Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сырыі загінулі чатыры спэцназаўцы расейскай ФСБ. Што яны там рабілі?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У шэрагу пракрамлёўскіх Telegram-каналаў 2 лютага паведамілі пра сьмерць у Сырыі чатырох супрацоўнікаў спэцназу Фэдэральнай Службы Бясьпекі Расеі, пазьней зьявіліся фота жалобных шыльдаў.

Расея неаднаразова заяўляла, што вывела асноўную частку сваёй групоўкі з Сырыі, але адтуль працягваюць рэгулярна паступаць паведамленьні пра сьмерць як расейскіх наймітаў, так і кадравых вайскоўцаў.

Расейская служба Свабоды распытала аналітыка расьсьледавальнай групы Conflict Intelligence Team Руслана Левіева пра тое, што вядома пра загінулых спэцназаўцаў і расейскія войскі ў Сырыі агулам.

Экспэрт CIT сьцьвярджае, што загінулыя — дзьве снайпэрскія пары (два снайпэры і два наводнікі), адна з упраўленьня «К» (што працуе на Каўказе) і адна з упраўленьня «С» (упраўленьне спэцыяльных апэрацыяў).

Таксама CIT вядома, што яны загінулі 1 лютага на захадзе гораду Алепа, калі сырыйскія паўстанцы (меркавана, тэрарыстычная групоўка «Тахрыр аш-Шам», што ваюе таксама і з курдамі, і з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы») атакавалі войскі афіцыйных уладаў Сырыі, якіх прыкрывалі супрацоўнікі ФСБ.

Левіеў згадвае, што спэцназ ФБС бачылі ў Сырыі прынамсі з 2016 году, і ў траўні 2019 году паведамлялася пра страты расейскага спэцназу ў выніку засады сырыйскіх паўстанцаў.

Афіцыйнага пацьверджаньня з боку ФСБ пра сьмерць супрацоўнікаў службы не было.

«Нам застаецца толькі здагадвацца, навошта канкрэтна яны там прысутнічаюць, — кажа Левіеў. — Хутчэй за ўсё, проста для набору баявога досьведу. Гэтая практыка ня новая для падразьдзяленьняў ФСБ і КГБ. Група „Альфа“ КГБ СССР удзельнічала ў вайне ў Афганістане. Яны ня толькі праводзілі там спэцапэрацыі, напрыклад, па захопе палацу Аміна, але і ўдзельнічалі ў баях разам з савецкімі вайскоўцамі. Гэта распаўсюджаная практыка атрыманьня баявога досьведу, якая ідзе яшчэ з Савецкага Саюзу».

Поўнае інтэрвію Руслана Левіева на сайце расейскай службы Свабоды >>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG