Фальсыфікацыя Дуды, правал Зяленскага, параза Лінкявічуса. Лукашэнка пакпіў з суседзяў 

Паводле Лукашэнкі, Анджэй Дуда "сфальсыфікаваў" прэзыдэнцкія выбары

Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў грамадзка-палітычную сытуацыю ў суседніх краінах — Польшчы, Літве і Ўкраіне.

Ва ўсіх названых краінах значныя праблемы ў адносінах паміж насельніцтвам і ўладай, якія часам выліваюцца ў вулічныя пратэсты, цытуе Лукашэнку БелТА. У прыватнасьці, ён ацаніў актыўнасьць у Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы рыхтуюць блякаваньне вуліц і жаночы страйк. Супраць чаго пратэст

«Яны хацелі ў нас зладзіць нават не рэвалюцыю, а мяцеж, а атрымалі самі. Сытуацыя няпростая. Там не адмарозкі падняліся, а жанчыны, і зразумела, за што. Падняліся сяляне, і яны ведаюць, за што. Рабочыя падняліся, дзяржслужбоўцы. Жанчыны пачалі пратэставаць не таму, што аборты забаранілі. Гэта спускавы кручок. Дуда перамог у Польшчы, сфальсыфікаваўшы выбары. Там нават працэнту перавагі не было. Сфальсыфікаваў. І адтуль усё пачалося. Яны хацелі стрэлкі перавесьці на нас. А палякі ня дурні, і там гэта ўсё пачалося».

Акрамя таго, па зьвестках Лукашэнкі, у Польшчы назапасіліся істотныя эканамічныя праблемы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лех Валэнса: «Я хачу, каб у беларусаў усё атрымалася»

«Так, там ёсьць кучка багатых, але колькі там бедных? І разрыў паміж беднатой і багатымі велізарны. Гэта самае небясьпечнае для любой дзяржавы. Гэта ўсё ў кучу сабралася, а далей — спускавы кручок: для сялян — пушніна, для жанчын — аборты. Гэта была нагода. А там даўно ўжо рэвалюцыя сьпела, і я ім пра гэта казаў: ня лезьце ў чужы агарод, разьбярыцеся ў сябе. Не, палезьлі», — падсумаваў Лукашэнка.

Гаворачы пра сытуацыю ў Літве і вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія там прайшлі нядаўна, Лукашэнка сказаў наступнае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва прыпыніла вылучэньне сродкаў Беларусі ў рамках праграмы ЭЗ

«Апазыцыя выйграла выбары. Вось ўмяшаліся ў Беларусь — страцілі ўладу. Напрыклад, не прайшла ў новы парлямэнт партыя, ад якой балятаваўся кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус, ён ня раз выступаў з крытычнымі заявамі аб Беларусі».

Атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі пратэстуе супраць таго, што Ўкраіна хоча прыцягнуць беларускіх спэцыялістаў

«А што ва Ўкраіне адбылося, наш сябар Валодзя Зяленскі? — працягнуў ён геапалітычны экскурс. — Поўная параза на выбарах у мясцовае самакіраваньне... Таму ня трэба ў суседа кідаць камяні, ня трэба ў наш агарод лезьці. Разьбярыцеся найперш у сябе. Трэба заўсёды быць сумленным, надзейным для суседа, шчырым», — падсумаваў Лукашэнка.