Супраць яшчэ аднаго юнака распачалі справу за распаўсюд фільму Nexta

Фігура блогера Nexta перад сустрэчай кандыдатаў у дэпутаты, Менск, 8 лістапада 2019 году

На 19-гадовага менчука Андрэя Міхалевіча склалі пратакол за «пашырэньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 17.11 КаАП), бо апублікаваў «УКантакце» фільм блогера Nexta «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Зь Міхалевічам правёў прафіляктычную гутарку ўчастковы А. Шалей. Паводле артыкулу за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» юнаку пагражае арышт або штраф ад 270 да 1350 рублёў з магчымай канфіскацыяй «сродку ўчыненьня парушэньня».

Міхалевіч сьцьвярджае, што апублікаваў відэа яшчэ 28 кастрычніка 2019 году, а рашэньне аб прызнаньні стужкі «экстрэмісцкай» набыло моц 7 сьнежня, і пра гэтае рашэньне ён ня ведаў. Калі супрацоўнік міліцыі першы раз патэлефанаваў яму, хлопец выдаліў відэа.

У мінулым месяцы за той самы фільм у Гомлі аштрафавалі на 405 рублёў электрамантэра «Гомсельмашу» Ігара Мазейку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму яшчэ нельга скакаць? Што такое «экстрэмісцкі матэрыял» у Беларусі — 10 прыкладаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 кліпаў «нізкага мастацкага ўзроўню». І нават нешта горшае. ВІДЭА 18+