаве. Зрабілі ператрус, забралі кампутарную тэхніку. Яго завезьлі ў Менск. Спачатку трымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, потым перавялі ў сьледчы ізалятар №1 на вуліцы Валадарскага. Яго вінавацяць ва «удзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Зянкова і раней затрымлівалі міліцыянты, але да адміністрацыйнага або крымінальнага перасьледу не даходзіла. У ліпені 2020 году ён быў у ліку 47 журналістаў і фатографаў, якіх затрымалі ў Менску і адпусьцілі пасьля праверкі дакумэнтаў. У верасьні 2020-га да яго прыходзіла міліцыя, каб папярэдзіць, што нельга парушаць заканадаўства.

12 студзеня 2024 году пачаўся суд над Зянковым у Менскім гарадзкім судзе. Справу разглядала Жанна Брысіна. 30 студзеня суд пакараў яго 3 гадамі пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Аляксандра Зянкова прызналі палітвязьнем.

Прысуд: 3 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле артыкулу 361-1, ч. 3 Крымінальнага кодэксу РБ («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).

за кратамі ўжо
СІЗА № 1, 220030, Менск, вул. Валадарскага, 2. Зянкову Аляксандру Аляксандравічу
12 лістапада 1968 году
Ігар Карней

Ігар Карней, журналіст, за кратамі з 17 ліпеня 2023

Ігар Карней — былы карэспандэнт Радыё Свабода, больш за 20 гадоў асьвятляў на нашых радыёхвалях і вэб-сайце жыцьцё і падзеі ў Беларусі. Ён эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі і рэпартажаў са шматлікіх падарожжаў па сьвеце.

Ігара затрымалі 17 ліпеня 2023 году. Дома правялі ператрус. Далі 10 сутак арышту ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. За што яго затрымалі, невядома. Пасьля адміністрацыйнага арышту Карнея ня выпусьцілі. На яго завялі крымінальную справу, перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Пазьней стала вядома, што Ігара вінавацяць ва «удзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні».

Журналіста затрымлівалі ў лістападзе 2020 году перад маршам пратэсту. Арыштавалі на 10 сутак. Тады ён сядзеў у ізалятары ў горадзе Жодзіна.

Суд над журналістам пачаўся 19 сакавіка 2024 году ў Менскім гарадзкім судзе. Ігара Карнея судззілі за супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якую ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». 22 сакавіка 2024 году Карнея асудзілі на 3 гады калёніі агульнага рэжыму, таксама яму далі штраф у 20 тысяч рублёў.

Ігара Карнея прызналі палітвязьнем.

Прысуд: 3 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле артыкулу 361-1, ч. 3 Крымінальнага кодэксу РБ («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і штраф у памеры 20 тысяч беларускіх рублёў.

Судзьдзя: Сяргей Кацар.

за кратамі ўжо
СІЗА № 1, 220030, Менск, вул. Валадарскага, 2. Карнею Ігару Пятровічу
1 студзеня 1968
Андрэй Толчын

Андрэй Толчын, журналіст, відэаапэратар, за кратамі з 27 верасьня 2023

Андрэй Толчын – журналіст-фрылянсэр і грамадзкі актывіст з Гомля. Быў дэпутатам гарадзкога савету Гомля ў 1990 годзе. Стваральнік гомельскай гарадзкой газэты «Гомельскія ведамасьці».

Яго затрымалі 27 верасьня 2023 году. 28 верасьня ў ягонай кватэры ў Гомлі правялі ператрус, забралі кампутэрную тэхніку. Пазьней стала вядома, што яго вінавацяць у «паклёпе на Лукашэнку», «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і «дыскрэдытацыі Беларусі». Суд над Андрэем пачынаецца ў Гомельскім абласным судзе 5 сакавіка 2024 году. Яго ўтрымліваюць у СІЗА №3 у Гомлі.

Андрэя Толчына неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасьць зь 2017 году. У верасьні 2020 году яго забралі перад маршам пратэсту разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай. Тады Толчыну далі 5 сутак арышту. Увесь час за кратамі ён трымаў «сухую галадоўку».

У 2021 годзе яго затрымалі перад працэсам у «справе Ціханоўскага» нібыта за «Парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі» (артыкул 23.5 КаАП). Тады ў яго канфіскавалі відэатэхніку і далі 870 рублёў штрафу.

Пасьля падзеяў 2020 году Толчын пакінуў прафэсію. Незадоўга перад апошнім затрыманьнем памерла ягоная сястра, за якой ён даглядаў падчас ейнай хваробы.

За час у СІЗА стан здароўя Андрэя моцна пагоршыўся. 21 сакавіка 2024 году Толчына асудзілі на 2,5 гады калёніі за паклёп на Лукашэнку і за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Андрэя Толчына прызналі палітвязьнем.

Прысуд: 2,5 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Паклёп на Лукашэнку») і артыкулу 361-1 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Судзьдзя: Дзьмітры Казлоў.

за кратамі ўжо
СІЗА № 3, 246003, Гомель, вул. Кніжная, 1. Толчыну Андрэю Мікалаевічу
13 ліпеня 1959 году
Алесь Сабалеўскі

Алесь Сабалеўскі, блогер, фрылянсэр, за кратамі з 12 сьнежня 2023

Алесь Сабалеўскі – былы магілёўскі блогер і журналіст, супрацоўнічаў з шэрагам незалежных рэгіянальных выданьняў. Вёў Youtube-канал пра падзеі культурнага і грамадзкага жыцьця ў Магілёве.

Блогера затрымалі ранкам 12 сьнежня 2023 году ў Магілёве. Яго забралі з працы ў пункце пракату. За некалькі дзён да гэтага прайшла хваля затрыманьняў і ператрусаў у магілёўскіх журналістаў. Іх дапытвалі ў КДБ, калі інфармацыйныя рэсурсы «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»

Сабалеўскаму спачатку далі 10 сутак арышту, за што – невядома. Потым на яго склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол – за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (артыкул 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях Беларусі). Аднак і пасьля другога адміністрацыйнага арышту 6 студзеня ён ня выйшаў на свабоду.

Паводле вэрсіі тэлеграм-канала Mayday Team, які вядуць магілёўскія журналісты і праваабаронцы, Алеся Сабалеўскага маглі перавесьці ў сьледчы ізалятар.

У студзені 2021-га да Сабалеўскага ўжо прыходзілі з вобшукам. Тады ператрусы правялі ў офісе рэдакцыі інфармацыйнага сайта «Магілёўскі рэгіён» і ў кватэрах шэрагу рэгіянальных журналістаў. Тэхніку, якую забралі падчас ператрусаў, журналістам вярнулі толькі ў кастрычніку 2022 году.

Паводле інфармацыі ад людзей, якія знаходзіліся з Алесем Сабалеўскім у адной камеры ІЧУ ў першыя дні пасьля ягонага затрыманьня, яго білі на допытах, на целе журналіста было відаць гематомы.

Паводле праваабаронцаў, крымінальны перасьлед Алеся Сабалеўскага можа быць зьвязаны з тым, што рэгіянальных мэдыя: YouTube-канала 6TV Belarus, інфармацыйнага сайта «Магілёў.Media» прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Алеся Сабалеўскага прызналі палітвязьнем.

Абвінавачаньне: невядомае

за кратамі ўжо
СІЗА, турма № 4, 212011, Магілёў, вул. Крупскай, 99А. Сабалеўскаму Аляксандру Яўгенавічу
15 сьнежня 1967 году
Яўген Глушкоў

Яўген Глушкоў, журналіст, відэаапэратар, за кратамі з 5 студзеня 2024

Яўген Глушкоў – былы магілёўскі журналіст і відэаапэратар. У 1990-я і 2000-я працаваў на гарадзкой тэлевізіі, пасьля супрацоўнічаў зь некалькімі гарадзкімі парталамі.

Глушкоў у апошні раз зьвязваўся са знаёмымі 4 студзеня 2024 году. Пасьля гэтага дома не зьяўляўся, нікому не пісаў, не тэлефанаваў. Знаёмыя мяркуюць, што Глушкова затрымалі 4 або 5 студзеня. Суседзі бачылі, як яго выводзяць міліцыянты. Яўген жыў адзін, кантакты з жонкай і сынам апошнім часам не падтрымліваў. Жонцы сьледчы паведаміў, што Глушкоў пад сьледзтвам. Сілавікі прымусілі Глушкова запісаць відэа, дзе ён кажа, што супрацоўнічаў з інтэрнэт-рэсурсам 6tv.by. Гэтае мэдыя абвешчанае ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

У сьнежні 2023 году прайшла хваля затрыманьняў і ператрусаў у магілёўскіх журналістаў. Іх дапытвалі ў КДБ, калі інфармацыйныя рэсурсы «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

У траўні 2018 году Глушкова аштрафавалі на 735 рублёў (30 базавых) за «выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў MayDay, Глушкова затрымалі штурмам дому, бо ён не адчыніў дзьверы сілавікам. Яго выцягнулі на вуліцу ў адзеньні, у якім ён знаходзіўся дома. Паводле некаторых зьвестак, крымінальную справу завялі за журналісцкую дзейнасьць. Меркаваны артыкул – «Стварэньне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэксу).

Праваабаронцы прызналі Яўгена Глушкова палітвязьнем.

Абвінавачаньне: «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім» (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэксу).

за кратамі ўжо
СІЗА турмы № 4, 212011, Магілёў, вул. Крупскай, 99А. Глушкову Яўгену Аляксандравічу
11 сьнежня 1968 году

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG