Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Litesound пазбавілі канцэртаў за крытыку ўладаў. Гурт адказаў гімнам «Мы героі»


Уладзімер і Дзьмітры Каракіны
Уладзімер і Дзьмітры Каракіны

«Гэтым летам, калі не засталося абыякавых да таго, што адбываецца навокал, песьня „Мы героі“ прысьвячаецца людзям, якія не здаюцца», — адзначаюць фронтмэны рок-гурту Litesound браты Каракіны. Папулярны калектыў пераклаў на беларускую мову і выклаў у шырокі доступ свой гіт We Are the Heroes, зь якім прадстаўляў Беларусь на конкурсе Eurovision-2012.

Litesound — рок-гурт, заснаваны ў 2005 годзе Дзьмітрыем і Ўладзімерам Каракінымі. Хлопцы ўдзельнічаюць у розных музычных праектах, супрацоўнічаюць зь беларускімі і замежнымі кампазытарамі і выканаўцамі як аранжавальнікі, аўтары песень, прадусары.

«Немагчыма прыняць цяперашняе самачынства»

«Ідэя беларускамоўнай вэрсіі We Are the Heroes нарадзілася яшчэ тады, як зьявілася песьня, — расказаў Свабодзе вакаліст Litesound Дзьмітры Каракін. — Нават абвясьцілі конкурс на найлепшы адаптаваны тэкст, спыніліся на варыянце „Мы героі“ Мікіты Найдзёнава.

Хоць верш быў гатовы ў 2018 годзе, запісалі толькі цяпер. І, здаецца, яна проста ідэальна легла на ўсе апошнія падзеі. Гэткі крык душы, бо эмоцыі сапраўды зашкальваюць. Немагчыма на ўсё гэтае самачынства глядзець, хочацца людзей падтрымаць, выказаць ім сваю салідарнасьць».

Удзельнікі гурту Litesound
Удзельнікі гурту Litesound

Да гэтага ўдзельнікі Litesound заставаліся больш-менш пасіўнымі ў палітычным жыцьці, засяроджваючыся на творчасьці. Аднак падзеі гэтага году сталі пераломнымі, гаворыць Дзьмітры Каракін. Пачалося зь непрызнаньня ўладамі каранавірусу і «рэцэптаў лячэньня» ад кіраўніка краіны, затым мабілізацыя на суботнік, апошняй кропляй стаў вайсковы парад.

«Проста дзівіць рэакцыя кіраўніцтва краіны. Наш лідэр вырашыў не адмяняць парад у гонар 75-годзьдзя перамогі ў Менску. Няма нічога больш цынічнага, чым бразгаць зброяй у той момант, калі ўвесь сьвет змагаецца зь бядой, адмяніўшы Алімпійскія гульні, „Эўравізію“ і г. д. Трацяцца велізарныя грошы. Няўжо ўлада не здольная прыняць адзінае правільнае рашэньне: адмяніць парад і раздаць грошы вэтэранам, якіх і так засталося зусім мала? Замест таго, каб падстаўляць старых людзей пад непатрэбную рызыку», — эмацыйна напісаў ён на старонцы ў Facebook.

Браты Каракіны
Браты Каракіны

А калі да пандэміі дадалася прэзыдэнцкая кампанія з брутальнымі затрыманьнямі і міліцэйскім гвалтам, Дзьмітры Каракін параўнаў гэта зь «перадвыбарным дзікунствам».

«Любы здаровы чалавек разумее: не павінна парушацца Канстытуцыя, як гэта адбываецца ў нас на пастаяннай аснове, — тлумачыць музыка прычыны „палітызацыі“. — Для любой краіны нармальна выказваць сваю думку пра ўладу, крытыкаваць яе, калі заслужыла, — гэта не злачынства. А калі бачым бесьперапыннае парушэньне правоў — ад свабоды слова да магчымасьці ўдзелу ў выбарах — маўчаць нельга. Што тычыцца затрыманьняў падчас пікету ці ў чарзе да крамы, гэта дзікунства. Цешыць, што беларусы ў бальшыні сваёй салідарныя ў асуджэньні такіх дзеяньняў».

Litesound
Litesound

«Сёньня рэальна страшна за сваё жыцьцё»

Музыка лічыць ненармальнай сытуацыю, калі ў эўрапейскай краіне ХХІ стагодзьдзя людзі баяцца за сваё жыцьцё: праваахоўнікі, замест таго, каб стаяць на варце, самі ўчыняюць гвалт у дачыненьні сваіх жа суайчыньнікаў.

«Безумоўна, многія яшчэ баяцца падаваць голас, бо рэальна страшна за сваё жыцьцё — ты абсалютна безабаронны перад сыстэмай, — працягвае Дзьмітры Каракін. — Таму вельмі хочацца, каб усё ўрэшце зьмянілася да лепшага. Пытаньне нават не ў палітыцы, ня ў тым, хто мае рацыю, а хто вінаваты. Проста так не павінна быць у цывілізаванай дзяржаве. Гэта ўжо нейкае дрымучае цемрашальства».

Заснавальнікі Litesound
Заснавальнікі Litesound

Многім творцам, якія асьмельваюцца крытыкаваць сілавыя мэтады нэўтралізацыі апанэнтаў, на розных узроўнях пачынаюць чыніць бар’еры. Так, пераможцу «Славянскага базару-2016» Аляксея Гроса пасьля некалькіх пастоў з асуджэньнем арыштаў Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага выкрасьлілі з ухваленых канцэртных праграмаў, а ўрэшце выключылі з Унівэрсытэту культуры. Дзьмітры Каракін кажа, што аналягічныя санкцыі ўжытыя і супраць Litesound.

«Ды нас нас ужо адусюль паздымалі, — кажа ён. — Было запрашэньне на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня, аргумэнтавалі, што Міністэрства культуры нашага ўдзелу не пацьвердзіла. Плянавалі выступ на сярэдзіну месяца — мяркуючы па ўсім, таксама адмяняецца. І гэта пачалося літаральна пасьля першых выказваньняў у сацсетках, хоць пазыцыя дастаткова нэўтральная, узважаная, без аніякіх заклікаў на барыкады. Проста пытаньні да таго, што адбываецца — натуральна, ухваленьня гвалту быць не магло апрыёры. Зрэшты, ня першы раз нам ставяць палкі, таму ўяўляем, як гэта выглядае».

Ляўрэаты конкурсу «Песьня году»
Ляўрэаты конкурсу «Песьня году»

«Фальсыфікуюць нават адбор на Eurovision»

Кар’ера братоў Каракіных пачалася ў 2002 годзе з акустычнага дуэту ў Кітаі, дзе тады жылі бацькі. Гралі ў клюбах, унівэрсытэцкіх кампусах. Яны сталі прызэрамі фэстываляў «Modern Rock Bands Competition» у Кітаі, «MOVA songwriters ʼcompetition 2002» у ЗША. Дзьмітры неаднаразова перамагаў на вакальных конкурсах. У 2005 годзе хлопцы пачалі выступаць пад назвай Litesound. Гурт стаў пасьпяховым, выконваючы ангельскамоўныя песьні.

З італьянскім выканаўцам Якопа Маса
З італьянскім выканаўцам Якопа Маса

У 2006-м Litesound узялі першае месца на конкурсе Festival Internazionale di Maiori ў Італіі. Неўзабаве была запісаная песьня Solo Per Te сумесна з італьянскім рокерам Якопа Маса (Jacopo Massa), якая ў Італіі 20 тыдняў заставалася на вяршыні гіт-парадаў.

У канцы 2008-га зьявіўся дэбютны альбом Going to Hollywood («Па дарозе ў Галівуд»), які ўвайшоў у тройку самых прадаваных у Беларусі. Песьні Litesound траплялі ў лік уганараваных прэміяй «Песьня году Беларусі», калектыў запрашалі на «Славянскі базар», яны перамагалі на фэсьце «Амбасовішча». У 2010-м разам зь Якопа Маса прадстаўлялі Беларусь на міжнародным конкурсе «Новая хваля» у Юрмале, атрымалі званьне ляўрэатаў.

У 2011-м кліп на песьню See you in Vegas удастоены Нацыянальнай музычнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы кліп году».

Калектыў пяць разоў заяўляўся на «Эўрафэст», пераможца якога атрымліваў шанец выступіць на папулярным конкурсе Eurovision. Кожны раз не хапала зусім крыху. А ў 2012-м падчас адбору на «Эўравізію» у Баку здарыўся скандал. У фінале яны сталі другімі, набраўшы 22 балы з 24 магчымых. Удзельнікі гурту і прыхільнікі абвінавацілі журы ў фальсыфікацыях. Далучыўся нават Аляксандар Лукашэнка, які даручыў стварыць камісію для пераліку галасоў. Высьветлілася, што вынікі сапраўды былі «перакручаныя» на карысьць Алены Ланской.

Дзьмітры Каракін
Дзьмітры Каракін

Пасьля праверкі пераможцам афіцыйна прызналі гурт Litesound, якому і судзьдзі і тэлегледачы аддалі па 12 балаў. Браты Каракіны зь песьняй We Are the Heroes паехалі ў Азэрбайджан, а кіраўніцтва «Белтлерадыёкампаніі» пасьля гэтага «забаніла» артыстаў — ад таго часу яны на Макаёнка, 9 пэрсоны нон-грата.

«Праўда на нашым баку, нашае сумленьне чыстае»

І хоць справядлівасьць аднавілася, ці прэзыдэнцкая справа займацца адборам на сьпеўны конкурс? Абсурд, лічыць Дзьмітры Каракін.

Litesound
Litesound

«Існая сыстэма ўлады выстраена такім чынам, што нічога ня робіцца без кіраўніка дзяржавы. За мінулыя чвэрць стагодзьдзя гэта стала цалкам відавочна. Ні бульбу перабраць ня могуць, ні ваду адфільтраваць. Гэта незвычайна і ненармальна для чалавека на пасадзе прэзыдэнта ў іншых краінах. Першыя асобы не павінны займацца адборамі кандыдатаў на сьпеўныя конкурсы ды іншымі справамі, для якіх ёсьць адмысловыя людзі і, самае галоўнае, зразумелыя і празрыстыя працэдуры. Калі ўсё будзе выконвацца, то не спатрэбіцца ніякіх разносаў пастфактум».

Нягледзячы на сьціплае месца ў Баку, на пачатку 2013 году Litesound атрымалі прэстыжную прэмію Eurostar Award, набраўшы амаль 15 тысяч галасоў і тым самым апярэдзіўшы пераможцу «Эўравізіі-2012» Loreen на 10 тысяч галасоў. Гэта першы выпадак у гісторыі прэміі, калі яе ўладальнікам сталі артысты, якія не прайшлі ў асноўны фінал конкурсу.

У 2018 годзе выйшаў другі альбом з 18 трэкамі. Каманда шмат гастралюе ў Эўропе, але ўсе меней запатрабаваная на радзіме. Летась Litesound змагаліся за ўдзел у цырымоніі закрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў. Іх песьня Champion выйшла ў другі тур, перамагла ў глядацкім галасаваньні і рашэньнем журы замацавалася ў тройцы пераможцаў. Аднак за некалькі дзён да падзеі выступ гурту быў скасаваны арганізатарамі. Пасьля выказваньня грамадзянскай пазыцыі ў часе сёлетняй выбарнай кампаніі не прымусілі доўга чакаць новыя «музычныя санкцыі».

Зрэшты, вымушаную паўзу музыкі зьбіраюцца выкарыстаць з максымальным плёнам. Найперш завершыць працу над чарговым альбомам.

Litesound братоў Каракіных
Litesound братоў Каракіных

«У нас вялікая колькасьць творчых ідэяў, задумаў, — падсумоўвае вакаліст Litesound Дзьмітры Каракін. — Цяпер будзе больш часу заняцца сваім трэцім альбомам. Шмат песень патрабуюць запісу, ніякімі санкцыямі гэты працэс ужо ня спыніш. Праўда на нашым баку, наша сумленьне чыстае. А стаўленьне да таго, што адбываецца навокал, выказалі сваім гімнам „Мы героі“. На жаль, у краіне ўсё настолькі закансэрвавалася, што нашыя тэксты актуальныя і праз гады. А яшчэ ўсьцешаныя, што нарэшце Litesound загучаў і па-беларуску...»

Litesound: We Are the Heroes
Litesound: We Are the Heroes

«Мы героі»
Калі зь неба адлятае ноч,
Не спыняйся ў дарозе.
Калі сьвет цябе ня чуе больш,
Не здавайся, ты ўсё зможаш,

Бо ты не адзін, мы супраць іх,
Будзь побач і, каб нам перамагчы,
У той дзень, калі няма надзей,
Я знайду яе...

Што б ні супрацьстаяла мне,
Я ведаў і раней,
Што мы героі разам з табою.
Узгадваю часьцей.

Няма нязломных сьцен.
Мы тыя, хто верыць і крочыць наперад.
І перайначыць лёс,
І запаволіць час,
Кранаючы промні.
Галоўнае, помні:
Няма нязломных сьцен,
Бо мы героі.

У нябёсах зоркі не зьлічу,
І губляецца гравітацыя,
Што, здаецца, лёгка палячу,
Калі ўсё вакол прачынаецца.

Ты не адзін, мы супраць іх,
Будзь побач і, каб нам перамагчы,
У той дзень, калі няма надзей,
Я знайду яе...

Упершыню публічна беларускамоўны варыянт песьні
«Мы героі» прагучаў у аўтарскай праграме Сяргея Будкіна Belsat Music Live:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG