«Затрыманьне вядомых палітычных актывістаў ня толькі перашкаджае працы патэнцыйных кампаніяў, але і запалохвае грамадзтва», — мяркуюць у АБСЭ.
Старшыня пастаяннага камітэту дэмакратыі, правоў чалавека і гуманітарных пытаньняў Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (ПА АБСЭ) Кірыякас Хаджыяні, яго намесьнік Міхаэль Лінк і дакладчыца Кары Генрыксэн выступілі 2 чэрвеня з супольнай заявай аб выбарчай кампаніі ў Беларусі.
«Калі да важных выбараў застаецца два месяцы, крытычна неабходна, каб беларускія ўлады рабілі ўсё магчымае для забесьпячэньня паўнавартаснага і адкрытага асяродзьдзя выбарчай кампаніі, — гаворыцца ў заяве. — Мы вельмі занепакоеныя тым, што затрыманьне вядомых палітычных актывістаў ня толькі стрымлівае працу патэнцыяльных кампаніяў, але і запалохвае грамадзтва.
Таму мы заклікаем улады праяўляць максымальную стрыманасьць напярэдадні важных прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня і спадзяёмся на вальнейшую абстаноўку за тую, што мы бачылі раней».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пахвілінна. Як затрымлівалі Ціханоўскага ў ГорадніПадобную заяву зрабілі 1 чэрвеня кіраўнік дэлегацыі сувязяў зь Беларусьсю Эўрапарлямэнту Робэрт Бэдрань і дакладчык Эўрапарлямэнту аб Беларусі Аятрас Аўшравічус.
«Менш за тыдзень таму мы ўжо заяўлялі пра нашую заклапочанасьць і асудзілі рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці, — гаворыцца ў заяве. — На жаль, за апошнія дні мы сталі сьведкамі істотнага пагаршэньня сытуацыі.
Мы рашуча выступаем супраць дзеяньняў, якія былі зробленыя ў гэтыя выходныя і прывялі да затрыманьня відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, апазыцыйнага лідэра Мікалая Статкевіча, пазьней асуджанага на 15 сутак арышту, і дзясяткаў іншых людзей, якія прысутнічалі на мірных сходах для збору подпісаў па ўсёй краіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эўразьвяз патрабуе вызваліць Ціханоўскага і СтаткевічаДзеяньні ў дачыненьні Ціханоўскага і Статкевіча ў заяве называюць правакацыямі і «чарговым замахам на асноўныя свабоды», затрыманых заклікаюць неадкладна вызваліць, «непрымальную хвалю рэпрэсіяў» — спыніць.
«У выпадку далейшых адвольных арыштаў і абмежаваньняў на свабоднае ажыцьцяўленьне беларускімі грамадзянамі сваіх палітычных правоў мы ня бачым іншага шляху, акрамя як дамагацца перагляду палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі, у тым ліку новых санкцыяў у дачыненьні да службовых асобаў, адказных за рэпрэсіі», — дадаюць у заяве.