Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартоўцы, студэнты, актывісты. Каго затрымлівалі ў апошні дзень верасьня. СЬПІС 


Паплечнікі арыштаванай баскетбалісткі Алены Леўчанкі ля турмы на Акрэсьціна

30 верасьня па ўсёй Беларусі працягваліся затрыманьні і суды над удзельнікамі пратэстаў.

Найбольш рэзанансным быў працэс у Менску. Cудзьдзя Ленінскага суду Марына Запасьнік пакарала 15 суткамі арышту славутую баскетбалістку Алену Леўчанку. Падставай — удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Спартоўку затрымалі ў аэрапорце, калі яна зьбіралася адляцець за мяжу на лячэньне.

Праваабаронцам «Вясны» таксама вядома пра затрыманьне ў Менску Яна Фалькіна. Прычына высьвятляецца. Яго забралі з дому пасьля ператрусу. Міліцыянты вынялі ноўтбук, смартфон і рацыю.

Побач з гандлёвым цэнтрам «Спэктар» затрымалі ўдзельніцу ланцуга салідарнасьці Вольгу Парахневіч. Зь іншых месцаў сталіцы ў аддзяленьні міліцыі дастаўленыя Вольга Сівун, Ксенія Гладзенькая, Ірына Афіцэрава.

Невядомага мужчыну, які трымаў плякат «Свабоду Шкляраву!» (адзін з палітвязьняў. — РС) каля СІЗА № 1 на Валадарскага, адвезьлі ў Маскоўскі РУУС.

У Магілёве выпусьцілі зь лякарні Андрэя Вярбіцкага. Ён быў жорстка зьбіты міліцыяй на акцыі 27 верасьня. Мужчыну даставілі на судмэдэкспэртызу, дзе яго ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі. Вярбіцкаму паведамілі, што яго адвязуць у Ленінскі РАУС.

У Горадні на акцыі салідарнасьці затрымалі трох студэнтаў дзяржаўнага ўнівэрсытэту. На патрабаваньне міліцыі разысьціся навучэнцы так і зрабілі, але трох зь іх усё роўна схапілі. Адна зь іх — Яніна Шэршань, прозьвішчы астатніх удакладняюцца.

Таксама ў Горадні на выхадзе з дому быў затрыманы Арцём Мілашэвіч. Дзе ён цяпер, невядома.

У Бабруйску актывістцы Таісіі Кабанчук прысудзілі 540 рублёў штрафу за ўдзел у мітынгу 25 жніўня. А суд над незалежнай назіральніцай Натальляй Саед перапыняюць ужо трэці раз. Наступны суд прызначаны на 2 кастрычніка.

Агулам у Беларусі 30 верасьня адбылося звыш трох дзясяткаў акцый салідарнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG