«Мы зьмяняем сьвядомасьць людзей», — рагачоўскі Tor Band, які захапляе беларусаў гімнамі пратэсту

Гурт Tor Band з Рагачова Гомельскай вобласьці стаў папулярны выбарчым летам празь песьню «Мы не „народзец“». У музычным конкурсе «Жыве Беларусь у песьні», якую праводзіла кампанія «Годна», гурт заняў першае месца. Кампазыцыя ўжо сабрала больш за 180 тысяч праглядаў толькі на афіцыйнай старонцы гурту ў Youtube.

Свабода пагутарыла з гітарыстам і вакалістам гурту Дзьмітрыем Галавачом.

Tor Band — гэта

  • Дзьмітры Галавач — гітарыст і вакаліст, які працуе фатографам і апэратарам
  • Яўген Бурло — бубнач, працуе ў Доме культуры гукарэжысэрам
  • Павел Дземянцей — басіст, які «быў дырэктарам лясгасу — пакуль не спасьціг хараство рок-н-ролу»

Tor Band

Да 2017 году гурт меў іншую назву, і выконваў кампазыцыі выключна на беларускай мове. Аўтар тэкстаў — Дзьмітры Галавач. Усе кліпы рагачоўскія музыкі робяць самі.

Запісалі хіт яшчэ да пратэстаў

Дзьмітры Галавач

«Нас падтрымліваюць і прыходзяць пасьпяваць да нас тыя, каму па духу блізкі наш стыль выкананьня — мы рубім чэснае музло. Іншых музыкаў у Рагачове ня ведаем — іх проста няма. Для нас музыка — гэта аддушына. Нехта на рыбалку ходзіць, іншыя аматары па піву дома, а мы па рок-н-роле. Зарабіць такой музыкай у нас не атрымлівалася. Хутчэй, мы трацімся на тое, каб ёю займацца. Але так і з кожным хобі», — кажа Дзьмітры.

Хіт «Мы не „народзец“» музыкі запісалі ў красавіку, калі ў Беларусі яшчэ не было ані масавых затрыманьняў за «палітыку», ані «ланцугоў салідарнасьці». У здымках кліпу бралі ўдзел розныя людзі.

«Але на той час, у красавіку, калі не было яшчэ акцый пратэсту, людзі неахвотна адгукаліся на заклік узяць удзел у здымках. Усе баяліся. Хоць мы не разумеем, адкуль такі страх? Бо супрацьзаконнага ніхто ж ня робіць», — дзівіцца вакаліст.

Ён лічыць, што песьня «Мы не „народзец“» прымусіла людзей паверыць у сябе, «падняць сваю годнасьць з падлогі і несьці яе ўнутры сябе».

«Важна не забывацца, што кожны чалавек варты павагі. Гэтая песьня прымушае сябе паважаць. Такіх песень на родных прасторах няма. Таму яна і стала хітом. Ёсьць шмат песень, якія крытыкуюць, плачуць пра тое, як усё блага, ці заклікаюць некуды ісьці і нешта там рабіць.

У нас выйшла інакш. Мы не заклікаем. Мы вучым любіць сябе, сваіх родных, сваё атачэньне, сваю краіну. І калі ў цябе ўнутры комплекс усіх якасьцяў, то тады ты можаш сам вырашаць — хочаш ты адстойваць свае інтарэсы і інтарэсы сваіх блізкіх, сваёй краіны, ці не», — тлумачыць Дзьмітры.

Бубнач Яўген Бурло

«Мы ўзялі за прыклад прыёмы ўлады»

Пытаемся ў Дзьмітрыя Галавача, ці ня страшна сьпяваць «такія песьні», як «Мы не „народзец“», «Выбары» ці «Сыходзь!».

«Ня страшна. Чаму павінна быць страшна за сваё меркаваньне? Мы разумеем і прымаем пазыцыю іншых людзей, мы ня згодныя зь імі, але паводзім сябе дыпляматычна, таму што жыць нам давядзецца побач, разам. Значыць, напругу агрэсіі варта здымаць. Музыка надта добра дапамагае зрабіць гэта ўсім», — кажа аўтар песень.

Ён заўважае, што гурт не крытыкуе ўладу, а зьмяняе сьвядомасьць людзей.

«Крытыкаваць можна колькі заўгодна, гэта нічога ня зьменіць, а вось зьмяніць чалавека, закрануць яго пачуцьці — нашмат складаней. Але менавіта перавярнуўшы сьвядомасьць, можна нешта зьмяніць у грамадзтве. Такімі ж прыёмамі карыстаецца і ўлада. Мы проста ўзялі зь іх прыклад. І, як бачыце, — гэта працуе. Людзі сьмялеюць, ажыўляюцца, абуджаюцца», — кажа Дзьмітры.

Блізкія падтрымліваюць, улады разумеюць

Суразмоўца кажа, што блізкія музыкаў падтрымліваюць.

«Кожная маці хоча любіць сьмелага сына і ганарыцца ім», — лічыць аўтар песень.

Юля, жонка Дзьмітрыя, — псыхоляг.

«Яна дапамагла таму, што зьмяніліся падыходы, спосабы і прыёмы выказваньня думак. У паэзію прыйшла псыхалёгія. Гэта дало эфэкт. Можа, і дадало папулярнасьці песьні «Мы не „народзец“, якую падхапілі людзі зь першых нот», — кажа Дзьмітры.

Міліцыя Рагачова і ўлады гораду ляяльныя да музыкаў, прызнаецца суразмоўца.

«Сказаць, каб у нас не было размоў з уладамі — значыць схлусіць. Але ўсё было ветліва і тактоўна, — кажа Дзьмітры Галавач. — Малы горад мае ў гэтым пляне свае перавагі. Бо часам па нашыя паслугі зьвяртаюцца. Няма сэнсу сварыцца і псаваць адносіны. У нашым горадзе ў міліцыі працуюць такія ж людзі, як мы. Ва ўсіх ёсьць дзеці, усе адзін аднаго ведаюць. Ніхто ня хоча стаць ізгоем ці прадметам кпінаў ці зьдзекаў», — лічыць музыка.

Басіст Павел Дземянцей

Дзьмітры Галавач сочыць за грамадзка-палітычнымі падзеямі ў краіне.

«Мы няблага вучыліся ў школе і ведаем з гісторыі, чым гэта ўсё можа скончыцца. Яшчэ ніводзін рэжым ня быў вечны. І гэты не выключэньне. Мы хочам, каб перадача ўлады прайшла легітымным шляхам, гэта дазволіла б пазьбегнуць сапраўднай вайны, калі будуць дзяліць сфэры ўплыву, перакройваць краіну, выкарыстоўваць любыя мэтады для таго, каб захапіць уладу. Вельмі спадзяёмся, што цяперашняя ўлада гэта разумее. Яна проста састарэла. І калі нам хочуць пакінуць мірную краіну, то трэба перадаць кіраваньне маладым. А самім ісьці на пэнсію, — яны яе заслужылі. Час і адпачыць», — кажа ён.

Дзьмітры Галавач

У здымках новага кліпа паўдзельнічалі 23 сям’і

11 ліпеня гурт выпускае новы кліп. У яго здымках у Рагачове бралі ўдзел людзі з розных рэгіёнаў краіны.

«Прыехалі 23 сям’і, некаторыя з зусім малымі дзецьмі, за 400 кілямэтраў туды і назад. Вось што можа зрабіць агульная ідэя, таму што за грошы людзі часам ня хочуць падняцца з канапы. А тут быў такі водгук, што нам многім давялося адмовіць. Гэта была вельмі сур’ёзная праца. У новай песьні трэба думаць над кожнай фразай. Гэта не баявік у стылі „Мы не „народзец““, гэта песьня для разважаньня. Думаю, што яна адгукнецца ў сэрцах людзей», — спадзяецца аўтар песень.

Прэм’ера адбудзецца на канале гурту ў YouTube, падпісчыкі Instagram убачаць яго раней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ёсьць свабодны». Гімны лета-2020 ад Nizkiz, Superbullz, Naviband i Lear
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія гурты запісалі песьню-пратэст на верш Уладзімера Някляева
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Litesound пазбавілі канцэртаў за крытыку ўладаў. Гурт адказаў гімнам «Мы героі»