Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аэрапорце затрымалі баскетбаліску Алену Леўчанку, якая брала ўдзел у маршах пратэсту. Яна ў турме на Акрэсьціна

абноўлена

Алена Леўчанка на «Маршы справядлівасьці» 20 верасьня

Затрымалі баскетбалістку Алену Леўчанку, якая зьяўляецца ўдзельніцай незалежнага руху спартоўцаў SOS BY.

Як даведался Свабода, раніцай 30 верасьня Алена Леўчанка патэлефанавала адвакату Міхаілу Кірылюку і паведаміла, што яе арыштавалі ў аэрапорце перад вылетам на плянавае лячэньне і рэабілітацыю (ёсьць афіцыйныя дакумэнты) і павезьлі ў Ленінскае РУУС Менску ў сувязі з удзелам у незаконных масавых мерапрыемствах.

«Пацьвярджаю, што Леўчанку затрымалі ў рамках адміністрацыйнага працэсу», — паведаміла расейскаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС прэс-сакратарка ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч. Пры гэтым не ўдакладніла канкрэтна, што канкрэтна ставяць у віну вядомай баскетбалістцы.

Адвакат Міхаіл Кірылюк паведаміў Onliner, што цяпер Алена Леўчанка знаходзіцца ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 ст. 23.34 КаАП.

Суд над баскетбалісткай заплянаваны на 12 гадзін.

Алена Леўчанка прафэсійная баскетбалістка, гуляе на пазыцыі цэнтравой. Уладальніца бронзавай узнагароды чэмпіянату Эўропы, фіналістка жаночай Нацыянальнай баскетбольнай лігі (WNBA).

Яна была сярод першых прадстаўнікоў беларускага спорту, хто акрэсьліў сваю грамадзянскую пазыцыю яшчэ да актыўнай фазы прэзыдэнцкай кампаніі. Пасьля 9 жніўня публічна абурылася маштабам фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня і садызмам з боку сілавікоў, якія расстрэльвалі, калечылі, гвалцілі мірных пратэстоўцаў.

Леўчанка зьяўляецца ўдзельніцай Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў (SOS BY), ініцыятары якога заклікалі калег абʼяднацца і падтрымаць сваёй пазыцыяй акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Нядаўна аб'яднаньне запісала відэазварот у адрас спартовых чыноўнікаў Беларусі, якія аказваюць ціск на спартоўцаў за іх грамадзянскую пазыцыю і подпісы спартовай грамадзкасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG