45 сутак на траіх. У Мазыры таемна асудзілі прыхільнікаў «Cтраны для жизни»

Фэрмэр Аляксандар Вянгура

Трох жыхароў Мазыра — Аляксандра Цуканава, Дзяніса Коласа і Аляксандра Вянгуру асудзілі на 15 сутак арышту.

«Прычым таемна, я суткі шукала мужа, які пайшоў у міліцыю забраць свой ноўтбук і ня выйшаў адтуль! Мне ў міліцыі адказвалі, што нічога ня ведаюць! Толькі сёньня я даведалася ў судзе, што Сашу далі 15 сутак, як і Дзянісу, і другому Аляксандру», — сказала Свабодзе Ірына, жонка фэрмэра Аляксандра Вянгуры.

Паводле Ірыны, яе мужу далі 15 сутак нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі і дробнае хуліганства. «Дзе ён гэта зьдзейсьніў? У міліцыі, куды пайшоў забіраць свой ноўтбук?» — пытаецца жонка Аляксандра.

Паводле якіх артыкулаў былі асуджаныя Дзяніс Колас і Аляксандар Цуканаў, пакуль невядома.

Два дні таму ў Вянгуры прайшоў ператрус.

«Наляцелі можа 18 чалавек, сярод ночы! Перавярнулі хату дагары нагамі, тэрор быў страшны», — расказваў Свабодзе фэрмэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Тэрор», затрыманьні, 900 тысяч даляраў за канапай. Як зьнішчаюць «Краіну для жыцьця»

Тады міліцыя шукала ў яго Дзяніса Папова — паплечніка Сяргея Ціханоўскага. Пазьней Дзяніс Папоў быў затрыманы. На якой падставе — невядома.

Дзяніса Коласа міліцыя затрымала 5 чэрвеня, калі ён вяртаўся зь сям’ёй з пахаваньня. Аўтамабіль спынілі супрацоўнікі ДАІ. Па словах Марыны, жонкі Дзяніса, яны казалі, што трэба паехаць у РАУС для высьвятленьня асобы. Адтуль ён ня выйшаў. У Мазыры 5 чэрвеня затрымалі і Аляксандра Цуканава — адміністратара суполак «Мозырь для жизни». Ён толькі нядаўна вызваліўся з ІЧУ, дзе адбыў 25 сутак.