Кандрусевіча не пусьцілі на радзіму, Лукашэнка і 29 чыноўнікаў — пэрсоны нон-грата, затрымалі сябру прэзыдыюму КР. Найважнейшае за 31 жніўня

Ланцуг салідарнасьці. Менск, 31 жніўня. Чырвоны касьцёл.

Кіраўнік каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вымушана вярнуўся ў Польшчу 31 жніўня, таму што беларускія памежнікі не ўпусьцілі яго на радзіму без тлумачэньня прычын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Кандрусевіч, якога памежнікі не ўпусьцілі ў Беларусь, зь мяжы вярнуўся ў Польшчу

Увечары 31 жніўня ў Менску жанчыны зноў выйшлі ў «ланцуг салідарнасьці» да Чырвонага касьцёла. Каталікі пасьля імшы зрабілі вакол Чырвонага касьцёла крыжовы шлях. Яны маліліся за мітрапаліта Кандрусевіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ланцуг салідарнасьці» і крыжовы шлях каля Чырвонага касьцёла. ФОТА

Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на пачатку верасьня выступіць з дакладам пра сытуацыю ў Беларусі ў Радзе бясьпекі ААН і на Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выступіць у Радзе Бясьпекі ААН і ПАРЭ

Латвія, Літва і Эстонія ўключылі Лукашэнку і яшчэ 29 чыноўнікаў у сьпіс пэрсон нон-грата. У «чорным сьпісе» Аляксандар і Віктар Лукашэнкі, кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта, ЦВК, МУС і Міністэрства юстыцыі, Генпракуратуры, КДБ, Сьледчага камітэту, Савету бясьпекі і Менгарвыканкаму. Беларусь «прыме адэкватныя меры» ў адказ на санкцыі з боку балтыйскіх краін, заявіў прадстаўнік МЗС Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія, Літва і Эстонія ўключылі Лукашэнку і яшчэ 29 чыноўнікаў ў спіс пэрсон нон-грата. ПОЎНЫ СЬПІС

Лукашэнка звольніў пасла Беларусі ў Гішпаніі Паўла Пуставога, які выказваўся за перападлік галасоў на выбарах і суд над вінаватымі ў гвалтоўных дзеяньнях. Яго пазбавілі дыпляматычнага рангу «за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьняў пасла ў Гішпаніі, які выказваўся за перападлік галасоў на выбарах і суд над вінаватымі ў гвалтоўных дзеяньнях

Супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю затрымалі сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілію Ўласаву напярэдадні паседжаньня пашыранага складу рады. У яе доме прайшоў ператрус. ​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілію Ўласаву. У яе доме прайшоў ператрус

Крымінальную справу супраць футбалістаў «Крумкачоў» спынілі. Гульцоў клюбу Сяргея Казеку і Паўла Расольку затрымалі 30 жніўня ў справе аб нападзе на міліцэйскі аўтамабіль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымінальную справу супраць футбалістаў «Крумкачоў» спынілі

Міністар спорту даручыў падначаленым скасаваць падпіску на газэту «Прессбол», якая дае слова крытыкам улады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар спорту даручыў падначаленым скасаваць падпіску на газэту «Прессбол», якая дае слова крытыкам улады 

У беларускай «Камсамолкі» новы галоўны рэдактар, якога прыслалі з Расеі. Галоўны рэдактар беларускага выпуску газэты «Комсомольская правда» Андрэй Ляўкоўскі, які кіраваў рэдакцыяй больш за 10 гадоў, паніжаны да першага намесьніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускай «Камсамолкі» новы галоўны рэдактар. Прыслалі з Расеі 

Сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна асудзілі на 15 сутак арышту па абвінавачаньні ў парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэра салігорскіх шахтароў Анатоля Бокуна арыштавалі на 15 сутак

З ініцыятывы Міністэрства культуры звольненая рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў Аліна Корбут. Тысячы беларускіх студэнтаў патрабуюць правесьці новыя выбары, заклікаюць выходзіць з БРСМ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінкульт звольніў кіраўніцу Белдзяржунівэрсытэта культуры і мастацтваў 

Выкладчыкі паведамілі, што Мікалай Лукашэнка забраў дакумэнты зь Ліцэю БДУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкладчыкі паведамілі, што Мікалай Лукашэнка забраў дакумэнты зь Ліцэю БДУ

Дата сустрэчы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве пакуль узгадняецца, візыт адбудзецца ў бліжэйшыя два тыдні, паведаміў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў. 2 верасьня Лаўроў правядзе перамовы з Макеем у Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль: Пуцін і Лукашэнка сустрэнуцца ў Маскве ў наступныя пару тыдняў

Штаб Бабарыкі апублікаваў ягоны відэазварот аб стварэньні партыі. Зварот быў запісаны яшчэ да ягонага арышту, і ў ім гучаць словы «мы не змаглі перамагчы на выбарах». Пасьля Бабарыкі зь відэазваротам выступіла кіраўніца ягонага перадвыбарчага штабу Марыя Калесьнікава, якая цяпер уваходзіць у Каардынацыйную раду апазыцыі. Яна паведаміла, што ствараецца палітычная партыя «Вместе» (Разам) і блізкім часам будуць пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Бабарыкі апублікаваў ягоны відэазварот аб стварэньні партыі