Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад мужчынскай годнасьці ў гэтага рэжыму нічога не засталося», — баскетбольная зорка Алена Леўчанка


Алена Леўчанка ў калёне спартоўцаў

«Пра закон згадваюць толькі тады, калі трэба апраўдаць беззаконьне. Як некага арыштаваць — прыкрываюцца „несанкцыянаваным мерапрыемствам“. А пакараць вінаватых за гвалт — такога закону няма». Самая вядомая ў сьвеце беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка ў інтэрвію Свабодзе расказвае, чаму перастала быць апалітычнай і так востра перажывае цяперашнія падзеі.

А таксама зважае пра слабасьць мужчын ва ўладзе, якія пазыцыянуюць сябе гаспадарамі краіны, — Аляксандра Лукашэнкі, Юрыя Караева, Уладзімера Макея ды іншых.

Алена Леўчанка была сярод першых прадстаўнікоў беларускага спорту, хто акрэсьліў сваю грамадзянскую пазыцыю яшчэ да актыўнай фазы прэзыдэнцкай кампаніі. Пасьля 9 жніўня публічна абурылася маштабам фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня і садызмам з боку сілавікоў, якія расстрэльвалі, калечылі, гвалцілі мірных пратэстоўцаў.

Пра беларусаў: «Не прасіць, а патрабаваць, каб нас пачулі!»

Алена Леўчанка — у ліку паўтысячы падпісантаў ліста спартоўцаў з жорсткім патрабаваньнямі да ўладаў, а таксама ў першых шэрагах удзельнікаў маршаў прыхільнікаў пераменаў.

Зборная Беларусі часоў трэнэра Анатоля Буяльскага
Зборная Беларусі часоў трэнэра Анатоля Буяльскага

— Алена, мінуў месяц ад драматычнага 9 жніўня. З аднаго боку, за гэты час адбылася небывалая кансалідацыя грамадзтва. З другога, стала зразумела, на што здольныя людзі, для якіх галоўнае — захаваньне ўлады любой цаной. Ды Лукашэнка і сам дэманструе, што гатовы адстрэльвацца да апошняга...

— За гэты месяц быў і пад’ём, і ўпадак — ад эўфарыі да адчаю. Эмацыйным ударам стала, як 8-9 верасьня жанчын жорстка хапаў АМАП. Пасьля 9-11 жніўня зноў успрымалася вельмі балюча... Ня тое каб агрэсія супраць людзей у форме, а нямое пытаньне: ну як так можна са сваім народам? Агортвае пачуцьцё безвыходнасьці: што рабіць, як змагацца? Бо наступае поўнае свавольства. І ў той жа час разумею: сёньня наш народ, як ніколі, зьяднаны, падтрымка ідзе з усіх бакоў. Відаць у тым ліку і па спартоўцах. І гэта дапамагае рухацца далей, пасяляе надзею і дае сілы. Толькі так можам працягваць, і ўжо не прасіць, а патрабаваць, каб нас пачулі.

Я пагуляла шмат у якіх краінах, мне адтуль пішуць, людзі захопленыя салідарнасьцю беларусаў. Нават тыя ж расейцы. Уражваюць менавіта мірныя пратэсты, на якія мы маем права і паводле Канстытуцыі Беларусі, і паводле хартыі ААН. І ніхто ня можа зразумець прыроду такой жорсткасьці сілавікоў. Улада карыстаецца старымі мэтадамі — рэпрэсаваць, запалохаць, пабіць. Каб чалавек схаваўся ў нару і прыціх. Толькі на такое і здольныя. Але дух не заб’еш. Гэта ўжо зусім іншы народ.

— Калі гаварыць пра спартоўцаў, то за выказваньне пазыцыі ўжо пачалі ціснуць. Вядомая гісторыя ўльтыматуму дзесяціборцу Андрэю Краўчанку, не даюць працаваць зь дзецьмі Аляксандры Герасімені, вывелі з нацыянальнай каманды ў трыятлёне Валянціну Зелянкевіч. Ініцыятар ліста да ўладаў Аляксандар Апейкін, які сам падаўся ў эміграцыю, гаворыць мінімум пра два дзясяткі такіх выпадкаў...

— Давайце называць рэчы сваімі імёнамі: гэта рэпрэсіі. З аднаго боку, сьмешна чуць іх ліпавыя аргумэнты, каб пакараць, звольніць. З другога — вельмі сумна. Пра законы згадваюць толькі тады, калі трэба апраўдаць беззаконьне. Як некага арыштаваць, прыкрываюцца «несанкцыянаваным мерапрыемствам», хоць кожны чалавек, паўтаруся, мае права на мірны пратэст. А як пакараць вінаватых за гвалт — закону няма. Калі білі людзей і тыя кідаліся ў Камсамольскае возера, судзілі ратавальнікаў. Абсурд! Хлопцам законам прадпісана дапамагаць тым, хто ў бядзе. А іх саджаюць, даюць пад 1000 рублёў штрафу, бо не здалі перапалоханую моладзь на расправу амапаўцам.

Алена Леўчанка — з народам
Алена Леўчанка — з народам

Двудушнасьць, узьведзеная ў закон. Як пакараць, будзе вам закон. А па-за ім можна біць жанчын, абкладаць шалёнымі штрафамі. Часам хочацца проста крычаць. І ўсё роўна трэба захоўваць стойкасьць, вытрымку. Думаю, беларусы яшчэ самі не да канца ўсьведамляюць, наколькі моцныя. Хоць гэта праяўляецца штодня. Нас спрабуюць запалохаць, а мы зноў выходзім. Больш за тое, далучаецца ўсё больш людзей, якія выказваюць сваю пазыцыю.

Пра ўладу: «Перабіць усіх, каб толькі ўседзець на троне»

— Пра ролю жанчын падчас сёлетніх пратэстаў сказана шмат, ваш унёсак у гэтым ёсьць таксама. Ці важна адчуваць далучанасьць да агульнай справы?

— Акрамя нядзельных маршаў, 5 верасьня была на жаночай акцыі. Бо можна чытаць, сачыць за трансьляцыямі, але важна быць са сваім народам. А гэта мы ўсе. І калі ты там, на вуліцы, то найлепш адчуваеш людзей. Мяне заўважылі, пачалі пытацца. Маўляў, ну вось адны спартоўцы аб’ядналіся, а што астатнія? Ня тое што боль, а вялізны пытальнік. Кажу: «Ня ведаю, магчыма, баяцца нешта страціць». І стаяла адна жанчына, паглядзела на мяне і сказала: «Калі такім людзям ёсьць што губляць, то што казаць пра нас, просты народ?». І ў мяне проста мурашкі па скуры. Бальшыня рызыкуе страціць нашмат больш, але яны выходзяць.

Алімпійскі досьвед беларускі
Алімпійскі досьвед беларускі

І вось у гэтым наша сіла, наш дух. А тое, што мы разам, павінна яшчэ больш зьяднаць. Каб рухацца, трэба выстаяць. А цяжкія сытуацыі толькі загартоўваюць. Калі самі праваахоўнікі, не пратэстоўцы, высадзілі шыбу ў кавярні, на наступны дзень выстраілася чарга з ахвотных купіць тут кубачак кавы. Падтрымаць і дапамагчы.

Проста няма слоў, я ў неверагодным захапленьні. Толькі разам мы можам зьмяніць нашу краіну і зрабіць яе такой, якой бачым — свабоднай, незалежнай, прыгожай.

— Нялішне згадаць, што Аляксандар Лукашэнка неаднаразова рабіў «гендэрна перакошаныя» заявы: маўляў, і Канстытуцыя не пад жанчыну-прэзыдэнта, і парад у спадніцы нельга прыняць, і «небарака» паваліцца, калі на яе ўскласьці дзяржаўную ношу. А ці заслужылі беларусы такога мужчыну, які дэманструе ня самыя годныя паводзіны, але прэтэндуе, каб называлі «бацькам»?

— Як я бачу, нейкія мужчынскія ўчынкі гэты чалавек даўно ўжо перастаў дэманстраваць. Нават зыходзячы з таго, што сам мае дзяцей. Пункт адліку — гэта не 9 жніўня. Біць, арыштоўваць, зьдзекавацца пачалі задоўга да таго. Мірна стаіш у ланцугу салідарнасьці, далучыўся да роварнага прабегу — апрыёры злачынца. А ўжо што адбылося ў дзень выбараў і пасьля, усім проста канчаткова разьнесла мозг. Як чалавек, маючы ўласных сыноў, можа аддаваць злачынныя загады супраць іншых дзяцей? Пра якую мужчынскую годнасьць гаворка?

Баскетбольная частка спартовай калёны
Баскетбольная частка спартовай калёны

І гэта ж ня толькі пра Лукашэнку. Згадайце выказваньні Караева (кіраўнік МУС. — РС). Ды нават Макея (кіраўнік МЗС. — РС). Маўляў, за сваё 11-гадовае дзіця горла перагрызу. А чаму ж ня бачыце, што робяць вашы амапаўцы? Гэта нармальна, калі хапаюць за горла такіх жа 11-гадовых хлопчыкаў і цягнуць у пастарунак? Ганарыцца садызмам, бесчалавечнасьцю? Людзей, якіх абавязаныя абараняць, намагаецеся прынізіць, прычыніць боль. Перабіць усіх дзеля таго, каб утрымацца за ўладу. Дык якія вы мужчыны?

Пра шэрасьць: «Займаюць пасады і плююць на свой народ»

— Як думаеце, чаму такое магчыма ў эўрапейскай краіне ХХІ стагодзьдзя? Людзі гадуюцца ў адных дварах, сядзяць за аднымі партамі, а потым становяцца бясслоўнай масай, баючыся хоць нешта запярэчыць босу.

— Ня ведаю, можа, трапляючы туды, яны толькі БТ глядзяць, іх пазбаўляюць інтэрнэту, каб станавіліся зомбі. Бо тупа ігнараваць злачынствы ці нахабна хлусіць, што нехта сам сабе размалёўвае, прабачце, азадак сіняй фарбай, каб імітаваць гематомы — гэта мы ў які час адкаціліся? Ніякага спачуваньня, нуль эмоцый, як шараговая рэч. Вельмі страшна, што людзі, якія займаюць высокія пасады, так сябе паводзяць і ім напляваць на свой народ. Ва ўсіх адносінах. Пэўна, іхная задача — запалохаць, а хто не паддаецца — пасадзіць. Але толькі больш закопваюцца ў яму, выкапаную для іншых.

Для барацьбы патрэбныя сіла і вытрымка
Для барацьбы патрэбныя сіла і вытрымка

Можна абурацца тым, што чыняць з Марыяй Калесьнікавай, Сьвятланай Алексіевіч ды іншымі, але гэтая ўлада трымаецца на грубай сіле і прымітыўнай прапагандзе. Раней ці пазьней усе злачынствы ўсплывуць. Не зарыентаваліся, скляпалі фільм пра «ўцёкі Калесьнікавай зь сябрамі», і раптам усё пайшло не паводле сцэнару. Селі ў лужыну. Ці як з перахопленымі перамовамі Ніка і Майка. Ну гэта ж ганьба! Калі ўжо берацеся за справу, рабіце на ўзроўні, каб паверылі. А выглядае настолькі нязграбна і самадзейна, што любы адэкватны чалавек убачыць падробку. Ці гэта штампуецца для пэўнай катэгорыі непераборлівых спажыўцоў?

— Алена, у размовах з рознымі людзьмі, і можа, у першую чаргу са спартоўцамі, даводзіцца чуць пра цудоўную рэінкарнацыю. Маўляў, дагэтуль палітыкай не цікавіліся, на выбары не хадзілі, кляпалі галы-сэкунды, а сёлета палітыка прыйшла ў дом сама...

— Калісьці ва ўнівэрсытэце я вывучала прадметы, якія тычацца міжнародных палітычных адносінаў. Ну і таксама заўсёды чытала навіны, старалася разумець, што адбываецца навокал. Натуральна, моцна не заглыблялася. Але сёньня справа ня ў тым, у палітыцы ты ці па-за ёй. Гэта жыцьцё, барацьба паміж дабром і злом, прыгнётам і правам чалавека.

Адна зь лепшых беларускіх цэнтравых у гісторыі
Адна зь лепшых беларускіх цэнтравых у гісторыі

Спартоўцам вечна затыкалі раты — ня лезьце, усё роўна нічога не разумееце. Ды не, прабачце. Усё, што сёньня адбываецца ў краіне, тычыцца абсалютна кожнага. Нават калі ня ўмешвацца і старацца застацца ўбаку, гэта ўсё ілюзія. Закране так ці інакш. Прыклад Вадзіма Дзевятоўскага. Адзінае, пытаньне, дзе ён цяпер знаходзіцца. Бо мінула шмат часу, а чалавек як прапаў. У прынцыпе, не зьдзіўлюся, што яго нават няма ў краіне. Зрэшты, галоўнае, каб зь ім усё было добра...

Пра плюралізм: «За бацьку» бел-чырвоны-белы сьцяг немагчымы»

— Адным з вынікаў мірных пратэстаў стаў своеасаблівы народны плебісцыт аб сымболіцы. Прынамсі пасьля жнівеньскіх жахаў ня шмат ахвотных стаць пад дзяржаўны сьцяг, якім упрыгожваюць аўтазакі, міліцыю ды ізалятары.

— У кожнага чалавека ёсьць свая думка. І мы імкнёмся, каб у нас была менавіта такая краіна, дзе можна выказваць уласную пазыцыю. Маё бачаньне — так, бел-чырвона-белы сьцяг, герб «Пагоня». Што да прапаганды «фашызму»... Беларусь была акупаваная, дакладна гэтаксама нацысты дазвалялі выкарыстоўваць сьцягі Расеі, Украіны, Францыі і г.д. Нехта можа дакараць: ну ты ж сама выступала пад чырвона-зялёным? Адказ відавочны: а што, быў выбар? Пачытаўшы гісторыю, я разумею, адкуль узяўся наш гістарычны сьцяг, як яго ў 1995 годзе прыбралі. Я яму сымпатызую і лічу сваім. А нехта нічога не чытаў і верыць толькі БТ.

Краіна за калючым дротам
Краіна за калючым дротам

Але тут яшчэ адзін момант. Нас проста хочуць штучна падзяліць. Зьвярніце ўвагу: на мірных маршах у абсалютнай бальшыні сымболіка нацыянальная, але праскоквае і дзяржаўная, а хтосьці для раўнавагі нясе і той, і другі сьцягі. Людзі з гэтай нагоды ня сварацца, ня кідаюцца адзін на аднаго. Мы адзін народ, бо ў нас усіх скралі галасы, цяперашняя ўлада з нас аднолькава зьдзекуецца і ні ў што ня ставіць. А паспрабуйце ўклініцца ў шэрагі тых, хто ідзе калёнай «за бацьку». Абкладуць, зьняважаць і выставяць. Вось і ўсё, што трэба ведаць пра плюралізм думак.

— Алена, нягледзячы на тое, што ваша кар’ера збольшага робіцца за мяжой, ці дапускаеце, што таксама могуць паспрабаваць націснуць? Тым больш што старшыня Фэдэрацыі баскетболу Максім Рыжанкоў — чалавек праўладны, першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Крытыкуе спартоўцаў за тое, што няўдзячныя кіраўніцтву, якое столькі для іх зрабіла, лезуць не ў свае справы.

