У Горадзенскай вобласьці заявілі, што ў іх жыве 11% усіх беларускіх інфікаваных COVID-19

У Горадні, ілюстрацыйнае фота

Галоўны пазаштатны інфэкцыяніст Горадзенскай вобласьці Ўладзімер Цыркуноў паведаміў 1 чэрвеня дзяржаўнаму тэлеканалу «Гродна Плюс», што ў гэтай вобласьці жыве 11% ад усіх, хто захварэў на новы каранавірус у Беларусі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 1 чэрвеня, пацьверджана 43 403 выпадкі COVID-19. 11% ад гэтага — каля 4774 чалавек.

Цыркуноў заявіў, што ў вобласьці яшчэ ня «выйшлі на плято» ў колькасьці хворых, але набліжаюцца да таго, штодзённы прырост невялікі. «Выбухнога росту» інфэкцыяў, «як гэта адбылося ў іншых рэгіёнах», няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Тры месяцы з каранавірусам. 10 фактаў пра COVID-19 у Беларусі

Пры тым афіцыйная статыстыка па абласьцях Беларусі не публікавалася больш за месяц, а статыстыка з разьбіўкай па раёнах не публікавалася ніколі. На гэта ўжо скардзіліся ў ААН. 24 красавіка, калі апошні раз паведамлялася афіцыйная статыстыка па абласьцях, у Горадзенскай было ў амаль 14 разоў менш інфікаваных — 347.

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства здароўя зь сярэдзіны траўня заяўляюць пра «выхад на плято» ў цэлай краіне, колькасьць хворых нават у статыстыцы міністэрства няспынна расьце.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апошні раз праводзіла прэсавую канфэрэнцыю аб каранавіруснай інфэкцыі 28 красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Горадзенскія мэдыкі паскардзіліся ў Адміністрацыю прэзыдэнта на «каранавірусныя надбаўкі»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Калі лекары вымруць, хто нас будзе лячыць?» Як гарадзенцы ратуюць мэдыкаў у час пандэміі