Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З актавай залі вынесьлі крэслы, каб складаваць затрыманых». Аповед Ільлі Сіліча зь Берасьця, якому пры затрыманьні праламалі чэрап


Ільл Сіліч
Ільл Сіліч

Падчас акцый у мінулыя выходныя і тыднем раней журналісты і праваабаронцы заўважылі, што сілавікі ў рэгіёнах — Горадня, Гомель, Берасьце — паводзілі сябе падчас затрыманьняў пратэстоўцаў больш жорстка і груба, чым у Менску.

Людзям у твар распылялі газ, стралялі ў паветра, білі дубінкамі і цягнулі па зямлі.

Жыхара Берасьця Ільлю Сіліча затрымалі 20 верасьня, падчас «Маршу справядлівасьці». Пратэстоўцам заступіў дарогу АМАП, Ільлю зацягнулі ў аўтобус і пабілі. Лекары дыягнаставалі ў Сіліча пералом касьцей чэрапа і траўму мозгу. Вось што ён расказаў пра гэтыя падзеі ў эфіры «Настоящего времени» ў гутарцы зь Цімурам Алеўскім.

— Я бачу, што ў вас на твары да гэтага часу не прайшлі сінякі. Калі вас схапілі, хто вас біў і дзе гэта адбывалася?

— Мяне схапілі на мітынгу ў цэнтры гораду, на Савецкай, усе ведаюць у Берасьці гэтую вуліцу. Схапілі, пасадзілі ў бусік, там мяне і білі. Потым нас завезьлі ў Цэнтральнае РАУС, якое знаходзіцца на Машэрава, і там таксама нас галавой у падлогу — і зьбівалі. Там загадзя адмыслова вынесьлі з актавай залі крэслы — гэта значыць, хутчэй за ўсё, гэтае зьбіваньне загадзя плянавалася.

— Чаму вы думаеце, што зьбіваньне плянавалася загадзя, як вы гэта зразумелі?

— Кажу, што з актавай залі вынесьлі крэслы: гэта значыць, яны загадзя плянавалі туды складаць затрыманых. Нас там усіх паклалі ў падлогу, пасьля таго, як пабілі. Пасьля гэтага нас сартавалі па аўтазаках у іншым, Ленінскім РАУС.

— А білі людзі ў якой форме?

— У форме АМАПу, толькі беяз бэджыкаў, проста людзі ў чорным, у шаломах. Як можна ў вас на відэа [бачыць], цяпер карцінку паказваюць.

— У вас пашкоджаньні галавы, траўма мозгу, пералом чэрапа, калі я не памыляюся. Па-першае, мне хочацца зразумець, гэта значыць, вас прыцэльна білі ў галаву? Ці гэта выпадкова атрымалася?

— Спэцыяльна білі. І прычым білі прафэсійна. Гэта значыць, я спрабаваў абараніць твар — ён мяне пачынаў біць па целе, я адкрываў твар — і ён пачынаў мяне біць нагамі ў твар.

— Што зьмянілася ў той дзень, калі гэта здарылася, для вас? Як вы цяпер жывяце, пасьля 20 верасьня?

— Я цяпер адчуваю сябе больш свабодным, я цяпер разумею, што АМАП — гэта ня страшна. Гэта значыць, я цяпер сябе адчуваю больш свабодным, больш пазытыўна настроеным. Я цяпер разумею, што мы ідзём да перамогі, я разумею, што ўлада нас баіцца.

— Вы разумееце пачуцьці людзей, якія цяпер проста на вуліцы спрабуюць АМАПу перашкодзіць хапаць людзей, разумееце,​ чаму гэта адбываецца?

— Так. Прабачце, калі пасярод гораду хтосьці без апазнавальных знакаў, безь імя-прозьвішча — гэта, можа, наогул нейкія бандыты — хапаюць людзей, у людзей, вядома, ёсьць незадаволенасьць. Яны бачаць, што пад’яжджае бусік, зь яго выскокваюць нейкія людзі ў шаломах і пачынаюць проста хапаць людзей. Прычым вельмі шмат выпадкаў было, калі проста выпадковых людзей хапалі. У маім бусіку быў адзін затрыманы мужык, ён казаў: «Я проста ў краму ішоў». Я яму паверыў, ён так пераканаўча гэта сказаў. І яны там нешта пачалі жартаваць, кшталту: «Б*дзь, не пашанцавала табе, мужык».

— Па-рознаму разьвіваецца гісторыя пратэсту ў Беларусі. І ў розных гарадах, напэўна, ёсьць нейкія розныя падставы для гэтага. Ці можна сёньня сказаць, што Берасьце супакойваецца і зараз, на гэтым этапе, людзі на вуліцу хадзіць перастаюць? Ці не?

— Мне здаецца, што Берасьце не спыняецца. Берасьце — увогуле малайцы, для такога гораду, дзе вельмі вялікі працэнт бюджэтнікаў, дзе вельмі шмат людзей, якія, калі выходзяць, разумеюць, што яны могуць страціць працу, могуць здароўе страціць. Мне цалкам маглі выбіць вочы, мяне наогул маглі зрабіць інвалідам, я мог бы быць увогуле паралізаваным. Гэта значыць, я шмат чым рызыкаваў, калі выходзіў.

І ў нас цяпер яшчэ зьявіўся новы фактар, які, хутчэй за ўсё, зноў дадасьць бэнзіну ў полымя. У нас улада мясцовая адмовілася ад рэфэрэндуму ў справе акумулятарнага заводу. Гэта павінен быў быць наогул першы мясцовы рэфэрэндум у Беларусі. Яго Лукашэнка абяцаў, гэта было ў яго перадвыбарчае турнэ, калі ён прыяжджаў у Берасьце.

— Значыць, гэта, вы думаеце, можа прымусіць людзей ужо ў сувязі зь іншымі, не зьвязанымі з выбарамі гісторыямі, далей выказваць сваю незадаволенасьць, нязгоду?

— Так. Проста вось у чым тут справа: Берасьце наогул першы ў пратэстах у Беларусі. Пратэсты ў Берасьці пачаліся яшчэ за два гады да ўсіх гэтых падзей з выбарамі, таму што людзі пратэставалі супраць акумулятарнага заводу. Ёсьць цэлая група людзей, іх у народзе называюць акумулятарнікі. Яны выходзілі кожную нядзелю, у іх была традыцыя «карміць галубоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG