Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з супольнай заявай, у якой запатрабавалі ад уладаў спыніць рэпрэсіі. Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, Сьвятлану Купрэеву і Ўладзімера Дударава яны прызналі палітычнымі зьняволенымі.

18 чэрвеня стала вядома аб затрыманьні Віктара Бабарыкі, які вылучаецца ў кандыдаты на прэзыдэнта, а таксама кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Называць замежныя апэрацыі вывадам грошай — абсурд». Што ня так з абвінавачаньнямі Бабарыку, якія паказалі ў тэлевізіі

Бабарыка, паводле сьледзтва, быў арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней учыненых злачынстваў. Генэральная пракуратура пачала крымінальную справу па ч.2 і 3 арт. 285 КК (стварэньне злачыннай арганізацыі ці ўдзел у ёй).

Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Раней былі ўзятыя пад варту сябры ягонай ініцыятыўнай групы — Сьвятлана Купрэева і Ўладзімер Дудараў.

«Затрыманьні сталі працягам хвалі рэпрэсій, якія распачаліся ў краіне ад моманту абвяшчэньня прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. За гэты пэрыяд сотні грамадзянаў падвергнутыя розным відам перасьледу: звальненьням з працы, адміністрацыйным арыштам і штрафам. Асабліва жорстка абышліся з чальцамі ініцыятыўных групаў Сьвятланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына: Шанцы на рэгістрацыю ў Бабарыкі «амаль такія ж, як у іншых»

Прэзыдэнцкая кампанія адбываецца ва ўмовах запалохваньня грамадзтва, пагрозаў і ціску, пішуць далей праваабаронцы. Дзейны кіраўнік дзяржавы неаднаразова пагражаў сваім палітычным апанэнтам, у тым ліку і Віктару Бабарыку.

«Мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага перасьледу Віктара Бабарыкі і чальцоў ініцыятыўнай групы зьяўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненьне яго публічнай дзейнасьці па вылучэньні ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі і далейшым удзеле ў выбарах. Такая дзейнасьць праваахоўных, судовых ды іншых органаў непрымальная для дэмакратычнага грамадзтва», — адзначаецца ў дакумэнце.

Праваабаронцы ўказваюць, што парушэньне прэзумпцыі невінаватасьці, грубае парушэньне права на абарону ды іншыя падкрэсьліваюць неправавы характар гэтых дзеяньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бесчалавечнае абыходжаньне з апанэнтамі». Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў ААН 

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый заяўляюць аб прызнаньні Віктара Бабарыкі, Эдуарда Бабарыкі, Сьвятланы Купрэевай, Уладзімера Дударава палітычнымі зьняволенымі і патрабуюць:

• неадкладна вызваліць В. Бабарыку, Э. Бабарыку, С. Купрэеву і У. Дударава з-пад варты

• забясьпечыць В. Бабарыку магчымасьць бесьперашкоднага ўдзелу ў свабодных і дэмакратычных выбарах

• адмовіцца ад выкарыстаньня мэтадаў крымінальнага перасьледу як інструмэнту ціску на ўдзельнікаў кампаніі

• неадкладна спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзян і непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэсу, а таксама вызваліць усіх палітычных зьняволеных.

Заяву падпісалі:

  • Праваабарончы цэнтар «Вясна»,
  • Беларускі Хэльсынскі камітэт,
  • Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend,
  • аб’яднаньне «Прававая ініцыятыва»,
  • таварыства «Ініцыятыва Forb»,
  • ініцыятыўная група «Ідэнтычнасьць і права»,
  • кансультацыйны цэнтар «Х'юман Канстанта»,
  • Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый,
  • Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава.