Блогеру Сяргею Ціханоўскаму працягнулі тэрмін знаходжаньня ў карцэры за павуціньне ў камэры, расказаў TUT.BY адвакат Віктар Мацкевіч.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў карцэры ўжо 10 дзён. Паводле адваката, ён атрымаў два спагнаньні, кожнае — па сем сутак. Першае далі за парушэньне рэжыму. Другое — ужо ў карцэры, за дрэнную прыборку: паводле Ціханоўскага, у камэры пад трохмэтровай стольлю супрацоўнікі СІЗА ўбачылі павуціньне.
Сёньня Ціханоўскі падаў скаргі на зьмяшчэньне ў карцэр у суд Маскоўскага раёну, у пракуратуру гораду і Ўпраўленьне дэпартаменту выкананьня пакараньняў па Менску і Менскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Выкінулі на ўскраіне, і зноў накінуліся трое ў цывільным». Як адбыў 45 сутак у ізалятары паплечнік ЦіханоўскагаАдвакат блогера падаў зварот начальніку Сьледчага ізалятару № 1: ён просіць правесьці мэдычны агляд Ціханоўскага і скараціць тэрмін ягонага знаходжаньня ў карцэры. А таксама зьвярнуўся ў пракуратуру Менску з просьбай аб неадкладным разглядзе ўсіх пададзеных скаргаў.
Ніякіх працэсуальных дзеяньняў зь Ціханоўскім, пакуль ён у карцэры, не праводзілася.
Ціханоўскі ад 29 траўня знаходзіцца ў менскім СІЗА-1 як абвінавачаны па справе на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Паводле гэтага абвінавачваньня, яму пагражае да трох гадоў зьняволеньня. На мінулым тыдні стала вядома, што ў дачыненьні да яго таксама распачатая новая крымінальная справа — за перашкоду выбарам.
Сяргея Ціханоўскага зьмясьцілі ў карцэр 13 чэрвеня, а праз тыдзень працягнулі знаходжаньне ў карцэры да 26 чэрвеня.