— Самі бачыце, у сёньняшняй Беларусі можа здарыцца самае неверагоднае. Таму можна чакаць усяго. Аднак маўчаць, не гаварыць пра тое, што адбываецца, прабачце, я не магу. Сумленьне не дазваляе. Мяне бацькі так выхавалі, інакш не магу. Немагчыма пагадзіцца зь несправядлівасьцю, з тым болем, які бачу кожны дзень.

Мэтанакіраваная Алена Леўчанка
Мэтанакіраваная Алена Леўчанка

Мабыць, нехта здольны дыстанцыявацца і яму добра сьпіцца нават з такім грузам. На жаль, а можа, і на шчасьце, асабіста ў мяне заставацца спакойнай не атрымліваецца. Балазе ёсьць вялізная падтрымка ад простых людзей, заўзятараў, калег, родных. Дзякуючы гэтаму мы ўсе трымаемся і стаім далей.

Што тычыцца Рыжанкова, то якое ён мае права расьпякаць дарослых людзей? Ён што, гадаваў нас, вывеў у людзі? Так, ён вышэйшы адміністрацыйным рангам, але, як паказвае практыка, гэта аўтаматычна не азначае якасны рост. Мы ўсе са сваімі поглядамі і пазыцыяй. Ён мяне не вучыў чытаць і пісаць, не даваў адукацыі. І тым больш не прывёў у баскетбол. Таму хай застанецца пры сваім...

Падчас фотасэсіі
Падчас фотасэсіі

Алена Леўчанка нарадзілася ў 1983 годзе ў Гомлі. Прафэсійная баскетбалістка, гуляе на пазыцыі цэнтравой. Уладальніца бронзавай узнагароды чэмпіянату Эўропы, фіналістка жаночай Нацыянальнай баскетбольнай лігі (WNBA).

Баскетболам пачала займацца ў гомельскай СДЮШАР-9, пасьля вучылася ў Рэспубліканскай вучэльні алімпійскага рэзэрву ў Менску. Практыку атрымлівала ў гомельскай «Ведрыцы» і ў менскім «Гарызонце».

Гулец зборнай Беларусі
Гулец зборнай Беларусі

У 1999 годзе падчас чэмпіянату Эўропы сярод кадэтак, на якім яна была прызнана найлепшай цэнтравой, Алену запрасілі на вучобу ў ЗША. Адвучыўшыся ў каледжы Вабаш Валі Ўсходняга Ілінойсу, скончыла ўнівэрсытэт Заходняй Вірджыніі па спэцыяльнасьці міжнародныя адносіны.

Стала першай беларускай у гісторыі, якая згуляла ў жаночай Нацыянальнай баскетбольнай лізе. Выступала за каманды Charlotte Sting, Washington Mystics, Atlanta Dream. З апошняй у 2010-м згуляла ў фінале WNBA.

Пасьля шасьці гадоў у Амэрыцы вярнулася ў Эўропу. Выступала за клюбы Гішпаніі, Літвы, Расеі, Турэччыны, Польшчы, Славаччыны, Кітаю, Лібану.

Алена Леўчанка
Алена Леўчанка

З 2001-га ў нацыянальнай зборнай Беларусі. Неаднаразовая ўдзельніца Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў сьвету і Эўропы. Бронзавая прызэрка кантынэнтальнага першынства 2007 году. Прызэрка Эўралігі 2008, 2009, 2012 гадоў. Найлепшая цэнтравая чэмпіянату сьвету — 2010.

Чэмпіёнка Балтыйскай лігі — 2000, прызнана самай карыснай баскетбалісткай, пераможца нацыянальных чэмпіянатаў Літвы, Польшчы, Расеі. У дзясятцы найлепшых гульцоў каледжаў ЗША 2002 і 2003 гадоў.

А яшчэ ў сфэры яе інтарэсаў — мода, fashion-show, дабрачынныя акцыі. Алена Леўчанка спрабуе сябе ў якасьці фотамадэлі, часам выходзіць на подыюм. Праўда, удакладняе, што робіць гэта на аматарскім узроўні і дзеля ўласнага задавальненьня.

Алена ў чырвоным вобразе
Алена ў чырвоным вобразе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG