Не магу маўчаць. „Апошняй кропляй стала затрыманьне маёй цымбалісткі“

Кацярына Ваданосава

„Не магу маўчаць“ — словы, якімі тлумачаць свой сыход зь дзяржаўнае працы людзі самых розных прафэсіяў. Калі вы зь іхнага ліку — напішыце нам пра сваю гісторыю і сваё рашэньне на адрас: radiosvaboda@gmail.com

Са сьпявачкай Кацярынай Ваданосавай я дамовіўся сустрэцца на канцавым прыпынку трамвая ў Зялёным Лузе. І, пад’яжджаючы да таго прыпынку, колькі сэкундаў насалоджваўся цудоўным кадрам зь невядомага кіно. Трамвайнае кола, за якім густая лістота восеньскага сквэру, пустынны прыпынак, на якім стаіць адзінокая прыгажуня. Прычым прыбяры прыгажуню з кадра альбо дадай на прыпынак іншых людзей — і “кіна” ня будзе. Каб кадар драматургічна працаваў, прыгажуня павінна быць адна. У чаканьні ці ў праводзінах, але адна.

Я ня ведаю, хто прапанаваў ролю вядоўцы праграмы „Жывая культура“ менавіта Ваданосавай. Але гэта было геніяльнае рашэньне. У гэтай перадачы Кацярына прымушала затрымацца тэлегледача каля экрана БТ дзякуючы нястомнаму, непасрэднаму ўменьню зьдзіўляцца гэтаму жыцьцю . Не пераключацца на іншую кнопку. Нязмушана паказвала, што сёньня нічога цікавейшага, чым традыцыйная культура беларусаў, папросту не існуе. Калі я даведаўся, што Ваданосава пакінула трэці канал БТ, дык спачатку засмуціўся. Ёй жа не навіны чытаць! Але потым зразумеў: ня можа быць ніякай жывой культуры разам з гэтымі мёртвымі навінамі.


Кацярына Ваданосава:

Кацярына Ваданосава

— „Жывую культуру“ вы пабачыце, але ўжо безь мяне. Здымачная група ўжо едзе ў другую выправу. Апэратар і рэжысэр са мной сустракаліся і сказалі, што праграма будзе выходзіць і далей, але на пасаду вядоўцы яны нікога не знайшлі. Гэта будзе як дакумэнтальная стужка. Будзе больш маналёгаў герояў. Я ў гэтую праграму трапіла, можна сказаць, выпадкова. Дырэктарка тэлеканала пабачыла мяне ў нейкай перадачы, дзе я была госьцяй, і вырашылі мяне паспрабаваць. Я прыйшла, і высьветлілася, што гэта маё. Бо, па-першае, я ведала, пра што я буду расказваць. А па-другое, мне гэта страшэнна цікава. Калі ў нас праграма пра ткацтва, дык я ўмею ткаць. Калі ў нас праграма пра песьні, дык я ўмею сьпяваць. І я без усялякай крывадушнасьці магу сказаць, што мне вельмі падабаецца беларуская традыцыйная культура. І, вядома, тое, што цяпер я гэтым ня буду займацца... Першыя дні пасьля звальненьня я была ў адчаі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Як можна працаваць у Адміністрацыі прэзыдэнта пасьля таго, што адбылося на Акрэсьціна“

Падчас здымкаў былі розныя выпадкі. Часам сьмешныя, часам недарэчныя. Дзесьці хтосьці адмаўляўся здымацца, дзесьці хтосьці баяўся. Вельмі паказальны быў выпадак, калі мы прыехалі здымаць праграму пра лякальную кухню ў мястэчка Адэльск, на Горадзеншчыне, а там адмовіліся людзі з намі супрацоўнічаць, бо, казалі, ім ксёндз забараніў. Бо мы прыехалі зь Менску і мы ўсе там камуністы. І вельмі часта мне даводзілася проста ісьці па вёсцы і літаральна разгаворваць першую сустрэчную бабульку, якая ў градах корпалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Канчаткова дабіла спроба вэрбаваньня ў КГБ“

Былі праграмы прахадныя. Прыехаў, адзьняўся, зьехаў -- і нічога ня памятаеш. А вось “каменныя дзевачкі” помняцца. Гэта было маё першае сутыкненьне з Палесьсем. Аказалася, што там жывуць людзі, абсалютна адрозныя ад тых, якіх мы бачым тут. Я нават дакладна словамі не магу акрэсьліць... Яны проста іншыя. Калі ты заходзіш у паўразбураную будыніну, якая калісьці была клюбам, у якой зьбіраюцца гэтыя бабулькі, яны цябе вітаюць, абдымаюць, цалуюць. Вы ідзяце здымаць сюжэт у лесе, да “каменных дзевачак”. Потым яны зьбіраюцца назад, у вёску. А нам трэба яшчэ дазьняць некалькі кадраў. І мы застаёмся там, каля гэтых “дзевачак”. Але, калі мы вяртаемся ў гэты “недаклюб”, бабулькі ўжо накідваюцца са страшэннай сілай. Яны ўжо неадэкватныя. Літаральна гадзіну таму яны абдымалі цябе і цалавалі, а тут яны пачынаюць на цябе проста наяжджаць. З матамі-пераматамі. А ты ня можаш зразумець, у чым справа. Высьветлілася, што ў гэтых мясьцінах, так, як мы сябе павялі, — гэта абсалютны мавэтон. Калі ты здолееш да палешука ўцерціся ў давер, ён зробіць для цябе ўсё што заўгодна. Але пакуль ты ня ў зоне ягонага даверу, да цябе будуць ставіцца вельмі насьцярожана. І будуць рабіць усё, каб паказаць, хто тут самы галоўны. Што ты тут госьць, ты павінен падпарадкоўвацца і любым спосабам выказваць гэтую павагу. Падкрэсьліваць, што яны тут галоўныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Міліцыя не з народам, як і народ не зь міліцыяй»

Калі я напісала заяву на звальненьне, я думала, што я адна такая. Я ведала, што пара людзей да гэтага сышлі. І нават было крышку крыўдна, што ня я звольнілася, а аказалася, што яшчэ процьма людзей у гэты ж самы час. І атрымліваецца, што я нібыта як усе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. Як сыходзіў Купалаўскі тэатар

Я думала пра звальненьне зь вясны. Калі пачаўся COVID, калі мяне прымусілі ехаць у службовую выправу, адкуль я прыехала з каранавірусам. Мне не было страшна за сябе. Мне было страшна, што я магу быць носьбітам. Я прыеду да гэтай стогадовай бабулькі, і калі яна, ня дай Божа, памрэ, у гэтым буду вінаватая я, і ніхто іншы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Я прыйшоў прасіць звальненьня, бо эмацыйна выгараў“

Усё ішло да таго, што гэтая эскаляцыя ўнутранага канфлікту выбухнула б рана ці позна. Магчыма, гэта адбылося б пазьней, чым я думала. Але ж мы яшчэ песеньку запісалі напярэдадні выбараў: „Забіць цмока“. І калі я яе выдавала, чальцы маёй здымачнай групы казалі: „Каця, ну куды? Ну нашто?“ Дзяржаўная тэлевізія — гэта такая штука, што, калі ты не выказваеш ляяльнасьць у межах сваёй праграмы, ты павінен быць вельмі асьцярожны. Вельмі абачлівы! Калі мяне бралі на працу, мне прамым тэкстам казалі, каб я сачыла за тым, што я пішу ў сацсетках, каб я не выказвалася занадта радыкальна. Гэта, у прынцыпе, ні на што не паўплывала, але мяне чамусьці трывалі. Можа, проста за мной ніхто не сачыў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Адразу пасьля выбараў нам у дзяржаўных СМІ на трыста рублёў падвысілі аклад“

Гэты ўнутраны канфлікт нарастаў. І недзе 7 жніўня я зразумела, што не застануся далей працаваць. Але гэта было вельмі цяжкае для мяне рашэньне. Бо гэта маё. Усе гэтыя два гады я была шчасьлівым чалавекам. Я мела такую працу, якая на сто адсоткаў адпавядала майму ўнутранаму сьветаўспрыманьню. Яна задавальняла ўсе мае патрэбы, якія толькі можа даць прага працы. І таму рашыцца на гэты крок было вельмі горка. Але апошняй кропляй стала затрыманьне маёй цымбалісткі, якая зьяўляецца ляўрэаткай прэміі прэзыдэнта для падтрымкі таленавітай моладзі. Яе затрымалі ўвечары 10-га жніўня. Яна была на Акрэсьціна ў самыя страшныя часы. Яе вялі па калідоры з заламанымі рукамі, а ў яе пад нагамі хрумсьцелі выбітыя зубы, а на сьценах былі сьляды чалавечай жыцьцядзейнасьці ўперамешку з крывёю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Наш пратэст запавольваецца не ад таго, што мы ня палім пакрышак»

11-га я ўжо падала заяву. Прычым гэта было так цікава! Я ноч ня спала, рыхтавалася, што я скажу. Я прыйшла ў кабінэт, думала, што зараз пачнецца штампаваньне мазгоў. А мая начальніца са мной нават не сустрэлася. Я ня бачыла нікога ні са сваёй здымачнай групы, ні з начальства. Колькі мы праехалі па краіне, колькі начавалі ў адных гатэлях. І ніхто, акрамя двух чалавек, мне нават не напісаў. Яны ўсе засталіся працаваць. Магчыма, хтосьці лічыць мяне здрадніцай, бо парушыла ўсе пляны. Са мной жа была дамова на наступныя тры гады. Праект плянаваўся вельмі доўгім і маштабным. А я вось так — хоп, усё ўзяла і абарвала. Але я папярэдне расказала пра сваю пазыцыю, напісала, чаму я гэта раблю, папрасіла ў кожнага прабачэньня. Але, напэўна, гэтага было недастаткова для іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік прэзыдэнцкага пулу журналістаў звольніўся з АНТ і асудзіў міліцэйскі гвалт

Не шкадую. Бо я б не змагла хадзіць праз гэтую прахадную. Гэта было непрымальна для мяне. Мне прыйшлося гэта зрабіць, калі я гэтую заяву падпісваць ішла. Мне ўжо было страшэнна цяжка. Там стаяў ужо “ланцуг” жанчын каля Белтэлерадыёкампаніі. Прычым сярод іх былі і супрацоўніцы БТ. Калі я праходзіла праз гэты “ланцуг” жанчын і заходзіла ў дзьверы, за якімі стаяў АМАП ужо... Я б не змагла яшчэ раз туды прайсьці. Гэта было ня столькі здрадай майму ўнутранаму ўсяму, колькі тым людзям, якія пацярпелі. Прычым ня толькі ў тыя тры дні. Колькі людзей пацярпела ў 2006 годзе, у 2010-м...

На БТ працуюць каля 1500 чалавек. Заяву на звальненьне падалі недзе каля 200. А звольніліся яшчэ меней. Тыя, хто застаўся, стварылі свой чат. Кожны зь іх піша, як ён робіць усё, што можа. А тыя гадзюкі, што пазвальняліся, ім прасьцей за ўсё. Звольніліся і цяпер, маўляў, такія чысьценькія. “А вось мы! Паспрабуйце жыць у гразі і рабіць добрую справу -- гэта значна цяжэй!”

Кацярына Ваданосава

Я не зьвярталася ні ў якія фонды. Ёсьць людзі, якія пацярпелі нашмат больш, чыя я. Я не лічу сябе проста дастойнай зьвяртацца ў такія фонды. У мяне дзеці. На іх трэба выдаткоўваць шмат часу. І цяпер, паколькі мне ня трэба езьдзіць у пяцідзённыя выправы, я магу спакойна вадзіць дзяцей у музычную школу, на трэніроўкі. Я рамесьніца. Я шмат чаго ўмею, шмат чаго раблю. Раблю гістарычную рэканструкцыю строяў. Кнігі па тэхналёгіях XV стагодзьдзя. Займаюся каліграфіяй, мастацкай вышыўкай. Умею вышываць паводле рэнэсансных тэхналёгій, золатам, шклярусам, чым заўгодна. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва – гэта тое, чым я люблю займацца. Думала, што гэта нікому не патрэбна. Ого! Я памылялася. Людзі заўсёды адчуваюць прагу да прыгожага, выкшталцонага. Акрамя рамесьніцтва, я цяпер яшчэ і настаўніца інтэграванага курсу па беларускай мове, літаратуры ды гісторыі Беларусі ў прыватнай школе „Горад Сонца“.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу быць са сваім народам» — былая вядучая Пытлева пра два лягеры і пра норавы на БТ

Як гэтае лета нас зьмяніла! Адкрылася вельмі шмат людзей, пра якіх я нават падумаць не магла, што яны настолькі клясныя людзі! Напрыклад, пасьля таго, як я напісала заяву. Памятаю, сяджу дома, і нехта ў дзьверы звоніць. Гляджу ў вочка, як усе цяпер, з асьцярогаю. Стаіць суседка. Зь якой я нічога, акрамя вітаньняў, не казала. Адчыняю дзьверы. Яна стаіць і кажа: "Я чула пра тое, што сталася з табой, чула пра тваю сяброўку, якая цяпер там. Я прынесла табе…” І дае мне кошык з дурніцамі. "Я сама на балоце зьбірала. А мая дачка працуе ў флярыстычнай краме. Вось табе букет зрабіла, і тваёй Ані букет зрабіла". Яна стаіць, са мной размаўляе і плача. Жанчына, якой каля сямідзесяці гадоў. Ці жанчына, якая заўсёды крышку грэбліва ставілася да маіх дзяцей, калі мы прыходзілі ў паліклініку і прасілі ў рэгістратуры картку. Заўжды штосьці буркне. А тут, я гляджу, яна стаіць у гэтым “ланцугу”. Гэта натхняе і дае веру. Многім цяпер цяжка прачынацца, амаль немагчыма заснуць. Але тады трэба ўспамінаць пра такія штукі, і становіцца крышку лягчэй.