За апошнія 10 гадоў Фэдэральная служба бясьпекі Расеі пераважна сілавымі мэтадамі ўсталявала кантроль амаль над усімі дзяржаўнымі інстытутамі ў краіне. Да такой высновы прыйшлі аўтары досьледу аб дзейнасьці ФСБ, які 11 чэрвеня апублікаваў цэнтар расьсьледаваньняў «Дасье» Міхаіла Хадаркоўскага.
У «залежнасьць» ад ФСБ трапілі, сярод іншых, Міністэрства абароны, Сьледчы камітэт, Генэральная пракуратура, Міністэрства ўнутраных спраў і іншыя сілавыя структуры РФ. Акрамя таго, прадстаўнікі ФСБ рэгулярна ўплываюць на рашэньні судзьдзяў, парушаючы прынцып незалежнасьці судовай галіны ўлады.
Як адзначаецца ў дакладзе, прадстаўнікі ФСБ «сыстэмна ўдзельнічаюць у карупцыйнай дзейнасьці» і, па сутнасьці, кантралююць амаль увесь рынак нелегальных банкаўскіх апэрацый у Расеі. Прыбытак ад гэтай дзейнасьці атрымліваюць асобныя супрацоўнікі спэцслужбы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі палкоўнік ФСБ атрымліваў штомесяц па € 100 тысяч за заступніцтва банкаАкрамя таго, у ФСБ існуе неафіцыйны прайс-ліст для прыватных кліентаў: за 100 даляраў супрацоўнік спэцслужбы можа скласьці дасье на фізычную асобу, за 1000 даляраў — падаць раздрукоўку тэлефонных размоваў абанэнта сотавай сувязі з указаньнем геалякацыі, за 3000 даляраў — узламаць акаўнт у сацсетках або мэсэнджары. Таксама ў частцы дакладу, прысьвечанай карупцыі ў ФСБ, гаворыцца, што высокапастаўленыя супрацоўнікі ведамства атрымалі 126 лецішчаў у Падмаскоўі.
Інфармацыю для дакладу журналісты цэнтру «Дасье» зьбіралі больш за год, у яго аснову леглі як зьвесткі з адкрытых крыніц і дадзеныя з дакумэнтаў розных ведамстваў, так і зьвесткі, атрыманыя падчас інтэрвію зь дзясяткамі экспэртаў, сярод якіх — былыя і дзейныя супрацоўнікі савецкіх і расейскіх сілавых ведамстваў і спэцслужбаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі асудзілі сем чалавек на тэрміны ад 6 да 18 гадоў у справе аб тэрарызьмеВывучыўшы гэтыя зьвесткі, аўтары прыйшлі да высновы, што ФСБ таксама выконвае функцыі рэпрэсіўнага апарату, які працуе як супраць апазыцыйна настроеных грамадзян, так і супраць убудаваных ва ўладную вэртыкаль бізнэсоўцаў, чыноўнікаў ці сілавікоў, якія з тых ці іншых прычын не дагадзілі Крамлю, прычым мэтады, якія выкарыстоўвае ФСБ, часьцяком парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян і ўключаюць у сябе горшыя практыкі часоў КДБ.
Пры гэтым унутраная трансфармацыя, у выніку якой ФСБ перастае быць толькі палітычным інструмэнтам у руках Крамля і становіцца незалежнай крыніцай палітычных рашэньняў, уяўляе, на думку аўтараў дакладу, пагрозу для ўсяго расейскага грамадзтва — нягледзячы на тое, што на сёньняшні дзень узровень рэпрэсій у Расеі «істотна ніжэйшы», чым за часамі СССР.
Заяўленая мэта дакладу палягае ў тым, каб дасьледаваць працу ФСБ, ацаніць ступень яе ўплыву на палітычнае і эканамічнае жыцьцё краіны, вывучыць сыстэмныя праблемы, зь якімі сутыкаецца спэцслужба. Паводле складальнікаў дакладу, гэта першая за ўсю гісторыю ФСБ спроба дэталёва дасьледаваць і апісаць працу спэцслужбы. У дакладзе таксама прадстаўленыя прапановы па рэфармаваньні ФСБ.
Аўтары адзначаюць, што «легітымны бок дзейнасьці ФСБ» (неабходныя і апраўданыя задачы па супрацьдзеяньні тэрарызму і замежным выведкам) не зьяўляўся прадметам дакладу, а інфармацыя, якая можа нанесьці шкоду выкананьню службай яе канстытуцыйных функцый, не выдавалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сырыі загінулі чатыры спэцназаўцы расейскай ФСБ. Што яны там рабілі?Фэдэральная служба бясьпекі Расеі была сфармаваная ў 1995 годзе і падпарадкоўваецца наўпрост прэзыдэнту краіны. У яе функцыі ўваходзяць контравыведка, супрацьдзеяньне тэрарызму і экстрэмізму, забесьпячэньне эканамічнай бясьпекі і ахова дзяржаўных межаў РФ.
Праект «Дасье» быў запушчаны Міхаілам Хадаркоўскім у студзені 2018 году. Яго мэта — садзейнічаць фармаваньню прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці ў Расеі і аказваць супрацьдзеяньне журналісцкімі мэтадамі «крамлёўскай злачыннай групоўцы», якая захапіла, на думку ўдзельнікаў праекту, уладу ў Расеі.