Яшчэ адзін украінец прызнаўся СБУ, што быў завэрбаваны ў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Адзін з раённых судоў Чарнігаўскай вобласьці вызваліў ад крымінальнай адказнасьці грамадзяніна Ўкраіны, жыхара Чарнігаўшчыны, які прызнаўся, што быў завэрбаваны прадстаўніком беларускай памежнай службы.

Як паведаміў на судовым пасяджэньні абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе, беларускія памежнікі затрымалі яго сёлета 29 жніўня, калі ён лавіў рыбу на Дняпры каля паселішча Мнёў Чарнігаўскага раёну — там, дзе па фарватэры праходзіць мяжа Беларусі і Ўкраіны.

Яго даставілі на памежную заставу на беларускай тэрыторыі, і там, як адзначаецца ў рашэньні суду, «пад пагрозай крымінальнай адказнасьці за парушэньне мяжы нявызначаны супрацоўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі прапанаваў яму негалосную супрацу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Казакевіч: улады ня змогуць стабілізаваць Беларусь. Адной сілы недастаткова

Украінец вымушана пагадзіўся на супрацу, але па вяртаньні на ўкраінскую тэрыторыю зьвярнуўся ва ўпраўленьне СБУ ў Чарнігаўскай вобласьці, дзе і паведаміў пра сваю вярбоўку. Паводле яго, беларускія памежнікі цікавіліся арганізацыяй аховы дзяржаўнай мяжы каля паселішчаў Неданчычы і Дняпроўскае ў Чарнігаўскім раёне, а таксама асабістым складам памежных атрадаў, маршрутамі аховы, узбраеньнем, вайсковай тэхнікай і фартыфікацыйнымі збудаваньнямі на мяжы. Сабраную інфармацыю «агент» павінен быў перадаваць у часе сваіх наступных выездаў на рыбную лоўлю ў тым жа месцы.

Улічваючы, што рыбак добраахвотна прызнаўся ў тым, што быў завэрбаваны, і такім чынам не прычыніў шкоды дзяржаве, суд вызваліў яго ад крымінальнай адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Эўразьвязу дамовіліся пра новыя санкцыі, у тым ліку супраць Лукашэнкі

У кастрычніку ў Службе бясьпекі Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што з траўня беларускія спэцслужбы актывізавалі сваю дзейнасьць па вэрбаваньні ўкраінцаў. У СБУ таксама сьцьвярджаюць, што з таго часу выявілі факты, калі спэцслужбы Беларусі спрабавалі «разгайдаць» украінскіх праварадыкалаў для дыскрэдытацыі Ўкраіны на міжнароднай арэне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У СБУ расказалі, як спэцслужбы Беларусі вэрбуюць украінцаў для шпіянажу на сваю карысьць

Каго яшчэ вэрбавалі?

З 2016 году стала вядома прынамсі пра восем заяваў аб вэрбаваньні ўкраінцаў беларускімі спэцслужбамі і яшчэ пра некалькі — расейскімі і польскімі органамі выведкі. Цяперашні — дзявяты вядомы выпадак на мяжы зь Беларусьсю. У адным зь іх завэрбаваны ў Беларусі грамадзянін Украіны нават назваў імя свайго беларускага куратара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінец, нібыта завэрбаваны ў Беларусі, здаўся ў СБУ і назваў імя куратара

Пасьля першых аналягічных гісторыяў у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе заяўлялі, што такія факты фіксуюць «амаль сыстэматычна». Што праўда, пра іх ніколі не паведамляюць афіцыйна — усе яны сталі вядомыя пасьля публікацыі судовых рашэньняў аб закрыцьці крымінальных справаў супраць украінцаў, якія добраахвотна паведамілі СБУ пра сваё вэрбаваньне.

У студзені 2020 году стала вядома, што ва Ўкраіне ўпершыню завялі крымінальную справу на супрацоўніка апэратыўна-вышуковага аддзелу Пінскага памежнага атраду Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, які нібыта займаўся вэрбаваньнем украінскіх грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне хочуць пакараць беларуса, які нібыта вэрбаваў украінцаў для шпіянажу