Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенскія мэдыкі паскардзіліся ў Адміністрацыю прэзыдэнта на «каранавірусныя надбаўкі»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Каля 200 супрацоўнікаў хуткай дапамогі з Горадні напісалі зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай разабрацца і справядліва ім заплаціць за «каранавірусную нагрузку». Горадзенскія ўлады сабралі мэдыкаў на сход.

Мэдыкі: выплаты разьлічылі няправільна

Пад зваротам падпісалася каля 200 супрацоўнікаў Горадзенскай абласной станцыі хуткай мэдычнай дапамогі. Як вынікае са звароту, гэта лекары, фэльчары, санітары, кіроўцы.

Яны засталіся незадаволеныя памерам выплат, якія ім меліся налічыць паводле ўказу прэзыдэнта №131 ад 16.04.2020 «Аб матэрыяльным стымуляваньні работнікаў аховы здароўя». На думку падпісантаў, надбаўкі некаторым былі разьлічаныя няслушна, без уліку іхняга «ўдзелу ў працы, тых рызыкаў, якія яны зазналі і працягваюць зазнаваць».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Максымальная сума, якую, паводле згаданага ўказу, можна атрымаць за працу з каранавірусам за месяц, сягае 3 тысяч рублёў для ўрачоў-спэцыялістаў, 2 тысячы рублёў для мэдыкаў зь сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй, 1 тысячы для іншых работнікаў (санітаркі, кіроўцы, дэзынфэктары ды іншыя).

У звароце мэдыкі абурыліся, што ім заплацілі надбаўкі не за ўвесь працоўны час, а толькі за час, праведзены ў кантакце з заражанымі пацыентамі. Да таго ж здараюцца выпадкі, калі дыягназ COVID-19 ня ставіцца, бо ў чалавека «з тыповай сымптаматыкай» проста не бяруць тэст, або ў пацыента, які паступіў зь іншай хваробай, каранавірус выяўляюць пазьней. Усіх пацыентаў варта разглядаць як патэнцыйна заражаных каранавірусам, мяркуюць мэдыкі. У тым ліку праз такія выпадкі, паводле іх словаў, ім няправільна падлічылі надбаўкі.

Таксама мэдыкі паскардзіліся, што калі ў іхнага калегі пацьвярджаецца тэст на каранавірус, у астатніх, хто зь ім камунікаваў, тэст чамусьці не бяруць.

«Многія не зразумелі, як менавіта ім будуць налічваць надбаўкі»

Як сказаў Свабодзе адзін з фэльчараў Горадзенскай станцыі хуткай дапамогі, пасьля таго як яны адправілі свой зварот, 25 траўня супрацоўнікаў «хуткай» сабралі на агульны сход. На ім прысутнічалі прадстаўнікі горадзенскай улады, у тым кіраўніца сыстэмы аховы здароўя Горадзенскай вобласьці Алена Краткова.

Удзельнікам сходу патлумачылі, што пры выплатах за каранавірус кіруюцца ня толькі ўказам №131, але і тлумачэньнем Міністэрства аховы здароўя.

Фэльчар кажа, што калі выйшаў указ, многія не зразумелі, як менавіта ім будуць налічваць надбаўкі. Цяпер ім патлумачылі, што сума залежыць ад колькасьці зьменаў, у якія мэдык меў дачыненьне з каранавірусам. Прыкладам, фэльчар за адну зьмену можа атрымаць дадатковых 150 рублёў, за 2 — 300, за 3 — 450, за 4 — 600. Максымальную суму (2 тысячы для фэльчараў) можна атрымаць за 5 і больш зьменаў.

Як сказаў суразмоўца, заробак горадзенскага фэльчара за стаўку складае 600–700 рублёў. Многія мэдыкі працуюць на паўтары стаўкі або маюць яшчэ адну працу. Таму гэтыя надбаўкі для іх істотныя.

На сходзе патлумачылі, што калі грошы за нейкія выезды не налічылі ў траўні, сумы перагледзяць і выплацяць у чэрвені або пазьней, «калі ўсё скончыцца».

Сярод мэдыкаў ходзяць чуткі, што 26 траўня ў Горадню празь іхны зварот прыедзе міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік.

За красавік выплацілі 40 тысяч рублёў «за каранавірус»

Як сказаў БелаПАН галоўны лекар Горадзенскай абласной станцыі хуткай мэдычнай дапамогі Аляксандар Байгін, усім супрацоўнікам выплачваецца надбаўка пры працы з інфэкцыяй і кантактамі першага ўзроўню, згодна з указам прэзыдэнта №131 ад 16.04.2020 «Аб матэрыяльным стымуляваньні работнікаў аховы здароўя» і тлумачэньнямі Міністэрства аховы здароўя. За красавік мэдыкам Горадзенскай абласной станцыі хуткай дапамогі выплацілі больш за 40 тысяч рублёў надбавак за працу з каранавірусам.

Аляксандар Байгін дадаў, што ўсе супрацоўнікі хуткай дапамогі як мае быць забясьпечаныя сродкамі індывідуальнай засьцярогі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG