У МУС Беларусі адрэагавалі на заявы пра катаваньні і згвалтаваньні затрыманых дэманстрантаў

Генадзь Казакевіч

Ні адзін факт згвалтаваньняў затрыманых у Беларусі падчас пратэстаў не пацьверджаны, заявіў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў, начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч.

«Тая нэгатыўная ацэнка, якая даецца міжнароднай супольнасьцю сытуацыі ў Беларусі, заснаваная на недакладнай інфармацыі. На жаль, не называюцца канкрэтныя факты гвалту, канкрэтныя факты катаваньняў, згвалтаваньняў і гэтак далей. Усё неяк агульна», — сказаў Казакевіч, яго цытуе БЕЛТА.

Ён сказаў, што на сёньняшняй сустрэчы кіраўніцтва МУС з пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі Іаанай Казана-Вішнявецкі прадаставілі інфармацыю, якая «абвяргае фэйкавыя навіны аб катаваньнях і згвалтаваньнях з боку праваахоўнікаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разрэзалі шорты ззаду нажом». Мянчук расказаў аб згвалтаваньні АМАПам падчас затрыманьня. ВІДЭА

Паводле Генадзя Казакевіча, ёсьць некалькі тысяч зваротаў грамадзян, кожны зь якіх Сьледчы камітэт праверыць «належным чынам» пад наглядам Генэральнай пракуратуры, але «тыя абставіны, якія правераныя, кажуць пра тое, што ні адзін факт згвалтаваньняў не пацьверджаны».

Па словах Казакевіча, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі таксама выступае за ўзмацненьне адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах і, у прыватнасьці, ініцыюе ўвядзеньне адказнасьці за «наўмыснае ўцягваньне дзяцей у пратэставую дзейнасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З актавай залі вынесьлі крэслы, каб складаваць затрыманых». Аповед Ільлі Сіліча зь Берасьця, якому пры затрыманьні праламалі чэрап
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН абвясьціла пра 450 выпадкаў катаваньняў пасьля акцый пратэсту ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала беларусаў засьведчыць усе факты гвалту, які яны зазналі пасьля выбараў