Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заклікала беларусаў засьведчыць усе факты гвалту, які яны зазналі пасьля выбараў


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў паведамляць міжнародным экспэртам, якія працуюць у Беларусі ў рамках Маскоўскага мэханізму АБСЭ, пра ўсе факты гвалту і ціску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

«Кожны з вас ведае, што мірных людзей у нашай краіне рэпрэсуюць. Кожны або перажыў гэта на сабе, або асабіста ведае людзей, якія былі зьбітыя, зазналі катаваньні, арышты і мноства іншых відаў ціску. Мы ўсё гэта бачылі і працягваем бачыць дзень пры дні. І мы ўсе хочам спыніць гвалт. Цяпер у нас ёсьць працоўны інструмэнт, каб гэта зрабіць», — адзначае Сьвятлана Ціханоўская, якую цытуе тэлеграм-канал «Светлана Тихановская» (ранейшы «Пул Первой»).

Цяпер у Беларусі працуе Маскоўскі мэханізм АБСЭ: міжнародныя экспэрты зьбіраюць інфармацыю пра ўсе пагрозы жыцьцю і свабодзе беларусаў і заклікаюць усіх, хто стаў ахвярай гвалту з боку сілавікоў, паведамляць пра гэта на электронны адрас moscowmechanism2020@odihr.pl.

У паведамленьні трэба падаць сваё імя, прозьвішча, узрост, дату і апісаньне падзеі (калі сам чалавек або яго блізкія пацярпелі ад сілавых структур), а таксама пазначыць, ці ў небясьпецы вы проста цяпер.

«Вашы імёны ня трапяць у публічны доступ, але стануць адным зь відавочных пацьверджаньняў хлусьні рэжыму. Ня дайце ім хлусіць, што вас не існуе. Адпраўляйце на гэтую пошту ўсе вядомыя вам факты гвалту — збор заяваў адкрыты да 5 кастрычніка», — дадае Сьвятлана Ціханоўская.

За правядзеньне гэтай місіі (Маскоўскага мэханізму ў АБСЭ для расьсьледаваньня падзей у Беларусі) прагаласавалі 17 краінаў-чальцоў — гэта самая вялікая колькасьць у гісторыі мэханізму.

Маскоўскі мэханізм АБСЭ дазваляе правесьці пад эгідай АБСЭ расьсьледаваньне падзей і прадставіць пра гэта справаздачу. Першы раз Маскоўскі мэханізм у дачыненьні да Беларусі быў ініцыяваны ў красавіку 2011 году, пасьля масавых рэпрэсіяў, якія адбыліся пасьля выбараў 2010 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG