Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэрор быў страшны!» Як рабілі ператрус у мазырскага фэрмэра, сюжэт пра якога здымаў Ціханоўскі


Фэрмэр Аляксандар Вянгура
Фэрмэр Аляксандар Вянгура

У вёсцы Прудок пад Мазыром у прыватным доме фэрмэра Аляксандра Вянгуры адбыўся начны ператрус. Пра Вянгуру раней здымаў сюжэт Сяргей Ціханоўскі, пасля Вангура стаў мадэратарам сацсетак «Страны для жизни».

«Тэрор быў страшны! Наляцелі 18 міліцыянтаў, але ўсе ў цывільным, увесь дом — і мой, і маці паставілі дагары нагамі», — сказаў Аляксандар Вянгура Свабодзе.

Паводле Аляксандра, падзеі разьвіваліся так. Да яго ў вёску Прудок каля 12 ночы прыехалі людзі ў цывільным, ніхто не прадстаўляўся. Іх было 18 чалавек.

«Былі і на берасьцейскіх, і на менскіх нумарах. Аказалася, яны шукалі Дзіму Папова — ён працаваў апэратарам у Сяргея Ціханоўскага. Дзіма, праўда, быў у нас, але ён зьбег. Затрымалі мяне, Аляксандра Цуранава — ён адміністратар каналу „Мозырь для Жизни“, і Дзяніса Коласа. Выпытвалі, дзе Дзіма Папоў. Перавярнулі ўвесь дом мой, забралі тэхніку, кампутар, потым уварваліся да маёй маці. Я такога тэрору яшчэ ня бачыў! Маці выкруцілі палец. У пляменьніцы забралі тэлефон. Я не разумею, што тут рабілася ноччу — гэта жах, натуральны тэрор!» — сказаў Аляксандар Вянгура.

Яго, Цуранава і Коласа апыталі ў міліцыі, пыталіся пра апэратара Дзьмітрыя Папова. Апошняга затрымалі потым пад Мазыром.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG