«Хутчэй за ўсё, яе да выбараў ня выпусьцяць». Вольгу Мікалайчык больш за два тыдні трымалі ў карцары

Вольга Мікалайчык на пікеце па зборы подпісаў незадоўга да затрыманьня

Рэжысэр-дакументаліст і грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык правяла ў ІЧУ на Акрэсьціна больш за два тыдні ў карцары. Актывістка захварэла на бранхіт, але ёй не перадавалі перадач і забралі лекі. Больш як за 20 дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня Вользе Мікалайчык не перадалі ніводнага ліста з волі, і ад яе ніхто зь сяброў не атрымліваў лістоў.

Гэтай інфармацыяй са Свабодай падзялілася Наста Паліенка, якая размаўляла праз тэлефон з жанчынай, што сядзела з Вольгай Мікалайчык у адной камэры.

«Сукамэрніца прасіла паведаміць пра ўмовы, у якіх сядзіць Вольга Мікалайчык. 17 дзён яна была ў карцары, там захварэла на бранхіт. Першыя 4 дні была на галадоўцы. Калі была ў карцары, там адключалі ваду і ёй зусім не давалі вады. І яшчэ за ўвесь гэты час, як была ў карцары, ніводнага разу не вадзілі ў душ, не выводзілі на прагулкі і не перадалі ніводнага ліста. Забралі ўсе асабістыя рэчы, уключна з акулярамі, безь якіх яна амаль ня бачыць, і забралі лекі, якія яна рэгулярна прымае ад хранічных хваробаў», — кажа Наста Паліенка.

Паводле крыніцы, на якую спасылаецца Наста Паліенка, Вольга Мікалайчык сядзела ў карцары побач з Паўлам Севярынцам. «Фармальная прычына, чаму яе пакаралі карцарам, нам невядомая», — сказала Наста Паліенка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 500 тысяч падпісчыкаў, да 3 гадоў калёніі. Што яшчэ трэба ведаць пра затрыманых уладамі блогераў

Сукамэрніца Вольгі Мікалайчык таксама пацьвердзіла, што актывістка нядаўна атрымала новы тэрмін адміністрацыйнага арышту — яшчэ 15 сутак да тых 45, што ўжо былі. «Хутчэй за ўсё, яе да выбараў ня выпусьцяць», — мяркуе сукамэрніца Вольгі Мікалайчык.

Вольгу Мікалайчык міліцыянты затрымалі пасьля таго, як у суботу 6 чэрвеня актывістка брала ўдзел у пікеце каля Камароўскага рынку. На тым пікеце Вольга Мікалайчык абвясьціла збор сродкаў «на квіток Аляксандру Лукашэнку ў суд у Гаагу».

Акрамя Вольгі Мікалайчык, пасьля пікету затрымалі сустаршыню БХД Паўла Севярынца, актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага і іншых актывістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вашымі рукамі чыняць беззаконьне». Жонка Севярынца зьвярнулася да міліцыі, судоў, турмаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty  International  патрабуе вызваліць арыштаваных у Беларусі блогераў і актывістаў 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міколу Статкевіча затрымалі па крымінальнай справе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кругавая абарона Лукашэнкі: Ад Пуціна да Ціханоўскага