Гарадзенка Віталія Навумік атрымала адразу стос лістоў ад мужа з «амэрыканкі», да таго ж — ліст зь дзіцячага садка, зь якога вынікае, што падставаў, каб забіраць дзіця зь сям’і, ня выявілі.
«Не ўяўляю, чаму я тут павінен знаходзіцца»
Уладзімер Навумік пайшоў 29 траўня па торт для дачкі, якая мела выпускны ў дзіцячым садку. Дадому не вярнуўся. Пазьней ягоная жонка Віталія даведалася, што мужа затрымалі на Савецкай плошчы разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і паплечнікамі. Вядома, што калі затрымлівалі Ціханоўскага, Уладзімер здымаў гэта на тэлефон. Тады яго і затрымалі.
Фатаздымкі з Уладзімерам Навумікам
Цяпер ён у сьледчым ізалятары № 1, што на вуліцы Валадарскага ў Менску, абвінавачваецца па частцы 1 артыкула 342 і падазраецца па 364 артыкуле Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Пасьля затрыманьня Ўладзімера да Віталіі прыйшла ў інтэрнат камісія зь дзіцячага садку з праверкай умоваў. Жанчына спужалася, што зь сям’і могуць забраць пяцігадовую дачку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я вельмі баюся, што ў мяне забяруць дзіця», — жонка гарадзенца, затрыманага ў справе ЦіханоўскагаАмаль два месяцы ў Віталіі фактычна не было навінаў ад мужа. Днямі да яе прыйшло пяць лістоў зь СІЗА. Муж напісаў лісты ў розны час, але прыйшлі яны амаль адначасова. Некаторыя ішлі 2 тыдні.
«Я ні ў чым не вінаваты. Я ў гэтым упэўнены на 100 адсоткаў. Проста фатальная выпадковая несправядлівасьць. Нічога супрацьзаконнага я не зьдзяйсьняў, вы павінны гэта ведаць. Проста крыўдна за такую несправядлівасьць. Людзі сядзяць тут і ведаюць за што, а я не ўяўляю, чаму я тут увогуле павінен знаходзіцца», — чытае ліст ад мужа Віталія.
Муж піша, што ні ў чым не вінаваты
Давалі смачны боршч, можна прасіць дабаўку
Як ён аказаўся на плошчы ў той вечар, Уладзімер не патлумачыў. Ён у разгубленасьці і ня ведае, што рабіць далей. Папрасіў наняць адваката. Віталія ўжо заключыла дамову за грошы, якімі ёй дапамагалі неабыякавыя людзі.
Віталія знайшла мужа на відэа з Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня
Адвакатка сказала, што ніколі ў жыцьці ня бачыла чалавека ў такім стане, як Уладзімер у першыя дні пасьля затрыманьня. Як пераказвае Віталія, ён быў «у трансе, плакаў, яго трэсла».
У лістах Уладзімер паведаміў, што цяпер апамятаўся, здаровы. Напісаў, што кормяць іх добра і што ён нават ня можа зьесьці да канца вялікія порцыі. Расказаў, што давалі смачны боршч і што нават можна папрасіць дабаўкі. Штодня можна выходзіць на шпацыр, нехта на шпацыры займаецца спортам. Можна чытаць кнігі і пісаць лісты.
Ён прасіў жонку перадаць у СІЗА прысмакі, каб пачаставаць сукамэрнікаў, бо і зь ім дзяліліся. Да таго ж напісаў, што патрэбная гарбата, цыгарэты. Хацеў таксама шорты, але іх не прынялі, бо не дазволена. Таксама Ўладзімер прасіў, каб жонка пісала яму штодня, каб дасылалі лісты сваякі і сябры.
Уладзімер просіць часьцей яму пісаць і перадаць прысмакі
Віталія ня ведае, ці ёсьць у мужа інфармацыя пра тое, што адбываецца па другі бок кратаў, ці ведае ён пра затрыманьні людзей падчас сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі. Пра тое, што да іх прыходзіла камісія і правярала жыльлёвыя ўмовы, яна мужу не пісала. Ён прасіў, каб малая дачка надалей хадзіла на гімнастыку, не прапускала заняткаў. Пяцігадовай Лізе сваякі кажуць, што тата ў камандзіроўцы.
Малая Ліза думае, што тата ў камандзіроўцы
Найбольш гарадзенку кранулі словы мужа ў лістах, што ён выйдзе на волю іншым чалавекам, што ён пераасэнсаваў свой погляд на жыцьцё, шмат аб чым падумаў. Прасіў, каб родныя яго чакалі, казаў, што іх любіць.
«Канечне, я буду чакаць. Перажывае, што мы яго цяпер кінем. Я яму пішу: „Перастань нават так думаць“», — рэагуе жонка затрыманага на такую просьбу.
Крытэраў сацыяльна небясьпечнага становішча ў сям’і ня выявілі
Нядаўна Віталія атрымала ліст зь дзіцячага садка пра рашэньне, якое прынялі ў дачыненьні да іхнай сям’і на паседжаньні рады па прафіляктыцы безнагляднасьці і правапарушэньняў непаўналетніх.
У ім гаворыцца, што дзіця Навумікаў жыве ў добрых умовах, у асобным пакоі, дзе ёсьць месца для сну, гульняў, для падрыхтоўкі ўрокаў. Дзяўчынка добра разьвіваецца, жыве ў прыязнай сям’і. Бацькі плацяць за харчаваньне ў садку своечасова. У садку зрабілі выснову, што няма падставаў, каб ставіць сям’ю ў сацыяльна небясьпечнае становішча. На паседжаньні вырашылі параіць маці пры неабходнасьці зьвяртацца да псыхоляга ў паліклініку па месцы жыхарства.
Віталія моцна ўзьнялася духам, калі яе падтрымала шмат людзей
Сама Віталія апошнім часам адчула ў сабе сілы, бо шмат людзей пісалі ёй з падтрымкай, дапамагалі матэрыяльна. Адна жанчына прапаноўвала Віталіі з дачкой пераехаць да яе на вёску на лета, каб дзіця не забралі зь сям’і. Псыхоляг быў гатовы падтрымаць сваімі паслугамі. Яшчэ адзін незнаёмец прапаноўваў сплаціць штраф, калі мужу яго прысудзяць.
Цяпер Віталія жыве надзеяй, што мужа могуць неўзабаве выпусьціць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Міліцыянт, які сьведчыў супраць мяне, жыве побач». Што адбываецца ў Ганцавічах пасьля жорсткага разгону першай у гісторыі палітычнай акцыіГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Час Лукашэнкі скончыўся», — Сьвятлана Алексіевіч пра жорсткія затрыманьні і падтрымку Віктара Бабарыкі