10 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе прайшло судовае паседжаньне па апэляцыйнай скарзе блогера Сяргея Ціханоўскага, якую ён падаў яшчэ ў траўні, пасьля аднаго з адміністрацыйных працэсаў, калі яму далі чарговыя 15 сутак арышту, паведамляе Tut.by.
Паколькі цяпер Сяргей Ціханоўскі абвінавачаны па крымінальнай справе, ён удзельнічаў у працэсе па відэасувязі зь СІЗА. На пасяджэньне зь Менску прыехала яго жонка Сьвятлана, таксама прыйшла маці Сафія Яфрэмаўна.
«Адбываецца запалохваньне людзей». Што Ціханоўскі казаў на судзе
Судзьдзя Аляксандар Сужаеў размаўляў з блогерам праз манітор. Ён паказаў Ціханоўскаму важкі альбом з мноствам фатаздымкаў зь месцаў сустрэч блогера зь людзьмі і сказаў, што на фота — людзі зь лёзунгамі і плякатамі.
«У мяне ніякіх лёзунгаў і плякатаў не было. Гэта быў ня мітынг, а інтэрвію», — адказаў Ціханоўскі.
Судзьдзя сказаў, што там «былі людзі, плякаты, сымболіка, выказваньні — што яшчэ неабходна, па-вашаму, каб гэта прызнаць мітынгам?».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Паглядзела яго ролік, падумала — клясны чувак!» Актывісткі кампаніі Ціханоўскіх расказваюць пра сябе«Я запісваў інтэрвію. Інтэрвію! Падыходжу да чалавека зь мікрафонам, пытаюся ў яго: „Як жывецца ў Воршы?“ — „Кепска“. Пытаюся: „Якая зарплата?“ — „Вельмі маленькая“. Ну, і далей абмяркоўваем праблемы, якія трэба ўсім вырашыць, каб пабудаваць краіну для жыцьця. Як гэта можна назваць мітынгам? У мяне ў галаве ня ўкладваецца. Чаму тады чаргу ў краме, дзе людзі стаяць і таксама скардзяцца на тое, як дрэнна жывецца ў краіне, не называюць мітынгам?» — спытаўся ў адказ Ціханоўскі.
Ціханоўскі абурыўся, што за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве асудзілі ня толькі яго, але і тых, хто хацеў зь ім сустрэцца.
«Ім цікавы я як мэдыйная асоба, але я ў шоку, што гэтых людзей цяпер асуджаюць, даюць ім суткі. Лічу, усё гэта робіцца выключна з палітычных матываў. Адбываецца запалохваньне людзей», — заявіў блогер.
Судзьдзя перапыніў яго і папрасіў гаварыць «па сутнасьці». На што Ціханоўскі папрасіў адмяніць ранейшае рашэньне суду Савецкага раёну і спыніць вытворчасьць па справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Затрыманых у справе Ціханоўскага беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьняміСудзьдзя пайшоў у дарадчы пакой і праз 5 хвілін вынес рашэньне: пакінуць апэляцыю Ціханоўскага без задавальненьня. На думку суду, Ціханоўскі «ня толькі інтэрвіюяваў удзельнікаў, але і сам выказваўся пра палітычныя падзеі ў кантэксьце мітынгаў», а правядзеньне мітынгаў зь мясцовай уладай не ўзгаднялася.
Які прысуд абскарджваў блогер
18 траўня суд Савецкага раёну Гомля за мітынгі 18 сакавіка ў Воршы і 12 красавіка ў Берасьці асудзіў Сяргея Ціханоўскага на чарговыя 15 сутак арышту. Тады Сяргей Ціханоўскі падаў апэляцыйную скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі, у якой пазначыў, што рэалізоўваў канстытуцыйнае права на свабоду правядзеньня масавых мерапрыемстваў і што, на яго думку, суд няправільна зразумеў закон і не прыняў да ўвагі Канстытуцыю Беларусі.