Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік 21 траўня пракамэнтаваў сытуацыю з выплатамі мэдыкам за працу з пацыентамі, інфікаванымі COVID-19.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як перадае БелТА, Каранік заявіў, што наведваў мэдычныя ўстановы і пытаў, ці атрымлівалі мэдыкі надбаўкі, прадугледжаныя адпаведным указам.
«Пачынаючы з санітаркі і заканчваючы загадчыкам аддзяленьня, яшчэ ніхто не сказаў, што заплацілі менш, чым трэба паводле ўказу», — заявіў Каранік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мэдыкі чакалі большых даплат. Даведаліся ў прафсаюзаў, хто атрымае 600 рублёўПаводле Караніка, пахвілінная даплата можа ісьці ў іншых краінах, у Беларусі ж даплочваюць за зьмены:
«Калі цягам зьмены мэдычны пэрсанал кантактаваў з пацыентам з каранавірусной інфэкцыяй, аплата ідзе за ўсю зьмену, — тлумачыў Каранік. — То бок, не за тыя хвіліны, паўгадзіны ці гадзіну, пакуль яны займаліся аказаньнем мэдычнай дапамогі. Калі такіх зьменаў цягам месяца было больш за 30%, аплата ідзе за ўвесь месяц — гэта значыць поўная аплата».
У такой схеме Каранік пабачыў «прынцып сацыяльнай справядлівасьці» і запэўніў, што ўсе, хто кантактаваў з пацыентамі, інфікаванымі COVID-19, атрымаюць даплату, за зьмены ці за месяц.
Ён дадаў, што калі брыгада «хуткай дапамогі» перавозіла пацыента з пнэўманіяй, на той момант не дыягнаставанай як каранавіруснай, але пазьней выявілася каранавірусная інфэкцыя, мэдыкам налічаць даплату пазьней.
Тым, хто лічыць, што недаатрымаў даплату, Каранік параіў зьвяртацца ў прафсаюз, адміністрацыю мэдычнай установы, абласное ўпраўленьне аховы здароўя ці наўпрост у міністэрства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Скаргу расейскіх мэдыкаў на адсутнасьць выплат кваліфікавалі як экстрэмізм
Пра сытуацыю ў Бабруйску, дзе мэдыкі не далі БТ зьняць «прыгожы» сюжэт пра даплаты
Днём раней партал Tut.by расказваў пра канфлікт у Бабруйску, дзе ў супрацоўнікаў «хуткай дапамогі» выклікала абурэньне спроба брыгады зь дзяржаўнай тэлевізіі «зьняць прыгожую карцінку» пра даплаты. 13 траўня працаўнікі ўсіх трох бабруйскіх падстанцыяў «хуткай дапамогі» напісалі зварот у адміністрацыю Лукашэнкі наконт малых сумаў даплатаў за каранавірус або адсутнасьць даплатаў. 19 траўня пасьля спробы чыноўнікаў па-новаму трактаваць указ пра даплаты яны напісалі новы калектыўны ліст. 20 траўня мэдыкаў хацелі сабраць «для тлумачэньняў» у памяшканьні — яны ж сабраліся на вуліцы.
Тады мэдыкі пабачылі супрацоўнікаў БТ, якія «не заўважылі» дзьве сотні незадаволеных, а ўзялі ў кадр толькі двух чалавек, у якіх былі самыя вялікія даплаты. Паводле Tut.by, калі астатнія сталі выказвацца на камэру, супрацоўнікі БТ спынілі здымкі і сышлі.
21 траўня Каранік заявіў, што з 290 супрацоўнікаў «хуткай» у Бабруйску 118 чалавек атрымалі даплаты за красавік — «тыя, хто напраўду аказваў дапамогу пацыентам з каранавіруснай інфэкцыяй», і парушэньняў у гэтым ня выявілі. Калі ж надалей будуць выяўленыя парушэньні, іх разглядзяць.
«Для гэтага ёсьць вызначаны законам арбітраж і мэханізм атрыманьня даплатаў. І ў гэты мэханізм сродкі масавай інфармацыі не ўваходзяць», — дадаў Каранік.