Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Татачка, б’юць кожны дзень». У Гомлі ў жніўні затрымалі падлетка, абвінавачваюць у хуліганстве


Пратэсты ў Гомлі 11 жніўня 2020 году
Пратэсты ў Гомлі 11 жніўня 2020 году

16-гадовага Мікіту Залатарова з Гомля трымаюць у СІЗА, яго арыштавалі дома 11 жніўня. Падлетка абвінавачваюць у хуліганстве паводле часткі 3 артыкулу 339. Нібыта Мікіта кінуў у бок супрацоўніка міліцыі, які за ім гнаўся, бутэльку, мяркуецца, з запальнай сумесьсю.

Бацька Міхаіл Лапуноў сказаў Свабодзе, што сьледзтва ня мае ніякіх доказаў, Мікіта не вінаваты і віны не прызнаў.

«Як мне вядома, там нічога не гарэла, ніхто нічога не падпальваў, нічога ні ў кога ня трапіла. Я нават размаўляў з гэтым міліцыянтам. Пытаю, табе што, у галаву пацэлілі, ці што? Ён нічога не хацеў казаць. Я магу толькі ўяўляць, што было б з маім Мікітам, калі б яго дагналі супрацоўнікі. Калі дапусьціць, што ён уцякаў, як яны кажуць. Мікіта мой наогул нічога ня кажа, ён маўчыць. Я яму даў указаньне, каб без адваката і безь мяне ні з кім ні пра што не гаварыў», — кажа Міхаіл.

Мікіту арыштавалі дома, калі бацька быў на працы. Напярэдадні падлетак быў на плошчы, дзе праходзіў мітынг, на прыпынку чакаў сябра. Людзі, якія беглі, сказалі яму, каб уцякаў, бо амапаўцы будуць біць. Хлопец пабег з усімі.

«Я ўпэўнены на сто працэнтаў, што Мікіта ні ў чым не вінаваты і што ён нічога не кідаў. Магчыма, недзе там бегаў, бо тады многа людзей бегалі, калі ўсіх пагналі. А што рабіць, у страху вочы вялікія. Пабег, каб не забілі», — кажа бацька.

Мікіта хварэе на эпілепсію, лечыцца зь дзяцінства і апошнія два гады пачаў папраўляцца. З прычыны хваробы ў яго надомнае навучаньне, прыходзяць настаўнікі 54-й школы. Міхаіл Лапуноў кажа, што пасьля затрыманьня сын быў у пастарунку з 10:30 раніцы да 17:30 без адваката, сацыяльнага работніка ці бацькоў.

«Яны маглі на яго ціснуць як заўгодна»

Маці Мікіты была каля пастарунку, калі пасьля 17-й гадзіны прыйшлі адвакат і сацыяльны работнік.

«На допыце ён сказаў маці, што яго бʼюць. Яму стала дрэнна, ён пачаў траціць прытомнасьць, пасінеў, пабялеў. Выклікалі „хуткую“ і адвезьлі ў дзіцячую лякарню, паклалі ў рэанімацыю».

У эпікрызе лекары напісалі, што ў падлетка быў эпілептычны сындром.

«Жонка зь ім у „хуткай“ ехала. Яна думае, што гэта ня прыступ эпілепсіі быў. Бо ён пасінеў, у яго сэрца спынялася. Хутчэй за ўсё, ад таго, што білі па галаве. Пра гэта ён лекарам на „хуткай“ казаў, што білі па галаве, білі ўсюды, сьцягвалі сьцяжкамі, катавалі, патрабавалі пароль ад тэлефона. Урэшце заламалі яму рукі, ногі, а пароль, відаць, адразу не спрацоўваў, бо ў яго бралі адбіткі пальцаў і пальцы былі брудныя, відаць, сканэр не адразу спрацаваў».

Разам зь Мікітам затрымалі і яго 18-гадовага брата Ўладзя, потым вызвалілі. Ён расказаў, што калі сядзеў на калідоры, то чуў Мікітавы крыкі.

«Білі пераважна па патыліцы, каб не відаць было»

Бацькам не дазволілі зайсьці ў палату рэанімацыі, якую ахоўвалі некалькі супрацоўнікаў. Міхаіл Лапуноў прасіў лекараў зьняць пабоі, але яны сказалі, што ў іх няма для гэтага спэцыяліста і, маўляў, гематом у хлопца няма. Тады Міхаіл зьвярнуўся ў пракуратуру і Сьледчы камітэт.

«Але, замест таго каб у нечым разьбірацца, яны на наступны дзень забралі Мікіту з рэанімацыі і завезьлі ў ІЧУ. Мяне выклікалі на сьледчыя дзеяньні. Атрымалася, што я змог зь ім пагутарыць, мы былі ў адным памяшканьні. Я яго пераадзяваў. Ён мне галаву на плячо паклаў і кажа: „Татачка, бʼюць кожны дзень“. Вось гэты, кажа, які за сталом сядзіць, біў. Казаў, што білі пераважна па патыліцы, каб не відаць было. Білі ў КПЗ. У ІЧУ».

Міхаіл думае, што сына выдалі зь лякарні пад ціскам, бо з рэанімацыі на наступны дзень нікога не адпускаюць.

«Яго наўмысна адтуль прыбралі, каб да яго нельга было дабрацца, нельга было зьняць пабоі. Яго нават нармальна не агледзелі, накіравалі ў ІЧУ. У бальніцы далі эпікрыз, хоць там нічога толкам не напісана», — расказвае бацька.

Міхаіл кажа, што пераапрануў сына перад апазнаньнем супрацоўнікам міліцыі. А супрацоўнік сказаў, што Мікіту пазнаў па красоўках і адзеньні.

Мікіту 10 дзён трымалі ў ІЧУ, а цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 3 Гомля. Бацькам да суду адмовілі ў спатканьнях. Перадачы прымаюць, хоць не дазволілі карыстацца дасланымі грашыма, з камэры забралі тэлевізар. Ад Мікіты бацькі атрымалі тры лісты. Міхаіл хвалюецца, што пабоі і псыхалягічны ціск маглі паўплываць на здароўе сына.

«Адзін раз скардзіўся, што яму было дрэнна і сукамэрнікі выклікалі лекара, чакалі яго доўга. Перадалі яму лекі, спачатку не хацелі браць, але ўзялі. Потым казалі, што ў іх ёсьць, абяцалі, што будуць даваць. Ня ведаю, праўда гэта ці не, бо спатканьняў не даюць», — кажа Міхаіл.

26 жніўня пасьля публікацый у мясцовых СМІ УУС Гомельскага аблвыканкаму паведамляла, што, паводле інфармацыі УСК па Гомельскай вобласьці, Мікіта зьяўляецца адным з падазраваных у крымінальнай справе аб асабліва злосным хуліганстве.

«Папярэдне ўстаноўлена, што 10 жніўня прыкладна ў 23 гадзіны 20 хвілін з боку групы грамадзян, якія знаходзіліся каля дому № 51 па праспэкце Леніна, у бок супрацоўнікаў міліцыі была кінутая бутэлька з вадкасьцю з характэрным пахам бэнзіну». Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца.

Таксама праводзіцца праверка па заяве бацькі, які мяркуе, што сына пабілі. «Усім фактам будзе дадзена прававая ацэнка», — паведамляла міліцыя.

Паводле Міхаіла Лапунова, нядаўна са Сьледчага камітэту прыйшоў ліст, што тэрмін гэтай праверкі 17 верасьня працягнуты да двух месяцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG